Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Філіповіч: «Буду здымаць жыцьцё. І мару пра дом у вёсцы»


5 красавіка пасьля 25-суткавага арышту на волю выйшаў гомельскі блогер Максім Філіповіч. Міліцыя адвезла яго з ізалятара часовага ўтрыманьня ў Савецкі райаддзел, дзе ён меў гутарку зь міліцэйскім чыноўнікам. Пасьля гэтага адпусьцілі.

Максім прыехаў дадому, дачка адчыніла яму дзьверы. І, ледзь абняўшы дачку, схапіў ровар і памчаўся назад да ізалятара, дзе яго чакалі жонка, бацькі, сябры, журналісты.

На ўтрыманьне ў ізалятары Філіповіч ня скардзіцца. Кажа, што ўсё было карэктна, законныя патрабаваньні службоўцы выконвалі. Нават з усьмешкай.

Тройчы пакараны за ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Гомлі, Берасьці, Маладэчне, блогер Філіповіч ня мае намеру кідаць відэаздымкі. Наадварот, арышты толькі ўмацавалі яго ў веры, што гэтым трэба займацца і надалей.

«Буду здымаць жыцьцё, яго прыгажосьць, — кажа Максім. — З жонкай мы марым прыдбаць дом у вёсцы. Будзем шукаць, каб ня надта дорага. І каб школа для дачкі была ў вёсцы. Хочам мець свой гарод, сваю гаспадарку. Я пра гэта сёньня і ў міліцыі сказаў, калі ў мяне пыталіся, чым буду займацца».

Ніякіх думак наконт таго, каб пакінуць краіну, Максім ня мае:

«Я люблю сваю Беларусь і нікуды не зьбіраюся — ні ў якім разе».

Блогер не пераймаецца, што за ўдзел у акцыях пратэсту яго судзілі ажно тры разы:

«Я езьдзіў здымаць відэа. Так, не стрымаўся, выступаў зь невялікімі прамовамі пра салідарнасьць. Палічылі гэта незаконным. Калі б абмежаваўся толькі маршам у Гомлі, то й суд, напэўна, быў бы толькі адзін».

Максім са зьдзіўленьнем даведаўся, што яго вызвалілі ад сплаты «дармаедзкага» збору — жонка Юля не пасьпела яму сказаць, што толькі ўчора атрымала пра гэта ліст з Гомельскага гарвыканкаму.

Філіповіч удзячны ўсім добрым людзям, журналістам, якія выказваліся ў яго падтрымку, хоць падрабязнасьцяў пакуль ня ведае, бо не было магчымасьці паглядзець інтэрнэт.

Сваё «датэрміновае» вызваленьне (яго павінны былі выпусьціць 7 красавіка) Максім тлумачыць тым, што двое сутак, з 29 па 31 сакавіка, ён адбываў пакараньне паводле двух судовых выракаў: адначасова за ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Берасьці і Маладэчне — так вырашана было ў Савецкім судзе Гомля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG