Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньне за карцінку. Як і чаму ўлады перасьледуюць відэблогера Філіповіча


Максім Філіповіч у судзе Савецкага раёну, сакавік 2017

Гомельскага блогера Максіма Філіповіча маюць судзіць чацьвёрты раз, цяпер — за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту ў Пінску. Пра гэта паведаміў адвакат Пятро Барысаў, які наведаў відэаблогера ў ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкаму на вуліцы Міжгародняй. Філіповіч ужо больш за дваццаць сутак знаходзіцца за кратамі.

Пазьней жонка Філіповіча, Юлія, паведаміла, што суд над ім адкладаецца, а пратакол па гэтай справе адаслалі на дапрацоўку.

31 сакавіка ўвечары каля 30 чалавек прыехалі да ізалятару, каб сустрэць Максіма. Прыйшла і Юлія Філіповіч, пакінуўшы дома дзесяцігадовую дачку. А 20.40 Максім Філіповіч мусіў выйсьці з ізалятару на волю. Скончыўся 18-суткавы тэрмін арышту за ягоныя выступы і відэаздымкі на акцыях пратэсту ў Гомлі і Берасьці. Але з ізалятару Максім так і ня выйшаў.

Ды пакуль Філіповіч знаходзіўся за кратамі, яго вызвалілі ад «падатку на дармаедаў».

Найстражэйшае пакараньне ў Беларусі

Максім Філіповіч у судзе Савецкага раёну, сакавік 2017
Максім Філіповіч у судзе Савецкага раёну, сакавік 2017

Дзяжурны праз акенца паведаміў жонцы блогера што судом Савецкага раёну Максім арыштаваны яшчэ на 7 сутак — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Маладэчне. Як высьветлілася, адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Маладэчне судзьдзя Савецкага раёну Гомлю Алена Шайн разгледзела 29 сакавіка і дабавіла блогеру яшчэ сем сутак арышту. Пакуль невядома, калі адбудзецца чацьвёрты суд — за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Пінску.

Такім чынам, за ўдзел у масавых акцыях пратэсту блогер агулам мае сядзець за кратамі 25 сутак. Гэта найстражэйшае адміністрацыйнае пакараньне ў Беларусі. Столькі ўлады адмералі яшчэ толькі аднаму з найбольш актыўных удзельнікаў пратэставых акцыяў у 2015-2017 гадах — актывісту зь Менску Леаніду Кулакову.

Максім Філіповіч быў на акцыі ў Берасьці, у Маладэчне ён выступаў з невялікай прамовай, заклікаў не баяцца і дадаваў, што гомельскія «недармаеды» салідарныя і зь берасьцейцамі, і з маладэчанцамі. У Пінску Максіма хацелі скрасьці невядомыя ў цывільным, але пінчукі адбілі.

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка кажа, што, паводле беларускага заканадаўства, чалавека ня могуць пакараць арыштам больш як на 25 сутак:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Філіповіча фармальна могуць вызваліць — на хвіліну ці на гадзіну. І зноў затрымаць, абвінаваціўшы ў лаянцы, хуліганстве. І тады можна зноў караць яго на чарговыя 25 сутак. Магчымы, праўда, і штраф за Пінск, але гэта малаверагодна. Максім стаў для ўладаў небясьпечным сьведкам: ягоныя відэаздымкі на YouTube пра акцыі пратэсту ў беларускіх гарадах мелі блізу 50 тысяч праглядаў».

Місія блогера

Максім Філіповіч
Максім Філіповіч

Найпершай місіяй блогера Філіповіча падчас паездак у рэгіёны было здыманьне відэа акцыяў, якое ён пасьля зьмяшчаў на YouTube. І хоць у судовых пастановах гэты бок дзейнасьці Максіма Філіповіча асабліва й ня згадваўся, аднак выглядае, актыўнасьць яго ў інфармацыйнай прасторы найбольш турбавала праваахоўнікаў. Бо ў Гомлі нават арганізатару «Маршу недармаедаў» Уладзімеру Кацору адмералі 12 сутак адседкі за кратамі, а блогера Філіповіча намесьнік старшыні суду Цэнтральнага раёну Аляксандар Піскуноў пакараў 13-суткавым арыштам. Прычым судзілі блогера завочна, на чатыры дні раней, чым іншых удзельнікаў гомельскага маршу пратэсту. Празь некалькі гадзінаў сваё затрыманьне ў доме бацькоў Максім трансьляваў у жывы эфір з тэлефону.

«Калі працягваць баяцца, то навошта й жыць»

Яшчэ адзін гомельскі блогер, Зьміцер Сабураў, які адбыў за кратамі 10 сутак арышту і таксама прыехаў сустракаць Філіповіча са сваёй відэакамэрай, лічыць, што праз жорсткія прысуды ўлады маюць застрашыць аматараў здымак, каб яны выракліся здымаць пратэставыя акцыі і распаўсюджваць відэа праз сацыяльную сетку.

Зьміцер Сабураў
Зьміцер Сабураў

«У мяне ў самога быў невялікі пэрыяд, калі я вагаўся, браць камэру ці не. Бо страшылі, што крымінальную справу завядуць, наркотыкі знойдуць і ўсё такое. Але, бачыце, я зноў з камэрай. Калі працягваць баяцца, то навошта тады жыць. Я ўпэўнены на сто адсоткаў, што й Максім ня будзе маўчаць, ня кіне здымаць. Ад таго такі ціск. Цяжка сказаць, якую хлусьню яшчэ прыдумаюць пра нас улады. Думаю, яны проста баяцца блогераў, бо мы расказваем праўду», — лічыць Сабураў.

Улады губляюць манаполію на «карцінку»

Калі яшчэ прасьцей, то праз жывую трансьляцыю блогераў, незалежных мультымэдыйных інфармацыйных рэсурсаў і тэлеканалаў улады губляюць манаполію на «карцінку». Навіны з пратэставых акцыяў у тую ж хвіліну разносяцца па краіне, не чакаючы рэдактарскага «сіта» і афіцыйных камэнтароў. Чалавек зь відэакамэрай стаў небясьпечным.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў, пакараны за лютаўскі марш штрафам у памеры адной базавай велічыні, а за «Марш недармаедаў-2» — прэвэнтыўным затрыманьнем нібыта за хуліганства і 5 суткамі арышту, сьцьвярджае, што сёньня блогеры зь відэакамэрай «адыгрываюць значную ролю ў барацьбе за дэмакратызацыю Беларусі»:

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

«Дзякуючы блогерам, якія актыўна бяруць удзел у інфармаваньні насельніцтва, мы змаглі правесьці ўдалыя акцыі за поўную адмену „дармаедзкага“ дэкрэту і 19 лютага, і 25 сакавіка. Мяркую, што і надалей мы маем спалучаць палітычны досьвед і тыя новыя плыні, якія зьявіліся цяпер дзякуючы працы блогераў».

«Душа разрываецца, калі гляджу на абыякавае стаўленьне ўладаў да простага чалавека»

Максім Філіповіч стаў актыўным блогерам пасьля таго, калі ўвесну 2015 году яму не працягнулі кантракт кіроўцы ў акцыянэрным таварыстве «Сейсматэхніка». Неўзабаве згубіла працу і жонка Юля.

«У мяне проста, — расказваў Максім Свабодзе за суткі да арышту, — душа разрываецца, калі гляджу на ўсё гэтае эканамічнае бязладзьдзе, на абыякавае стаўленьне ўладаў да простага чалавека. Ну праўда, чалавек застаўся бяз працы, а зь яго патрабуюць нейкі падатак. З калена я яго выламлю? Адкопваць пайду гэты „дармаедзкі“ падатак? Дык пакажыце мне тое поле цудаў! У мяне эмоцыі, можна сказаць, зашкальваюць, калі я чую, як людзі расказваюць пра свае пакуты і фанабэрыю чыноўнікаў».

Маці блогера Эла Філіповіч зь нявесткай Юляй
Маці блогера Эла Філіповіч зь нявесткай Юляй

Калі ў Савецкім судзе Гомлю Максіма пакаралі арыштам другі раз (за ўдзел у акцыі пратэсту ў Берасьці), маці Максіма, Эла Філіповіч, інвалід другой групы з прычыны апэрацыі на шчытападобнай залозе, заявіла:

«Хачу сказаць усім беларусам: людзі, калі вы адступіце, то будзе кепска ўсім — і нашым, і вашым, і тым, хто за, і тым, хто супраць. Я вас заклікаю: адарвіце азадкі ад канапаў, выратуйце сваіх дзяцей і ўнукаў, іхную будучыню ды іхнае жыцьцё. Дзеля таго, каб гэтыя затрыманьні не паўтараліся, мы павінны сказаць „Не!“. Такія рэчы дараваць нельга. І я хачу сказаць усім, хто ў гэтай сыстэме: наступіць дзень, і ўстане сонца, і мы выведзем вас на плошчы. Мы нічога з вамі рабіць ня будзем, таму што мы добрыя. Але кожны, хто пройдзе паўз вас, плюне вам у твар».

Апроч Максіма Філіповіча, якога пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, судзьдзя Савецкага раёну Віталь Каўбеня аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў МЗС фрылансэра Яўгена Меркіса — ён вёў для тэлеканалу «Белсат» наўпроставую трансьляцыю мірнага сходу ў Рагачове. Супраць фрылансэра склалі яшчэ два пратаколы паводле артыкулу 22.9 за відэастрым з акцыі пратэсту ў Пінску, а таксама за інтэрвію з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком.

Па тры пратаколы за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ, а дакладней, за асьвятленьне пратэставых акцыяў у рэгіёне і розных побытавых праблемаў мясцовых жыхароў, складзены ў дачыненьні да яшчэ двух гомельскіх фрылансэраў — Ларысы Шчыраковай і Кастуся Жукоўскага. Апошняга да таго ж міліцыя абвінавачвае ў самаўпраўстве. Іншымі словамі, прысваеньні сабе функцыяў журналіста замежнага СМІ. Фрылансэры, як вядома, таксама запісвалі падзеі на відэакамэру, каб выкласьці ў YouTube.

7 красавіка ў Чыгуначным судзе Гомля мае разглядацца адміністрацыйная справа за незаконны выраб прадукцыі СМІ супраць Марыі Булавінскай — яна расказала на YouTube пра ўдзел жанчын у акцыях пратэсту; фрагмэнты здымак былі скарыстаныя спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG