Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску здымаюць фільм пра чарнобыльскіх «ліквідатараў»


Віцебскіх ліквідатараў штогод прыходзіць на сустрэчы ўсё меней. Сёлета — толькі васьмёра

Ідэя зафіксаваць успаміны ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС належыць віцебскім журналістам. Падчас інтэрвію давялося выслухоўваць такія балючыя ўспаміны, што не зафіксаваць было б недаравальна, гаворыць адна з аўтарак сцэнару будучага дакумэнтальнага фільма Вікторыя Дашкевіч:

«Калі год назад „Зялёны партал“ пачаў праект „Чарнобыль у асобах“ і даручыў кожнаму рэгіёну адшукаць тых, хто мінімізаваў наступствы на ЧАЭС, для мяне стала адкрыцьцём, што героі-ліквідатары жывуць зусім побач. Бо пра іх у Віцебску няма ніякіх сьведчаньняў: ні музэю, ні мэмарыяльнай дошкі, урэшце няма іх саміх на гарадзкіх мітынгах, у школах, на знакавых мерапрыемствах... А тут аказалася, у Віцебску жыве палкоўнік Анатоль Гнеўка, які камандаваў штабам ліквідацыі; жывуць хімікі, якія праводзілі аналізы у зоне; жыве лекар, які там таксама пабываў; вайскоўцы запасу, якіх паслалі ў Чарнобыль як на зборы... І ўсе яны маюць што сказаць, у іх ёсьць досьвед, якім яны гатовы падзяліцца. Толькі слухаць іх ня дужа хочуць. Чаму? Таму што яны ведаюць зашмат страшнай праўды. Гэтыя сівавалосыя мужчыны расказваюць яе са сьлязьмі на вачох. І нам вельмі хочацца данесьці гэтую эмоцыю да нашых гледачоў. Каб даць зразумець — нават нябачны, вораг усё адно застаецца ворагам. І пра яго трэба памятаць кожны дзень, каб не паўтарыць памылак».

Ліквідатары Сяргей Іконьнікаў (зьлева) і Анатоль Гнеўка
Ліквідатары Сяргей Іконьнікаў (зьлева) і Анатоль Гнеўка

Ужо склалася цэлая творчая група, якая працуе над дакумэнтальным фільмам: гэта і журналісты, і калекцыянэры, гатовыя прапанаваць для здыманьня розныя артэфакты таго часу. Ідэю падтрымалі і самі ліквідатары: яны ня толькі пагадзіліся падзяліцца фотаздымкамі, дакумэнтамі, якія захаваліся ў прыватных архівах, але галоўнае — шчыра расказаць пра падзеі больш як 30-гадовай даўніны.Тым больш што для іх сёньня гэта адзіная магчымасьць быць пачутымі.

Ні летась, калі адзначалі 30-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ні сёлета віцебскім ліквідатарам наступстваў аварыі не далі слова. Жалобны мітынг улады гораду зноўку арганізавалі ва Ўсьпенскім саборы, але «чарнобыльцам», якія ўжо ў сталым веку, нават не прапанавалі прысесьці.

Ліквідатары ва Ўсьпенскім саборы
Ліквідатары ва Ўсьпенскім саборы

Імпрэза прайшла паводле «параднага сцэнару», як сказалі ліквідатары, — са сьпевамі, дэклямаваньнем вершаў, малітвай праваслаўных сьвятароў, у прысутнасьці вучняў клясаў МНС, гарадзкога начальства і кадэтаў.

Імпрэза праходзіла паводле «параднага сцэнару»
Імпрэза праходзіла паводле «параднага сцэнару»

Калі да апошніх зьвярнуўся палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка, які ў 1988 годзе амаль паўгода кіраваў штабам апэратыўнай групы грамадзянскай абароны СССР у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падлеткам было загадана слухаць вышэйшага паводле вайсковага чыну. Але, калі спадар Гнеўка прапанаваў кадэтам разам зь ім спусьціцца да Дзьвіны і пусьціць па вадзе жалобны вянок, кадэтам было дазволена хіба толькі паглядзець на гэта з гары.

Палкоўнік і кадэты
Палкоўнік і кадэты

Кадэты назіралі зьверху
Кадэты назіралі зьверху

Цырымонія пусканьня жалобнага вянка па Дзьвіне — гэта традыцыйная імпрэза віцебскіх ліквідатараў, якім не дазваляюць ні выступаць на мітынгах, ні дзяліцца чарнобыльскімі ўспамінамі, у якіх шмат жорсткай праўды, якую не прынята згадваць.

Зь вянком — ліквідатары Сяргей Іконьнікаў (зьлева) і Ўладзімер Іваноў
Зь вянком — ліквідатары Сяргей Іконьнікаў (зьлева) і Ўладзімер Іваноў

Сяргей Іконьнікаў, былы старшыня Віцебскай філіі грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў Чарнобылю, кажа, што ніводзін зь ліквідатараў нічога б ня стаў прыдумляць, прыгадваючы жахі, якія давялося ўбачыць пасьля аварыі на АЭС:

«Каб нам далі слова, мы сказалі б толькі праўду, як усё было. Але ж мы цяпер ніхто. Мы не ліквідатары, мы „пацярпелыя“ ад аварыі ў Чарнобылі! Нібыта ўсё здарылася выпадкова, а мы не выконвалі загад Радзімы, не ратавалі краіну ад гэтай навалы»...

У дзяржаве ўсе ўпарта робяць выгляд, што чарнобыльскай праблемы не існуе, абураецца 76-гадовы палкоўнік Анатоль Гнеўка:

«Нам нічога ня трэба ад уладаў — ні льготаў, ні грошай, нічога... Каб толькі старшыня гарвыканкаму асьмеліўся падысьці ды паціснуць мне руку і сказаць простае слова — „дзякуй“. Мы хочам, каб нас паважалі за тое, што мы рабілі, рызыкуючы здароўем і жыцьцём. Нам нічога ня трэба, апрача павагі. Але гэтага якраз і няма... Каб мне сёньня сказалі выступаць, я расказаў бы пра тое, якія страшныя наступствы прынесла катастрофа на АЭС; пра тое, што „мірнага“ атаму трэба баяцца і сёньня. Аднак калі Радзіма ў небясьпецы — яе трэба ратаваць!»

Вянок плыве па Дзьвіне
Вянок плыве па Дзьвіне

Па Дзьвіне зноў паплыў жалобны вянок, кінуты на ваду віцебскімі ліквідатарамі, якіх сабралася на сустрэчу 26-га красавіка ўжо менш за дзясятак. На вянку — жалобная стужка з надпісам, які «чарнобыльцы» пішуць на ёй год ад году: «Героям-ліквідатарам ад нас — жывых».

XS
SM
MD
LG