Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко мае алібі, але суд падоўжыў ягоны арышт


Ігар Кляўко. "Калі б не вайна", сацыяльны валянтэрскі фотопраект.

Арджанікідзэўскі раённы суд Марыюпалю падоўжыў да 29 траўня тэрмін арышту беларускага добраахвотніка Ігара Кляўка, які падазраецца ў выкраданьні і наўмысным забойстве мясцовага жыхара.

Абарона Кляўка прасіла суд зьмяніць меру стрыманьня з арышту на падпіску, матывуючы гэта бракам доказаў падазрэньняў у ягоны адрас.

Адвакаты інфармавалі суд, што Ігар Кляўко ёсьць удзельнікам антытэрарыстычнай апэрацыі і службоўцам паводле кантракту. «Акрамя таго, на час інкрымінаваных яму дзеяньняў, ён знаходзіўся на мітынгу ў Марыюпалі, пра што ёсьць відэаматэрыял, які ёсьць падставай для прызнаньня падазрэньня неабгрунтаваным», — цытуецца ў рашэньні суду пазыцыя адвакатаў.

На пасяджэньні суду беларускі добраахвотнік зноўку заявіў, што «не прызнае сваёй віны, а сьледчы не спрабаваў у яго высьветліць наяўнасьць або адсутнасьць алібі, і праверыць яго месцазнаходжаньне на момант зьдзяйсьненьня злачынства, якое яму інкрымінуецца».

Паводле судзьдзі, сьледчы і пракурор давялі наяўнасьць рызыкаў, што падазраваны можа схавацца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня, паколькі «зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусі, пры гэтым ёсьць уцекачом у Рэспубліцы Чэхіі, а ва Ўкраіне ня мае сталага месца жыхарства і ўстойлівых сацыяльных сувязяў».

Ігар Кляўко зь лютага знаходзіцца ў Марыюпальскім сьледчым ізалятары Данецкай вобласьці.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пескі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

XS
SM
MD
LG