Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў, што праваабаронца Тацяна Равяка брыдкасловіла, і аштрафаваў яе на 460 рублёў


Тацяна Равяка

«Сёньняшні суд — гэта параза правасудзьдзя», — пракамэнтавала рашэньне судзьдзі Вікторыі Шабуні праваабаронца Тацяна Равяка.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску агучанае рашэньне ў працэсе над кіраўніцай зарэгістраванага ў Літве Дома правоў чалавека» Тацянай Равякай.

Паводле пратаколу міліцыі 26 сакавіка, праваабаронца нібыта брыдкасловіла і размахвала рукамі на менскай Кастрычніцкай плошчы ў час стыхійнай акцыі салідарнасьці з затрыманымі днём раней.

Фонд дамоў правоў чалавека зьвярнуўся да старшыні суду Цэнтральнага раёну Менску з заклікам не рабіць з разгляду справы прыклад перасьледу і запалохваньня праваабаронцаў.

Тацяна Равяка сваёй віны не прызнала. Судзіла яе судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая была ў сьпісе не ўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША за датычнасьць да рэпрэсіяў супраць актывістаў.

Суд палічыў даказаным, што 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас недазволенай акцыі праваабаронца Тацяна Равяка «нецэнзурна выказвалася», «паводзіла сябе агрэсіўна» і адмаўлялася падпарадкоўвацца загадам прадстаўнікоў улады.

Пра гэта ў судзе сьведчылі амапаўцы Юрый Ермакоў і Антон Харанёнак. Яны сьцьвярджалі, што Тацяна Равяка таксама выказвала ў іхны бок агрэсію, хапалася за іх вопратку і спрабавала сесьці на зямлю, калі яны суправаджалі яе ў аўтазак. Аднак Тацяна Равяка прадставіла ў суд відэа з наўпроставага рэпартажу зь месца падзеяў, які вяла Свабода, і дамаглася далучэньня яго да матэрыялаў справы. Відэа, паводле абаронцы Тацяны Равякі, абвяргае сьведчаньні міліцыянтаў.

Таксама ў судзе выступіла сьведка Настасься Лойка, паводле якой Тацяну Равяку суправаджаў у аўтазак адзін амапавец, а не два, і паводзіла яна сябе спакойна.

Адвакат прасіў суд спыніць адміністрацыйную справу супраць праваабаронцы з прычыны адсутнасьці факту правапарушэньня, але суд палічыў інакш. Тацяна Равяка пасьля суду заявіла, што не давярае судзьдзі Вікторыі Шабуні. Прысутныя ў залі сустрэлі пастанову воклічамі «Ганьба». Тацяна Равяка заявіла, што будзе абскарджваць прысуд. На яе думку, гэты працэс праходзіў паводле клясічнай для беларускага правасудзьдзя схемы, калі супраць удзельнікаў грамадзянскіх пратэстаў выкарыстоўваюць ілжывыя паказаньні сьведак-міліцыянтаў, а паказаньні незалежных сьведак не прымаюць да ўвагі.

Тацяна Равяка — сябра праваабарончага цэнтру "Вясна", прэзыдэнтка зарэгістраванага ў Літве Беларускага дома правоў чалавека. 21 год абараняе правы грамадзянаў Беларусі, раней двойчы была аштрафаваная за сваю грамадзкую дзейнасьць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG