Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты памаліліся за невядомых ахвяраў, расстраляных каля вёскі Хайсы


Малітву па бязьвінна загінулых прамовіў сьвятар грэка-каталіцкай канфэсіі айцец Зьміцер, а маліліся зь ім разам віцебскія актывісты, пераважна ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы́», названай паводле вёскі ў Віцебскім раёне.

Каля сымбалічнай магілы
Каля сымбалічнай магілы

Зьнічы ў памяць пра загінулых
Зьнічы ў памяць пра загінулых

Каля гэтай вёскі яшчэ ў 2014 годзе былі знойдзены чалавечыя парэшткі: косткі і чарапы ляжалі каля раскапаных ямаў. На думку відавочцаў, там «пагаспадарылі» так званыя «чорныя капальнікі»: яны шукалі каштоўнасьці, а чалавечыя косткі былі ім без патрэбы...

Чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы
Чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы

Малітва на краі ямы, дзе знайшлі чалавечыя косткі
Малітва на краі ямы, дзе знайшлі чалавечыя косткі

Увесну 2017-га ў тым самым лесе мясцовыя жыхары знайшлі яшчэ некалькі раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі. Яны зьвярнуліся ў міліцыю, а ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» — да мясцовых уладаў. Актывісты патрабавалі, каб у гэтыя мясьціны запрасілі навукоўцаў. Аднак пару тыдняў таму тут зьявіліся вайскоўцы з 52-га адмысловага батальёну. Іхная прафэсійная задача — эксгумацыя парэшткаў загінулых падчас вайны.

Парэшткі ў лесе
Парэшткі ў лесе

Падобна, гэта масавае пахаваньне соцень расстраляных
Падобна, гэта масавае пахаваньне соцень расстраляных

Некаторыя ямы ўжо пустыя — тут папрацавалі пашукавікі
Некаторыя ямы ўжо пустыя — тут папрацавалі пашукавікі

Віцебскія актывісты сумняюцца ў праўдзівасьці высноваў вайсковых археолягаў, якія працавалі каля Хайсоў мінулым разам, у 2015 годзе. Куды больш яны давяраюць аповедам і ўспамінам старажылаў, якія сьведчаць, што ў гэтым лесе ў 1938-39-х гадах расстрэльвалі мірных жыхароў.

Напярэдадні Радаўніцы ў гэтым «расстрэльным» лесе прагучаў малебен за тых, чые косткі дагэтуль ляжаць каля раскапаных ямаў. Костак значна паменшала ў параўнаньні з тым, як было тут раней. Відавочна, частку парэшткаў і фрагмэнтаў адзеньня сабралі вайскоўцы-пашукавікі, раскапаўшы глыбей жоўты жвір і леташняе лісьце.

Сьвежыя раскопы
Сьвежыя раскопы

Зноў пабывалі «чорныя капальнікі»
Зноў пабывалі «чорныя капальнікі»

Аднак у лесе відаць і новыя прыкметы дзеяньняў «чорных капальнікаў» — у той частцы, дзе невядомыя пахаваньні былі знойдзеныя ў 2014-м. Цяпер там зьявіліся новыя шурфы — невялікія ямы, якія рыюць, каб працаваць з мэталашукальнікам на глыбіні. Хаця на марадэрства ў лесе актывісты не аднойчы зьвярталі ўвагу мясцовых уладаў, тыя не зрабілі належных захадаў дзеля аховы тэрыторыі масавых пахаваньняў.

Такія ўказальнікі ў «расстрэльным лесе» ўсталявалі актывісты
Такія ўказальнікі ў «расстрэльным лесе» ўсталявалі актывісты

Загінулыя тут ахвяры дагэтуль не пахаваныя па-людзку
Загінулыя тут ахвяры дагэтуль не пахаваныя па-людзку

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб гэтыя мясьціны сталі мэмарыяльнымі. Яны працягваюць зьбіраць сьведчаньні пра сталінскія расстрэлы, некалькі разоў на год прыбіраюць вакол крыжоў, усталяваных у памяць пра невядомых ахвяраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG