Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень Перамогі ў Іркуцку ўшануюць Васіля Быкава


Архіўнае фота. Васіль Быкаў на плошчы Перамогі ў Менску

Іркуцкі беларускі моладзевы клюб «Крывічы» сумесна з абласной юнацкай бібліятэкай імя Уткіна ладзяць літаратурную вечарыну, прысьвечаную Дню Перамогі.

Як паведаміў адзін з кіраўнікоў «Крывічоў», Алег Рудакоў, 10 траўня наведнікам імпрэзы будзе прапанавана зьвярнуцца да творчай спадчыны беларускага пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава.

Старшыня моладзевага клюбу Воля Галанава нагадае ягоную біяграфію; іншая актывістка, Дыяна Карніловіч, падрыхтуе агляд творчасьці слыннага літаратара; асабістымі ўспамінамі пра сустрэчы з Васілём Быкавым падзеліцца вэтэран беларускага руху у Сыбіры Аляксей Церахаў.

Урыўкі з твораў Васіля Быкава на беларускай мове прадэклямуюць Алег Рудакоў і Воля Галанава.

Нядаўна Свабода пісала, што адзін з самых апантаных рупліўцаў беларускай справы ў Расеі Алег Рудакоў трапіў у складаную жыцьцёвую сытуацыю. Сам ён страціў працу, з арандаванай сядзібы ў цэнтры Іркуцку высяляюць клюб «Крывічы».

Цяпер пад пытаньнем лёс традыцыйнага «Беларускага кірмашу», які быў прызначаны на канец траўня. Праўда, актывіст усё ж запэўнівае, што правядзе імпрэзу, на якія б ахвяры ні давялося пайсьці. Ня мае пэўнасьці спадар Рудакоў і наконт таго, ці здолее ўзяць удзел у ліпеньскім зьезьдзе беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў Менску, дзе ён заяўлены як сустаршыня.

XS
SM
MD
LG