Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы любім нашу АЭС. Мы, беларусы. Але калі яшчэ не да канца, то палюбім. Таму што мы любім «бацьку», а ўсё, што любімае ім, і нам любае. Абуджаецца паэтычная думка. Мы, беларусы, нацыя паэтаў!

«... Взялась страна за великое дело —

Атомную энергетику твердо развить.

И скажем сегодня гордо и смело:

АЭС в Беларуси, конечно же, быть!» —

прагучала калісьці на гэтак званых грамадзкіх слуханьнях у нашай сталіцы «мірнага атаму». Склікала начальства перш настаўнікаў, заданьне далі — падтрымаць. Бо людзі граматныя, знаёмыя з прозай і паэзіяй. Настаўнікі пайшлі па цаліне, давай пра атамную станцыю рыфмамі сячы! Ды са сцэны ў мікрафон.

Камусьці падалося — цырк на дроце. Але ўражаньне вонкавае. Народ гатовы словам славіць любы начальства чын. Гарой ён за яго. Калі сказала: мірны атам будзе, значыць, трэба падтрымаць радком.

Пакуль пісьменьніцкія шэрагі раскачваюцца, народ ня сьпіць у шапку.

Ня ведаю, як там нашы энэргетыкі, як сама АЭС, ці да вершаў ім сёньня, а ў Расеі паэтычны конкурс быў нават праведзены. Адпаведнымі зацікаўленымі інстанцыямі. Трэба было напісаць пра атамную станцыю. Адгукнуліся і стар, і млад. Мне спадабаліся радкі:

«Ведь вид имеет хоть куда:

Округлость станций, изгибы установок, очаровательные вещества.

«Да! Это Атомная королева!» — сказали все мои друзья».

Фізык-ядзершчык Ажароўскі наведаўся аднойчы на грамадзкія слуханьні ў Курчатаве каля Курска. Адна станцыя ўжо ёсьць, вырашала начальства, што трэба яшчэ адну, на замену. Цікавы рэпартаж у Ажароўскага атрымаўся. Народ быў толькі за, адно даваў наказы. Лазьню пабудаваць і гэтак далей. Вершы сьпяшаліся чытаць уласнага вырабу. Зразумела, у першых шэрагах былі настаўнікі і працаўнікі на ніве культуры. Адна асоба ўсхваляла «маральныя вартасьці АЭС». Трэба толькі радавацца новаму рэактару, сказаў наступны калега. Яшчэ адзін зрабіў прагноз, што станцыя зробіць уплыў на ўмацаваньне вёскі. Клюбны работнік дзякавала начальству, што на запрашэньне АЭС прыяжджалі выступаць Леў Лешчанка, Лаліта і група «Любэ».

Пайшла паэтычная руда з-пад мужчынскага пяра. Адзін народны паэт перадаў свае пачуцьці ад наведаньня інфармацыйнага цэнтру станцыі (такі, вядома, і ў Астраўцы існуе): «АЭС мне рисовалась мрачной краской, непроходимая, как тёмный лес. Но вдруг явилась девушка с указкой и сразу провела ликбез».

«АЭС Божественный Свет – пишу о Ней не по заданью! […] Ориентир для глаз не звёзды, а свет Божественный АЭС!», занатаваў Ажароўскі твор наступнага дэкляматара.

Бачыце: старшы брат пра сваю АЭС зь піетэтам, зь вялікай літары аб ёй. А мы яшчэ сьціпла, пунсавеем, яшчэ не разварушылі музу сваю. Але ўсё наперадзе. Будзе, яшчэ будзе эра атамнай паэзіі. Таму што разахвоціліся вучоныя нашы: як запрацуе «падастравецкая», парачку яшчэ маюць думку паставіць. Так і было абвешчана.

І будзе беларус у будучыні, як расейскі народны герой Ямеля, на пячы бакі грэць, а яна — карміць яго. І нічога рабіць ня трэба. Беларусь — край вялікіх АЭС! Нічога рабіць — у сэнсе ніякіх рэформаў, нічога ня трэба разьвіваць. Толькі «дровы» падкладаць пасьпявай. І так да сканчэньня сьвету беларус будзе сябрам мірнага атаму, выпрацоўваць электрычнасьць.

Трапіў я днямі на дыскусію вакол станцыі. Дыскусію пэсымістычную. Выснова безвыходная: будзе Лукашэнка, будзе АЭС, кажа Мікалай Уласевіч, актывіст з Астравецкага раёну. І робіць несуцяшальны прагноз. Калі браць электрычнасьць ня будуць за мяжой, начальства можа прымусіць народ аплочваць дарагую цацку. Газ адключаць, пліты прымусяць выкінуць, набыць электрычныя. Мне падумалася: гучыць даволі праўдзіва. Усё жалезнай рукой робіцца. То адбіткі пальцаў здай, то на плошчы не маўчы масава, то расьпішыся, што дармаед. А калі мы купілі АЭС у старшага брата, нікуды ня дзенесься, трэба будзе карыстацца. Рэч нятанная.

Але пакуль мы журымся, у паэтаў у крыві мацнее адрэналін, крыўда за беларускую мову, што ўбаку застаецца ад будоўлі веку. І нібы самі сабой пачынаюць, слова за слова, узьнікаць радкі:

Косьць у глонаўцы Эўропы

Наша станцыя любімая.

Хараніла мірны атам

Суседка пужлівая.

Рана закапаць рашыла,

Не чапай яго ты!

Няхай служыць чалавеку,

Ток дае дзяшовы,

Хлеб сьпячэм і зварым бульбы,

Уключым тэлевізар,

Дзякуй скажам прэзыдэнту,

Няхай станц’я будзе!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG