Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Філіповіч выйшаў на волю. Ён адбыў 30 сутак арышту за «маршы недармаедаў»

абноўлена

Максім Філіповіч
Максім Філіповіч

28 красавіка пасьля чарговага 7-суткавага арышту на волю выходзіць гомельскі блогер Максім Філіповіч.

За ўдзел і відэаздымкі акцыяў пратэсту «недармаедаў» супраць дэкрэту № 3 у Гомлі, Берасьці, Маладэчне і Пінску Філіповіч агулам адседзеў за кратамі 30 сутак.

Каля ізалятара УУС на вуліцы Міжгародняй яго сустракалі жонка Юля, гарадзкія блогеры, грамадзкія актывісты, якія таксама былі пакараныя штрафамі ці арыштамі за «маршы недармаедаў». Прычым сустракалі адразу ў двух месцах, падзяліўшыся на дзьве групы: адны дзяжурылі каля ізалятара, іншыя — каля РАУС адміністрацыі Савецкага раёну, бо міліцыя часам забірае людзей з ізалятара раней за тэрмін і адвозіць у пастарунак «для гутаркі» — каб ня даць актывістам зладзіць урачыстую сустрэчу.

Максіма Філіповіча вывезьлі зь ізалятару сьпярша ў апорны пункт, потым у Савецкі райаддзел міліцыі.

Філіповіч выйшаў на 7 хвілінаў пазьней, бо зь ім гутарыў у пастарунку начальнік міліцыі. Максім перакананы, што чатыры ягоныя арышты — гэта палітычны перасьлед за праўду.

Юлія Філіповіч сустракае мужа з турмы
Юлія Філіповіч сустракае мужа з турмы

21 красавіка судзьдзя Савецкага раёну Гомля Андрэй Лагуновіч на падставе адміністрацыйнага пратаколу, складзенага міліцыяй паводле артыкула 23.34, пакараў Філіповіча арыштам за прысутнасьць 11 сакавіка на акцыі «недармаедаў» у Пінску. Гэта быў ужо чацьвёрты арышт блогера. На вырак прысутныя адрэагавалі гучнымі воклічамі «Ганьба!».

У Пінску Філіповіч не выступаў, а толькі абураўся бязьдзеяньнем тамтэйшых міліцыянтаў, якія ня сталі яго бараніць, калі невядомыя ў цывільным пацягнулі яго ў аўтазак. Адбілі Філіповіча ад нападнікаў пінчукі.

Філіповіч перакананы, што міліцыянты помсьцяць яму за публічныя прэтэнзіі наконт аховы грамадзкага парадку:

«На маё патрабаваньне разабрацца, — кажа Максім, — прысутны на плошчы міліцэйскі чыноўнік раіў мне патэлефанаваць дзяжурнаму на 102. Таму я й зьвярнуўся да начальніка пінскай міліцыі, нагадваючы: «Вы ж тут! Вы народу служыце, а ня толькі грошы атрымліваеце!». У рапарце, зачытаным у судзе, пінскі міліцэйскі маёр напісаў, што я нібыта хацеў ухапіць начальніка за нагу. А я ўкленчыў і пытаўся: «Мне што, чаравік пацалаваць, каб вы мяне абаранілі?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG