Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску абласны суд скараціў 15-суткавы арышт праваабаронцы Паўла Левінава на 10 гадзін


Павал Левінаў, архіўнае фота

Паўлу Левінаву не ўдалося абскардзіць пастанову Кастрычніцкага райсуду Віцебску, які ў асобе судзьдзі Іны Грабоўскай прызнаў праваабаронцу вінаватым нібыта ва ўдзеле ў дзьвюх несанкцыянаваных акцыях.

17-га красавіка суд пастанавіў пакараць яго арыштам на 15 сутак.

У абласным судзе інтарэсы праваабаронцы прадстаўляў ягоны родны брат Андрэй, бо сам Павал Левінаў працягвае лячэньне, распачатае ў пачатку красавіка.

Тое, што Паўла Левінава пакаралі ў ягоную адсутнасьць, пакуль ён знаходзіўся ў лячэбных установах, прадстаўнік праваабаронцы кваліфікаваў у абласным судзе яе пазбаўленьне права на абарону і тлумачэньні. Судзьдзі абласнога суду Ірыне Смаляковай самыя поўныя тлумачэньні былі прадстаўлены ў касацыйнай скарзе з 6 дадаткамі. Галоўнае, на што была зьвернута ўвага суду — гэта беспадстаўнасьць затрыманьня Паўла Левінава 26-га сакавіка.

На праваабаронцу па затрыманьні склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка, падчас якіх ён нібыта выказваў свае погляды наконт гадавіны стварэньня БНР, а таксама сваё стаўленьне да дэкрэту № 3. Тамсама ж, у Кастрычніцкім РАУС, Павал Левінаў адразу тлумачыў, што мае заданьне ад Беларускага Хэльсынскага камітэту назіраць за масавымі мерапрыемствамі, што ў яго ёсьць пасьведчаньне назіральніка, а таксама ён пазаштатны журналіст газэты «Витебский курьер». Усё гэта сьведчыць, што ён ня браў удзелу ні ў адной акцыі, а прысутнічаў там у якасьці прадстаўніка СМІ і назіральніка ад зарэгістраванай праваабарончай структуры.

На судзьдзю Ірыну Смалякову выказаная ў скарзе пазыцыя аўтара скаргі не паўплывала. Як, зрэшты, і выступ прадстаўніка Андрэя Левінава, які цягам гадзіны бараніў брата, выкрываючы і беспадстаўнасьць затрыманьня, і памылкі ў міліцэйскіх дакумэнтах, і працэсуальныя парушэньні падчас разгляду ў Кастрычніцкім райсудзе.

Абласны суд зьмяніў пастанову суду першай інстанцыі толькі ў адным: пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін 15-суткавага арышту час з 13.10 да 23.20 26-га сакавіка. Гэта пэрыяд ад затрыманьня Паўла Левінава да таго моманту, як яго забрала зь ізалятару часовага ўтрыманьня «хуткая дапамога». У Левінава падняўся ціск, здарыўся гіпэртанічны крыз, і наступствы хваробы прывялі да таго, што й да сёньняшняга дня ягонае здароўе не нармалізавалася.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG