Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква не прапануе нічога вартага Менску, каб прынесьці Кіеў у ахвяру нацыянальным інтарэсам, — экспэрт


Андрэй Ягораў

У часе сустрэчы ва ўкраінскім Чарнобылі, а пасьля і ў беларускіх Ляскавічах кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны стараліся абмінаць тэму напружанасьці ў стасунках з Расеяй. Аднак ці рэальна дыстанцыявацца ад расейскага фактару, калі выпала магчымасьць пакантактаваць сам-насам?

Вось што пра гэта мяркуе палітычны аналітык, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

— На перамовах Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка публічна не агучвалі стаўленьне да Расеі. Але ці магла гэтая тэма прысутнічаць у фармаце перамоваў сам-насам?

— Думаю, расейская тэма ня толькі можа прысутнічаць у абмеркаваньнях, а яна дакладна там прысутнічае. Справа ў тым, што Расея — непасрэдны фактар уплыву на беларуска-ўкраінскія адносіны. Напрыклад, недалучэньне Беларусі да рознага кшталту санкцыйных дзеяньняў Расеі супраць Украіны. Альбо выступленьне Беларусі ўскосным каналам пастаўкі ўкраінскіх тавараў на расейскі рынак. Натуральна, усё гэта абмяркоўваецца, бо праз гэта і Беларусь цярпіць, і Ўкраіна, што так ці іначай ускладняе двухбаковыя адносіны. Таму расейская тэма, безумоўна, ёсьць. Яе проста ня можа ня быць.

— Іншымі словамі, у нейкім сэнсе Беларусь і Ўкраіна, як кажуць, сябруюць супраць Расеі?

— Не, не зусім так. Проста ў Беларусі і Ўкраіны ёсьць уласныя нацыянальныя інтарэсы. Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны — яно, па вялікім рахунку, узаемавыгаднае. Цяпер Расея ўскладняе гэтае супрацоўніцтва і пры гэтым ня можа забясьпечыць нейкіх выгадаў для Беларусі, калі б тая раптам пажадала разарваць дзеля Расеі стасункі з Украінай. Масква не прапануе нічога вартага для Беларусі, каб можна было гэтак ахвяраваць нацыянальнымі інтарэсамі.

— Падобнага кшталту кантакты вышэйшых асобаў Беларусі і Ўкраіны нэрвуюць гаспадароў Крамля?

— Так, нэрвуюць. Але, зноў жа, у Беларусі ёсьць дастаткова ясныя тлумачэньні такім кантактам. Яны зьвязаныя і з агульнай мяжой, і з гандлёвым абаротам, і зь міграцыяй, і зь іншымі формамі культурніцкага супрацоўніцтва. Гэта апрыёры ставіць Беларусь у сытуацыю, калі мы фізычна ня можам не кантактаваць з Украінай.

XS
SM
MD
LG