Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка запрасіў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку наведаць летам Украіну з афіцыйным візытам.

Пасьля перамоваў з Лукашэнкам украінскі прэзыдэнт сказаў журналістам, што беларускаму і ўкраінскаму бакам цяпер трэба распрацаваць парадак дня і падрыхтаваць неабходныя дакумэнты, падпісаньне якіх будзе спрыяць пашырэньню супрацоўніцтва.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён дамовіўся з прэзыдэнтам Украіны пра тое, каб актывізаваць працу міжурадавай камісіі.

«Тут давядзецца вельмі шмат папрацаваць спэцыялістам і экспэртам, таму што летам мы маем намер у Кіеве правесьці чарговую сустрэчу, на якой прымем рашэньне па тых пытаньнях, па якіх намечаны пляны», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Таксама Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка абмеркавалі магчымасьці экспарту ўкраінскай электраэнэргіі ў Беларусь. Бакі дамовіліся пра ўзаемадзеяньне ў галіне энэргетычнай бясьпекі, пра пашырэньне прысутнасьці Беларусі на ўкраінскім рынку нафтапрадуктаў.

Кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны прынялі сумесную заяву пра тое, што неабходна працягваць ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтае пытаньне закраналася ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС.

«Сёньня адбыўся важны дыялёг, які тычыцца бясьпекі ядзерных аб’ектаў, магчымага супрацоўніцтва ў эксплёатацыі, будаўніцтве, абыходжаньні зь ядзернымі адкідамі. Мы дамовіліся працягнуць вельмі важную дыскусію на ўзаемавыгаднай аснове», — сказаў Парашэнка.

XS
SM
MD
LG