Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачнецца перазагрузка беларуска-ўкраінскіх адносін?


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы 26 красавіка

Саміт Беларусь-Украіна адбыўся на надзвычай неспрыяльным палітычным і інфармацыйным фоне. Якія задачы і надзеі ўскладалі на гэтую сустрэчу прэзыдэнтаў Менск і Кіеў? Пра што дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка? Ці існуе праблема ваеннай пагрозы Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і журналіст Юры Сьвірко з Кіева.

Якія надзеі ўскладалі на гэтую сустрэчу прэзыдэнтаў Менск і Кіеў?

Валер Карбалевіч: «Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны сустракаліся два гады таму падчас саміту „нармандзкай чацьвёркі“ ў Менску ў лютым 2015 году. Палітычны фон двухбаковых адносін напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі быў неспрыяльны, як ніколі за апошнія тры гады пасьля Крыму. Беларускія дзяржаўныя мэдыі, у зьвязку з вулічнымі акцыямі пратэсту, выдалі шэраг прапагандысцкіх матэрыялаў, якія ў вельмі зьневажальным выглядзе паказвалі сытуацыю ва Ўкраіне. Падчас масавай зачысткі ў Менску былі затрыманыя ўкраінскія грамадзяне. У антыўкраінскую кампанію ўключыўся і сам Аляксандар Лукашэнка. Ён казаў, што ва Ўкраіне, Польшчы і Літве створаны лягеры баевікоў, якіх засылаюць у Беларусь. Паводле ягоных заяваў, з Украіны сюды ўвесь час ідуць патокі зброі. Лукашэнка называў нейкія фантастычныя лічбы ўкраінскіх уцекачоў, якія нібыта прыехалі ў Беларусь.

Зь іншага боку, 20 красавіка сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што сумесныя расейска-беларускія вучэньні „Захад-2017“ могуць быць падрыхтоўкай да наступальнай апэрацыі супраць Украіны.

І вось на такім фоне адбываецца гэты саміт. Што, здаецца, не зусім лягічна. Якія чыньнікі спрацавалі на карысьць гэтай сустрэчы?»

Андрэй Фёдараў: «Не сказаў бы, што гэта нелягічна. Калі ёсьць праблемы, і іх трэба вырашаць, і іх вырашэньне патрабуе перамоваў на вышэйшым узроўні, то трэба сустракацца.

Праблем сапраўды набегла. Але вось тое, што вы, Валер, пералічылі, не было асноўнай тэмай перамоваў. Ня думаю, што абмяркоўвалася пытаньне экспарту «каляровай рэвалюцыі» з Украіны ў Беларусь.

А галоўнай тэмай перамоваў была якраз тая, якую ўзгадваў сп. Турчынаў: небясьпека ваеннай пагрозы Расеі Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі. Такая небясьпека сапраўды існуе, хоць назваць яе вельмі верагоднай я б асьцярогся.

Бо цяпер для Расеі ўкраінскае пытаньне адышло на другі плян. Ня так інтэнсіўна Захад падтрымлівае Ўкраіну. Таму ў Масквы няма матываў для далейшага абвастрэньня адносін з Захадам дзеля Ўкраіны.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Юры Сьвірко: «Таксама лічу, што пытаньне пра баевікоў, якія нібыта рыхтуюцца ва Ўкраіне, не абмяркоўвалася. У Кіеве цудоўна разумеюць, што ўсе лукашэнкаўскія антыўкраінскія тырады былі разьлічаныя на ўнутранага беларускага спажыўца.

Кіраўніцтва Ўкраіны таксама выкарыстоўвала гэтыя перамовы ва ўнутрыпалітычных мэтах. Парашэнку важна было паказаць, што ўкраінская дзяржава клапоціцца пра чарнобыльцаў.

Цікава, што на афіцыйным сайце Парашэнкі былі такія загалоўкі: «Лінія Менск-Кіеў — гэта вось дабра». Раней Беларусь залічвалі ў «вось зла», якая складалася з краін-ізгояў. Парашэнка ў прамове назваў беларускі народ «міралюбным», а Лукашэнку — «высокадастойным».

Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Вынікі перамоваў

Карбалевіч: «Сапраўды, саміту спадарожнічаў удалы піяр. Гадавіна Чарнобыльскай катастрофы складала добры гуманітарны фон. А якія вынікі сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны? Пра што дамовіліся?»

Фёдараў: «З афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу цяжка зрабіць нейкія дакладныя высновы. Хоць Лукашэнка і запэўніваў, што зь беларускай тэрыторыі Ўкраіне нічога не пагражае, але калі Пуцін пажадае ажыцьцявіць ваенны напад на Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі, Менску будзе цяжка супраціўляцца.

Гандлёвыя дачыненьні разьвіваюцца пасьпяхова. І мінулым годам, і ў 2017 годзе рос гандлёвы абарот паміж краінамі. Абодва бакі настроеныя на супрацоўніцтва».

Сьвірко: «Галоўнае, што атрымала Ўкраіна, — гэта запэўніваньне Лукашэнкі, што ваеннай пагрозы зь беларускай тэрыторыі няма. Хоць у Кіеве цудоўна разумеюць, што ня ўсё залежыць ад Менску. Кіеўская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю, і адчуваньне пагрозы з поўначы ў Кіеве рэальна існуе.

Парашэнка называў беларускі народ сяброўскім, і Лукашэнка таксама казаў пра ўкраінцаў — „сябры“. Украіне цяжка пераацаніць ролю Беларусі. Авіяпаток пасажыраў з Украіны ў Расею і назад адбываецца празь Беларусь. Украіна шмат залежыць ад беларускіх нафтапрадуктаў. Можна нават сказаць зь невялікім перабольшваньнем, што ўкраінскія танкі на Данбасе запраўленыя беларускім дызэльным палівам, якое атрымалася ад перапрацоўкі расейскай нафты. Хоць Беларусь і ідзе ў фарватары расейскай палітыкі, але заявы Лукашэнкі падчас перамоваў гучалі так, што і Расеі няма да чаго прычапіцца, і ўкраінцам прыемна».

Якія пэрспэктывы Менскага працэсу?

Карбалевіч: «Сярод экспэртаў дамінуе думка, што Менскія дамоўленасьці па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу не працуюць. Дык якія пэрспэктывы Менскага працэсу? Ці можна яго рэанімаваць? Якая тут роля Менску?»

Фёдараў: «Па вялікім рахунку, Менскі працэс заглух. Толькі па дробных пытаньнях удаецца дамовіцца. Беларусь, акрамя пляцоўкі, нічога прапанаваць ня можа».

Сьвірко: «Ня згодзен. Менскія пагадненьні працуюць. Хацеў бы ў зьвязку з гэтым правесьці аналёгію. 25 гадоў таму ў выніку Белавескіх пагадненьняў быў ліквідаваны СССР і створана СНД. Усе кажуць, што СНД не працуе. Але СНД працуе як мэханізм цывілізаванага разводу, у выніку якога ўдалося прадухіліць вялікую вайну пры распадзе Савецкага Саюзу.

Так і Менск-1, і Менск-2 па Данбасу працуюць. У выніку іх спыненая поўнамаштабная вайна, хоць і працягваюцца лякальныя ваенныя сутыкненьні на Данбасе».

Фёдараў: «Я меў на ўвазе, што Менскія пагадненьні ня здольныя рэалізаваць усеагульнае ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG