Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арт-мэнэджэра Ларычава пакаралі 5 суткамі арышту за дробнае хуліганства


Беларускі стрыт-арт-мастак Алег Ларычаў пасьля зьбіцьця. Архіўнае фота

Судзіла Ларычава судзьдзя Вікторыя Шабуня, вядомая шматлікімі прысудамі дэмакратычным актывістам, якія праваабаронцы называюць палітычна матываванымі.

Яна пакарала Ларычава 5 суткамі арышту за дробнае хуліганства. Нібыта на выхадзе зь піцэрыі ён лаяўся матам і махаў рукамі.

Ларычаў гэта абвяргаў. Казаў, што яго затрымалі ўвечары 26 красавіка на выхадзе зь піцэрыі каля плошчы Якуба Коласа: проста падышлі міліцыянты і прапанавалі зь імі падʼехаць у міліцыю.

Алег Ларычаў у судзе Цэнтральнага раёну
Алег Ларычаў у судзе Цэнтральнага раёну

Учора Ларычаў заявіў хадайніцтва, каб прагледзелі відэа затрыманьня, бо ў аднаго зь міліцыянтаў на форме быў відэарэгістратар, які працаваў.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня хадайніцтва Ларычава задаволіла і таму адклала працэс. Але сёньня судзьдзя паведаміла, што відэарэгістратар нібыта не працаваў, бо скончылася батарэйка, і таму праглядаць няма чаго.

Пасьля суду Алег Ларычаў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд. Паводле Алега, у ізалятары на Акрэсьціна знаходзяцца сама меней двое «палітычных», якія былі затрыманыя 26 красавіка падчас Чарнобыльскага шляху. Прозьвішчаў затрыманых ён ня ведае.

Пра сваё затрыманьне Алег Ларычаў сказаў:

«Магчыма, гэта зьвязана з тым, што мала затрымалі 26-га. Таксама не выключаю, што да майго затрыманьня маюць дачыненьне вострыя сацыяльныя графіці, распаўсюджаныя праз групу Signal».

Алег Ларычаў мае выйсьці на волю ўвечары 1 траўня.

Каардынатар стрыт-арт-пракету Signal Алег Ларычаў зьнік увечары 26 красавіка. Апошнім, хто яго бачыў, быў эканаміст Сяргей Чалы, зь якім Ларычаў хадзіў у піцэрыю, распавядае Tut.by.

Сяброўка Ларычава Ганна і ягоныя родзічы спрабавалі знайсьці Ларычава, ды яго тэлефон быў недасяжны, у Кастрычніцкім і Маскоўскім РУУС Менску сяброўцы казалі, што Ларычава ў іх няма. Толькі ў ноч на 28 красавіка Ганьне патэлефанавалі зь міліцыі і паведамілі, што Ларычава будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Менску за дробнае хуліганства.

У чым заключалася хуліганства, калі менавіта будзе суд і чаму цэлы дзень пра затрыманьне нікому не паведамлялася, не гаворыцца.

Ларычаў быў зьбіты невядомымі ​4 красавіка. Ён падаў заяву ў міліцыю , але сам пазьней быў затрыманы і пакараны штрафам у 1150 рублёў за дамалёўку колкага дроту на мурал «Масква-Менск», хоць аўтара работы не называлі ні ў Signal, ні ў міліцыі.

Ларычаў зьвязвае сваё зьбіцьцё з асьвятленьнем акцыі аб зьяўленьні постэраў вядомых дзяржаўных службоўцаў. У апошні час на старонцы суполкі Signal у сацыяльных сетках публікаваліся фота розных графіці, прысьвечаных высокім беларускім чыноўнікам.

Суполка Blog-TV Trixter сьцьвярджае, што ўзяла інтэрывію з адным з ананімных аўтараў згаданых постэраў. Той таксама зьвязвае зьбіцьцё Ларычава з асьвятленьнем акцыяў з постэрамі.

XS
SM
MD
LG