Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар працы патлумачыла дэмаграфіяй скарачэньне занятых у эканоміцы


Ірына Касьцевіч

Міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч заявіла, што скарачэньне колькасьці беларусаў, занятых у эканоміцы, абумоўленае дэмаграфічнай сытуацыяй, перадае Інтэрфакс.

Паводле Касьцевіч, з 2011 па 2015 год колькасьць працоўных рэсурсаў (занятыя ў эканоміцы плюс здольныя працаваць, але беспрацоўныя) скарацілася больш як на 150 тысяч чалавек — да 5 мільёнаў 875 тысяч, а колькасьць занятага ў эканоміцы насельніцтва за той жа пэрыяд зьменшылася на 195 тысяч чалавек. (Куды падзеліся 45 тысяч чалавек, яна не патлумачыла.) У той жа пэрыяд, паводле Белстату, беларусаў у працаздольным узросьце (ад 15 год да 60 для мужчын і 55 для жанчын) стала меней на 244 тысячы (стала працаваць болей пэнсіянэраў, гэтая тэндэнцыя захоўваецца і цяпер).

З 2015 году па люты 2017 году, паводле агучаных Касьцевіч зьвестак, занятых у эканоміцы стала меней яшчэ на 126 тысяч. Сёньня такіх 4 мільёны 370 тысяч чалавек.

Міністар заявіла, што каб не дапусьціць «дэфіцыту рабочых рук», у краіне паступова падвышаецца пэнсійны ўзрост. Рост колькасьці насельніцтва ў Беларусі, адзначыла Касьцевіч, адбываецца за кошт імігрантаў зь іншых краін, а не за кошт натуральнага прыросту.

Ці сапраўды становіцца меней працаздольных беларусаў, ці зьмяншаецца колькасьць працоўных месцаў і ці расьце беспрацоўе, з афіцыйнай статыстыкі незразумела.

Нацыянальны статыстычны камітэт рэгулярна публікуе толькі колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Лічбы рэальнага беспрацоўя (нашмат вышэйшыя за колькасьць афіцыйна зарэгістраваных) публікуюцца раз на некалькі год. На канец студзеня 2017 году ў Беларусі было рэальных беспрацоўных каля 258,6 тысячы чалавек (5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва).

Тым часам прамысловыя гіганты скарачаюць працаўнікоў, а колькасьць прадпрымальнікаў за 2016 год скарацілася на 3,1%. Ці гэта робіцца дзеля нястачы працоўнай сілы, ці зь іншых прычын, — невядома.

XS
SM
MD
LG