Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцёкі ад «мірнага атаму» — успамінаюць чарнобыльскія перасяленцы


Вуцеўскі СДК. Сустрэча перасяленцаў
Вуцеўскі СДК. Сустрэча перасяленцаў

Пра свае ўцёкі ад «мірнага атаму» згадвалі перасяленцы ў Вуцеўскім сельскім доме культуры на вечарыне, якая адбылася напярэдадні 31 гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ініцыятыву падтрымала асьветніцкае грамадзкае абʼяднаньне «Фонд імя Льва Сапегі».

Чарнобыльскі перасяленец, настаўнік Адам Варанец зь вёскі Вуць Добрускага раёну разам з аднавяскоўцамі адраджае культуру, зьбірае побытавыя рэчы з паселішчаў, якія пазьнікалі пасьля радыяцыйнай катастрофы. Запісаныя ім успаміны чарнобыльскіх уцекачоў неўзабаве выйдуць асобным зборнікам.

Вуць
Вуць

«Старты надзеяў» пад радыяцыйным дажджом

Да траўня 1986 году Адам Варанец з жонкай Клаўдзіяй настаўнічалі ў вёсцы Астрагляды Брагінскага раёну. Жылі, як і іншыя пэдагогі, у старой школе, прыстасаванай пад кватэры, гадавалі дачку й сына. Чарнобыль перакроіў усе пляны.

Экспазыцыя артэфактаў — апавядае Клаўдзія Варанец
Экспазыцыя артэфактаў — апавядае Клаўдзія Варанец

«Гэта здарылася зь пятніцы на суботу, — кажа Клаўдзія Варанец. — Выдаўся пагодлівы дзень. Мы ў двары каля калодзежа заняліся праньнем. Дзеці нашыя, малыя яшчэ, гулялі побач. Ну, тады й прынесьлі першыя чуткі, што ў Чарнобылі здарылася нейкая аварыя. Што й як — ніхто нічога не паведамляў.

А на 1 траўня настаўнікаў і школьнікаў паклікалі ў Брагін ладзіць спаборніцтвы на стадыёне, якія назвалі „Старты надзеяў“. Я тады працавала піянэрважатаю. Было вельмі горача, дзеці трацілі прытомнасьць, у некаторых з носа ішла кроў. Мы не разумелі, што адбываецца. Выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Мэдыкі тлумачылі: маўляў, на вуліцы горача, хавайцеся ў цень, дзе меней сонца. Калі вярталіся з гэтых спаборніцтваў і ўжо выйшлі з аўтобуса, трапілі зь дзецьмі яшчэ й пад дождж. Радыяцыйны, як аказалася.

Прыяжджаю дадому, а муж Адам і кажа, што памыў дзяцей пад дажджом. Яны ў пяску гулялі, усе ў пыле. Ня ведалі, які гэты пыл і дождж. Непісьменныя былі ў пытаньнях радыяцыйнай бясьпекі.

Ужо 9 траўня нам сказалі сабрацца ў школе, каб вызначыцца, як адправіць дзяцей у піянэрскія лягеры. Я гэта памятаю да дробязяў. Дырэктар прыехаў з райцэнтру і пераказаў патрабаваньне ўладаў. Трэба было забіраць дзяцей ад бацькоў і адвозіць у лягеры. Чакалі адпраўкі з раніцы гадзіны да васемнаццатай. З сабою нічога ня бралі. Папярэдзілі: „Усё заражанае радыяцыяй, з сабою нічога нельга браць“. Так улегцы і стартанулі».

Перад эвакуацыяй у Тацяны Старавойтавай нарадзіліся блізьняткі, ім толькі месяцы два было. Яны плачуць. Мы ўсе сядзім, чакаем.

Падвечар прыйшла каманда: «Адбой, радыяцыі няма». Усе абрадаваліся, пайшлі дадому адзначаць сьвята Перамогі.

11 траўня дырэктар школы прывозіць новае распараджэньне: трэба выяжджаць. Выпраўляе настаўнікаў па хатах перадаць новую каманду: «Назаўтра зьбірацца ў дарогу». Хадзілі па навакольных вёсках да трэцяй гадзіны ночы, усе пешшу, бо транспарту ня мелі. Грукаем у дзьверы, расказваем, а бацькі плачуць: «Куды іх? Навошта?»

Клаўдзія працягвае, ня стрымліваючы сьлёз:

«Я цяпер думаю: „Чаму я тады не забрала сваіх дзяцей і ня зьехала?“ І бальшыня бацькоў не забрала, не адвезла далей ад Чарнобылю? Трымаў абавязак перад іншымі дзецьмі? Канечне, і гэта было. Урэшце я адвезла сваіх дзяцей да матулі на Гарадзеншчыну, а сама вярнулася, каб быць у лягеры з школьнікамі.

У той часам па тэлевізары паказвалі, як саўгас наш садзіць капусту, памідоры. І мая мама, калі я тэлефанавала, папракала мяне: „Што ты паніку наводзіш? Вунь па тэлевізары паказваюць, што ў вас капусту садзяць, а ты паніку наводзіш“.

Перасялілі нас у Добрускі раён. Сустрэлі, канечне, тут добра. Пакуль дамы дабудоўвалі, месяц жылі на кватэры ў Гардунах. І дагэтуль сябруем з гаспадарамі. Але ж Чарнобыль дагнаў. Дачка, што ў маленстве ў пяску гуляла, захварэла на анкалёгію. Тры апэрацыі перанесла».

Перасяленьне за перасяленьнем

Вялікую вёску Астрагляды перасялялі ў Добрускі раён збольшага вуліцамі альбо нават паловай вуліцы. Адных у Вуць, іншых у Перарост, Кругавец, Чырвоную Буду, Церахоўку. Некаторых перавезьлі нават на паўночны ўсход ад райцэнтру — у вёску Дубовы Лог, дзе, як выявілася, радыяцыі не нашмат меней, чым у Астраглядах. Іх давялося перасяляць яшчэ раз — у Насовічы.

Адам Варанец і Андрэй Завадзкі, каардынатар праектаў Фонду імя Льва Сапегі
Адам Варанец і Андрэй Завадзкі, каардынатар праектаў Фонду імя Льва Сапегі

«З Астраглядаў, — кажа Адам Варанец, — у Вуць, дзе жыве цяпер мая сямʼя, пераехалі разам з намі дваццаць пяць семʼяў, шэсьцьдзесят чатыры чалавекі. Цяпер тут засталося толькі 34 перасяленцы, астатнія перабраліся ўжо ў лепшы сьвет. Так і ў іншых вёсках».

Людзі калі пераяжджалі з Брагінскага раёну, то бралі з сабою рэчы, якімі карысталіся ў побыце — калаўрот, цэп, бойку, жбан, мэталёвы прас, які разаграваўся вугольлем. Нават лапці лазовыя прывезьлі. Гэтыя ды іншыя артэфакты грамадзкая суполка вясковай інтэлігенцыі «Далягляд», якую ачольвае Адам Варанец, сабрала ў былых прыежджых жыхароў. Па прызначэньні яны ўжо не выкарыстоўваюцца, а як гістарычныя памяткі акурат згадзіліся.

Разам з дырэктарам Дому культуры Вольгай Лемяшковай, перасяленкай другой хвалі, аформілі адмысловую выставу. Запісалі і ўспаміны чарнобыльскіх уцекачоў.

«Усю тую матэрыяльную і духоўную культуру, якой жылі й жывіліся ў свой час брагінскія перасяленцы, мы павінны захаваць», — перакананы Адам Варанец.

Ганна Смусянок (зьлева) і Ніна Вашчанка
Ганна Смусянок (зьлева) і Ніна Вашчанка

Пакуль у сельскі ДК зьяжджаюцца перасяленцы, каб пабачыцца, пагаманіць, былая бібліятэкарка Астраглядзкай сярэдняй школы Ганна Смусянок, якая зь сямʼёй пасьля Чарнобыля пераехала ў Перарост, заводзіць песьню: «Ехаў бацька па лучыну, а сын ехаў па дзяўчыну. О-ха, о-ха, о-ха-ха». Ёй падпявае аднавяскоўка Ніна Вашчанка.

«Гэтую песьню мы часьцяком сьпявалі ў Астраглядах. Сьпяваем і цяпер пад настрой у Пераросьце», — кажа Смусянок.

Гулянка на фоне начнога зарыва

Аляксандар Байдак
Аляксандар Байдак

Яшчэ адзін перасяленец, былы саўгасны інжынэр-электрык Аляксандар Байдак, згадвае, што ў ноч аварыі на ЧАЭС моладзь ладзіла на прыродзе гулянку:

«Пасьля поўначы ўбачылі падсьвечанае неба. Зарыва такое. Гадалі яшчэ: гэта Камарын так сьвеціцца ці ўкраінцы перадсьвяточныя агні запалілі? Чуваць былі й два далёкія выбухі, нібы водгульле грому. Я яшчэ казаў хлопцам: «Дарма парасоны не ўзялі, навальніца будзе». Ніхто пра Чарнобыль тады й не здагадваўся. Пад раніцу, калі вярталіся дамоў, пяршыла ў горле. Падумалася: «Прастудзіўся».

«Кароў даілі наўпрост на зямлю»

Да чарнобыльскай катастрофы Лідзія Бордак жыла ў Стралічаве Хойніцкага раёну. Цяпер гэта, па сутнасьці, апошняя вялікая вёска перад выселенай зонай.

Лідзія Бордак
Лідзія Бордак

«Сьвёкар мой вазіў машынаю хлеб па раёну, — успамінае Лідзія Бордак. — Прыяжджае з поўдня і расказвае, што на станцыі ў Чарнобылі вялікі пажар. Насьцярожыліся, канечне. Але неяк трывога ўляглася: да станцыі той усё-ткі сорак пяць кілямэтраў. Здавалася, далёка. У мяне на руках двухмесячная дачушка. А тут і мужу загадваюць рыхтаваць машыну, каб перавозіць жывёлу.

Першага траўня сказалі прыйсьці на школьны стадыён на мітынг. І я, не падумаўшы, таксама пайшла. Ніякіх абвестак пра трагедыю. А недзе яшчэ праз два дні пачалася паніка. Празь вёску сталі везьці аўтобусамі дзяцей, потым дарослых. Грузавыя машыны перавозілі жывёлу. З паўднёвых паселішчаў зьявіліся першыя ўцекачы, у якіх, апроч дакумэнтаў, з сабою нічога іншага не было — ні адзежы на пераменку, ні пасьцелі.

На поле блізу вёскі прывезьлі вялікі статак кароў. Нядоеныя, яны так раўлі, што ноччу спаць не давалі. Жанкі, старэйшыя й маладзейшыя, сталі хадзіць на пашу і выдойваць кароў проста на зямлю.

Чацьвёртага траўня быў Вялікдзень, і я сабралася ўжо з дачкою ратавацца. З украінскага Харкава прыехала родная сястра на „Запарожцы“. Вось мы й паехалі — шаснаццаць гадзін у дарозе з малым дзіцем. Сьпякота стаяла. Пялёнкі мокрыя высыхалі ў машыне.

Сустрэлі нас добра. Адразу прыйшла жанчына з сацыяльнай службы, перапісала мае пашпартныя зьвесткі, каб падабраць жытло. Але пабыла я ў Харкаве толькі месяц — хацелася дадому. Прыехаў муж, забраў нас з дачкою.

У Гомлі на вакзале пабачылі, што дзяцей з Хойнікаў вывозяць у лягеры. Зразумела, што з малым дзіцем мне ўжо нельга вяртацца ў Стралічава.

А куды? Узялі таксоўку і прыехалі ў Церахоўку да мужавай сястры. Яны яшчэ спалі, калі мы пагрукаліся. У яе й засталіся на першым часе. І вось ужо 31 год жывём у Церахоўцы.

Тут у нас нарадзіліся яшчэ двое дзетак. Усе трое ўжо дарослыя, скончылі школу, інстытуты, маюць свае семʼі. Хачу нізка пакланіцца церахоўцам за тое, што добра нас прынялі, ніколі ня крыўдзілі. Дзякуй усім! Беларусы — людзі цярплівыя, якое б гора ні здарылася. Трэба жыць».

Вёска Вуць. Астраглядаўская вуліца
Вёска Вуць. Астраглядаўская вуліца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG