Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: сярэдні заробак у Беларусі за сакавік — 410 даляраў. Экспэрт сумняецца


У сакавіку 2017 году сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 770,6 рубля (каля 410 даляраў ЗША), паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнаньні зь лютым зафіксаваны рост на 54,1 рубля — больш як на 25 даляраў.

Самыя высокія сумы зафіксаваныя ў Менску — 1118,1 рубля. Найменшыя выплаты ў Віцебскай вобласьці, яе жыхары атрымлівалі ў сакавіку толькі 643,8 рубля.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы статыстыку для Свабоды, адзначыў:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Лукашэнка нядаўна казаў, што ў Беларусі няма простай эканомікі, у нас ёсьць эканоміка ваеннага часу. І калі галоўнакамандуючы загадаў, што трэба давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў, то ўсе, уключаючы і „афіцэраў“ Белстату, узялі пад казырок і пачалі выконваць загад.

У мяне даверу да гэтых лічбаў няма. Людзі, якія іх „малююць“, маюць матывацыю спадабацца Лукашэнку, а не паказаць праўду.

Сытуацыя яшчэ больш заблытаная, бо невядома, як лічыцца дэфлятар, які дапамагае вывесьці лічбы рэальных заробкаў. Лічбы Белстату перастаюць быць навукова абгрунтаванымі і аб’ектыўнымі.

Мяне вельмі насьцярожвае, што з дадзеных афіцыйнай статыстыкі зьніклі дадзеныя пра так званыя мэдыянныя заробкі. То бок гэта заробкі, ад якіх адкідаюцца па 20% найвышэйшых і найменшых. Тое, што застаецца, добра дапамагае экспэртам разабрацца ў сапраўднай сытуацыі з эканомікай. Аднак яны сёлета чамусьці зьніклі. Думаю, невыпадкова гэтыя лічбы хаваюць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG