Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукайце яблыні. Яны паказваюць, што тут стаяў дом», — швэды пра Чарнобыльскую зону


Разам са швэдзкімі журналістамі ў Слаўгарадзкім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім раёнах пабываў карэспандэнт Свабоды.

Чарнобыльская катастрофа вымусіла пакінуць родныя мясьціны сотні тысяч беларускіх вяскоўцаў. Тыя, хто застаўся ў зоне, як і раней, займаюцца сваёй гаспадаркай, і іх асабліва не турбуе, ці памятае пра іх улада. Яны не зважаюць на небясьпеку ад радыяцыі і лічаць, што патрэбы адсяляць людзей не было. Пра гэта вяскоўцы расказвалі журналістам са Швэцыі, якія наведалі зону адчужэньня.

Яблыневыя сады як знакі зьніклых вёсак

«Важна шукаць яблыні. Яблыневы сад падказвае, што непадалёк стаяў дом. Цяпер ён пахаваны і на яго месцы высаджаныя хвойкі», — так апісвае адселеную праз радыяцыйнае забруджваньне беларускую вёску швэдзкая журналістка Анна-Лена Ляўрэн (Anna-Lena Laurén). Яна пабывала ў зоне адчужэньня трох раёнаў Магілёўшчыны і зрабіла рэпартаж для газэты Dagens Nyheter.

Анна-Лена Ляўрэн і Бэатрыс Люндбарг
Анна-Лена Ляўрэн і Бэатрыс Люндбарг

Анна-Лена Ляўрэн са сваёй каляжанкай Бэатрыс Люндбарг (Beatrice Lundborg) праехала «чарнобыльскімі» дарогамі Магілёўшчыны некалькі соцень кілямэтраў. Швэдзкія госьці гутарылі з жыхарамі вёсак, якія дагэтуль, не зважаючы на радыяцыйную небясьпеку, трымаюцца свайго роднага кута. Журналісткі пабачылі абязьлюджаныя краявіды, падзівіліся на тое, як упарта беларусы трымаюцца сваёй зямелькі, наведваючы штогод могілкі.

У сваім рэпартажы «Пасьля Чарнобыля зьнікла сельскае жыцьцё» Анна напісала, што спрабавала ўявіць, якім было жыцьцё ў адселеных вёсках да катастрофы.

«Хаты, адрыны, паветкі. Прасёлкавая дарога вядзе да недалёкіх могілак. Магілы ўсё яшчэ там, і штогод яны зьбіраюць жыхароў, каб на іх адзначыць Радаўніцу. Гэта той край, у якім стасункі з продкамі і роднай зямлёй канкрэтныя і адчувальныя», — адзначыла Анна-Лена Ляўрэн.

Спыніўшыся ля адных з могілак, Анна папрасіла паказаць, што робяць вяскоўцы тут на Радаўніцу. Швэдкам расказалі пра абрус, якім пакрываюць магілу, і ручнік, які завязваюць на крыж; паказалі, як вяскоўцы абыходзяць магілы сваёй радзіны, качаючы па іх фарбаваным яйкам і прыгаворваючы «Хрыстос уваскрос!». Іншаземкі ўважліва слухалі.

«Праз 30 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы яе цень усё яшчэ вісіць над Беларусьсю. Ніводная іншая краіна так моцна не пацярпела ад яе. 70 працэнтаў радыеактыўных ападкаў выпала тут, і адзін зь пяці жыхароў раптам апынуўся на атручанай зямлі. Цэлыя вёскі былі пахаваныя, і людзі ня могуць у іх вярнуцца. Катастрофа разбурыла ўсю сельскую культуру», — напісала Анна-Лена Ляўрэн.

Вяскоўцы з «зоны» зьдзіўлялі швэдак прастатой узаемінаў і гасьціннасьцю. Насьцярожанасьць да гасьцей хутка зьнікала. Вяскоўцы-самасёлы расказвалі пра сваё жыцьцё, хваліліся гаспадаркай. Часам наракалі на праблемы са здароўем, але ніяк ня зьвязвалі гэта з радыяцыяй.

Пра адну з суразмоўцаў, 64-гадовую кабету зь вёскі Дубна Слаўгарадзкага раёну, Анна напісала:

«Ніна Перавалава разрываецца паміж домам і куратнікам, кароўнікам і сьвінарнікам. Яна носіць галёшы, ваўняны швэдар і зялёны пінжак. На ёй чырвоная спадніца-шатляндка, фіялетавы шалік на галаве. Яна ня мае часу, каб пагаварыць з намі, бо занятая гаспадаркай».

Вяскоўцы сталага веку запэўнівалі замежных журналістаў, што неабходнасьці пасьля Чарнобыля пакідаць родныя мясьціны, якія трапілі пад радыяцыю, не было. Настойвалі: тыя хто зьехаў, памерлі.

«Яны не былі шчасьлівыя ў сваім новым доме, і цяпер большасьць зь іх нябожчыкі. Мы ж засталіся тут і жывём дагэтуль», — даводзілі гасьцям жыхары Дубны. Гэтую простую сялянскую «праўду» і перадала ў сваім матэрыяле Анна.

«Я п’ю казінае малако, зьбіраю ягады ды грыбы ў лесе. Ямо тое, што вырошчваем у агародзе. У нас ёсьць сьвіньні і куры, — казаў пра сваё жыцьцё яшчэ адзін суразмоўца швэдзкіх журналістаў. — Баляць ногі. Можа, гэта зьвязана з Чарнобылем, я ня ведаю. Усё было б лепш, калі б мы нічога ня ведалі пра радыяцыю».

Швэдзкіх гасьцей гаспадары пачаставалі казіным малаком.

«Я адпіваю глыток (гэта смачна) і стаўлю кубак на стол, — адзначае Анна. — Нашы прыборы паказалі нармальны ўзровень радыяцыі ў гэтай вёсцы, але я не магу прымусіць сябе выпіць. Я адчуваю сорам перад Нінай Перавалавай, але яна нічога не гаворыць».

«Многія пажылога веку вяскоўцы ніколі не пакідалі свайго дома, — адзначыла Анна. — Яны жылі шчыльнай сялянскай грамадою да 1980-х гадоў, нягледзячы на гвалтоўную калектывізацыю. Дзень 26 красавіка 1986 году перанёс гэта архаічнае грамадзтва ў ядзерны век. У 200 кілямэтрах адсюль адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС».

XS
SM
MD
LG