Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: «Ніхто і ніколі не пасварыць Украіну ды Беларусь»


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка падчас супольнага наведваньня Чарнобыльскай АЭС. 26 красавіка 2017 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе пра эфэктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны ў межах Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у галіне радыяцыйнай бясьпекі пасьля чарнобыльскай катастрофы.

«Летась менавіта на ініцыятыву Беларусі Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра доўгатрывалыя наступствы чарнобыльскай катастрофы. Гэта сьведчаньне таго, што супольнымі намаганьнямі мы можам эфэктыўна супрацьдзейнічаць сучасным выклікам, найперш у сфэры бясьпекі», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня падчас супольнага наведваньня зь беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам Чарнобыльскай АЭС.

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што беларуска-ўкраінскае партнэрства грунтуецца на вельмі трывалым падмурку: «на падмурку нашага сяброўства, майго і Аляксандра Рыгоравіча, — мы сапраўдныя сябры».

Пятро Парашэнка ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі нагадаў, што «сёньня супраць Украіны вядзецца неаб’яўленая вайна», але пазьбег традыцыйнага для яго ўдакладненьня пра расейскую агрэсію: «Гэта мы, украінцы, цяпер змагаемся за нашу незалежнасьць, за наш сувэрэнітэт, за тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы, за вызваленьне ўкраінскага Данбасу і Крыму. Мы зноў пахавалі тысячы загінулых і зноў маем сотні тысяч вымушаных уцекачоў, чыя бяда ёсьць наўпроставым сьледзтвам агрэсіі супраць Украіны».

«Упэўнены, што мы разам утаймуем і гэтага дэмана, і для нас надзвычай важна, і я ў гэтым упэўнены, што ўкраінска-беларуская мяжа была, ёсьць і заўсёды будзе мяжой дружбы, мяжой добрасуседзтва, мяжой нашага надзейнага партнэрства і, падкрэсьліваю — мяжой міру. Ніхто і ніколі Украіну і Беларусь не пасварыць. Я падкрэсьліваю, што атрымаў цьвёрдае запэўненьне і пацьвярджэньне ад прэзыдэнта Беларусі — ніхто і ніколі ня зможа ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Гэтага не дапусьціць міралюбівы народ Беларусі і дасьведчаны, высокадастойны прэзыдэнт Лукашэнка», — заявіў Пятро Парашэнка.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што беларусы «могуць прыехаць ва Ўкраіну толькі на трактарах». «Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, Пятро Аляксеевіч, але я хачу публічна сказаць, што беларусы ня могуць дзейнічаць неяк інакш, чым рабілі дагэтуль. Мы родныя людзі, можам толькі на трактары прыехаць для мірнай працы», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Нам як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя бойкі, спыніць высьвятленьне адносінаў са зброяй, спыніць глядзець з асьцярогай адзін на аднаго. У нас выдатная залатая зямля, на якой заўсёды ў дастатку жылі нашыя людзі. Будзьце ўпэўненыя, Пётр Аляксеевіч і ўвесь украінскі народ, мы будзем працаваць, што робім і цяпер, у тым ліку і паводле вашай просьбы», — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што ва ўкраінскіх уладаў няма падстаў для папрокаў на ягоны адрас: «Вы мяне ня зможаце папракнуць, што я ня выканаў хаця б адно вашае даручэньне ці просьбу ў міжнародным дачыненьні ці ў працы кантактнай групы, калі вы папрасілі, каб мы забясьпечвалі яе працу».

«Скажыце, што мы яшчэ можам зрабіць, калі, вядома, мы можам быць здольныя, у імя міру і дружбы нашых народаў, і мы абавязкова гэта зробім. Мы заўсёды будзем верныя запаветам нашых прадзедаў, дзядоў, нашых бацькоў. І памятайце, што ўкраінская зямля для мяне не чужая. Тут закапаны, дзесьці зусім побач, паміж Кіевам і Чарнігавам, і карані маіх продкаў, таму мы будзем рабіць усё ў імя таго, каб у нас заўсёды быў мір і прыстойныя адносіны», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG