Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Філіповіч: «Праўду ў дзіравым балёніку не ўтрымаеш»


Гомельскі блогер Максім Філіповіч выйшаў на волю не з ізалятара, а з Савецкага РАУС, у гарнітуры і пры гальштуку — у тым самым адзеньні, у якім быў у судзе Савецкага раёну 21 красавіка, калі судзьдзя Андрэй Лагуновіч чацьвёрты раз пакараў блогера адміністрацыйным арыштам.

— Максім, гэта вы ў міліцыі на сем хвілін затрымаліся, каб пераапрануцца? Ці былі нейкія іншыя прычыны?

— Гэта я перад вывазам мяне з ізалятара ў Савецкі РАУС пераадзеўся. Міліцыянты яшчэ завезьлі мяне ў апорны пункт некага яшчэ забраць, а пасьля ўжо паехалі ў Савецкі РАУС. Затрымаўся я ў міліцыі, бо гутарыў з начальнікам. Дакладней, ён са мною гутарыў, можна сказаць, ні пра што.

— Апошнія 7 сутак з трыццаці — яны як вам падаліся: карацейшымі, даўжэйшымі?

— У мяне быў ужо досьвед — 23 сутак адседкі. Ідучы на суд, я падрыхтаваўся, узяў патрэбныя рэчы, нічога лішняга. Юлечка, жонка мая, ведала, што прыносіць. Адміністрацыя ізалятара ставілася да мяне нармальна, як да «старажыла». Нават зычылі «смачна есьці», калі быў абед. Да самога памяшканьня, дзе сядзеў, канечне, ёсьць прэтэнзіі. У камэрах холадна, няма цёплай вады. Як і мінулым разам, тлумачылі, што тэлефон не працуе. Я сядзеў адзін на трэцім паверсе, чуў Андрэя Стрыжака. Камэра мая была з шыкоўным відам на мой дом. Вось толькі вокны майго дому на іншы бок глядзяць, а не на ізалятар. Чытаў кніжкі. У першы дзень накінуўся на «Сандаліі мітрапалітыка». Прачытаў на адным дыханьні. Хочацца сказаць яшчэ дзякуй праваабаронцу Леаніду Судаленку, ён да мяне і гэтым разам прысылаў адваката, каб я падпісаў скаргу ў абласны суд на аспрэчваньне арышту.

Ізалятар у Гомелі
Ізалятар у Гомелі

— Улады да вас, Максім, паставіліся надзвычай жорстка. За ўдзел у чатырох акцыях «недармаедаў» — чатыры арышты. Як вы думаеце, чаму?

— Гэта самы звычайны палітычны перасьлед уладаў за праўду. Відэакамэра ня хлусіць, і яна страшнейшая за зброю. Судзьдзя Лагуновіч, калі зачытаў мне пастанову на 7-суткавы арышт, тлумачыў: арыштоўвае мяне таму, што я парушаю артыкул 23.34 ня першы раз. А я й думаю: чаму не ўлічылі першы раз, што я нічога не парушаў, а адразу адмералі 13 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомлі? Зразумела, што хацелі пакараць за праўду, прычым пакаралі завочна. Так у нас улада «разьбіраецца» з сумленнымі людзьмі.

— Ці будзеце далей, пасьля чатырохразовага пакараньня, займацца блогерствам — фатаграфаваць, рабіць відэа? Жаданьне ня зьнікла?

— Не, жаданьне ня зьнікла, хоць уладам, мусіць, і падалося, што я вельмі шмат здымаю і паказваю. Мяркую, што ўсе тыя, хто мяне перасьледаваў і караў арыштамі, не разумеюць простых рэчаў. Можа, і разумеюць, але дзейнічаюць насуперак лёгіцы. Вось гэты паветраны балёнік, у сярэдзіне якога праўда, пакрыты абалонкаю маны, і яна ўся ўжо зь дзіркамі. Ён, гэты балёнік, зь якога праўда выходзіць вонкі, зьдзімаецца. І ён падае. Адна з гэтых дзірак — гэта я. І калі заторкнуць гэтую дзірку пальцам, нічога ня зьменіцца. Праўду ў гэтым балёніку не ўтрымаеш. Яна як выходзіла, так і будзе выходзіць. Бо такіх, як я, хто расказвае праўду, іх ужо сотні і нават тысячы.

Гомельскі блогер Максім Філіповіч пасьля чарговага 7-суткавага адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю. Яго судзілі чатыры разы за ўдзел у акцыях пратэсту «недармаедаў», а таксама за іх відэаздымкі — у Гомлі, Берасьці, Маладэчне й Пінску. Агулам ён адбыў у гомельскім ізалятары 30 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG