Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты ініцыятывы «Хайсы»: патрабуем узяць пад ахову тэрыторыю і па-людзку пахаваць ахвяраў!


Жыхары вёскі Хайсы знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі

У Віцебску дамагаюцца расьсьледаваньня сталінскіх забойстваў і ўшанаваньня памяці ахвяраў.

Ініцыятыва «Хайсы» — група актывістаў, якая патрабуе дасьледаваньня масавых пахаваньняў каля аднайменнай вёскі ў Віцебскім раёне. Увосень 2014 году вяскоўцы знайшлі ў суседнім лесе паўдзясятка раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі, а дзе-нідзе косткі і чарапы проста былі раскіданыя пад нагамі. Паводле ўспамінаў старажылаў, у лесе, які недалёка ад вёскі, у 1937-38 гадах адбываліся «сталінскія расстрэлы».

Чалавечыя косьці і рэчы каля раскапаных ямаў

Чалавечыя косьці і рэчы каля раскапаных ямаў

Гэтай вэрсіі не падтрымліваюць мясцовыя ўлады. Летась, пасьля працы спэцыяльнага пошукавага батальёну, чалавечыя парэшткі былі пахаваныя ў брацкай магіле як ахвяры Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета гісторыя паўтарылася: вясковец Юрый Садкоў знайшоў у лесе паўтара дзясятка раскапаных ямаў і выкінутыя на паверхню чалавечыя косьці і чарапы. Парэшткі былі знойдзеныя прыкладна за 400 мэтраў ад мясьцін, дзе некалі працаваў выкліканы Мазалаўскім сельсаветам пошукавы батальён. Пошукавікі зрабілі высновы, што гэта было пахаваньне ваеннага часу, але з гэтым ня згодны заснавальнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

«Кулявыя адтуліны ў патыліцы, а галоўнае — успаміны людзей, якія памятаюць або чулі, як у гэтым лесе НКВД расстрэльвала ахвяраў сталінізму, не палічылі за вартыя доказы! Мы рыхтуем новы зварот да мясцовых уладаў, каб яны выклікалі архэолягаў-навукоўцаў, а не батальён, які працуе выключна з вайсковымі пахаваньнямі. Сёлетнія знаходкі — гэта і чарапы, дзе захаваліся зубы, гэта і абутак, на якім відаць даты вырабу, і іншыя рэчы. Напрыклад, керамічны кубак вытворчасьці мясцовага ганчарнага заводу, які працаваў на Гарадоччыне да вайны... Я падкрэсьліваю, што знаходак дастаткова, каб навукоўцы зрабілі дакладныя высновы пра час пахаваньня!»

Рэчы з раскопу

Рэчы з раскопу

Участковы міліцыянт Аляксандар Грышановіч выяжджаў на месца на выклік мясцовых жыхароў. Ён расказаў Свабодзе, што частку касьцей і рэчаў зь нядаўніх раскопаў сьледчыя забралі на экспэртызу.

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў гаворыць, што гісторыя паўтараецца:

«У 2014 годзе пасьля нашага звароту ў міліцыю і Сьледчы камітэт частку парэшткаў таксама забіралі міліцыянты. Скончылася тым, што нам даслалі паведамленьне, што гэтыя парэшткі загадана пахаваць службам ЖКГ. Пра зробленыя высновы ўвогуле нічога не паведамілі. Атрымалася так, што большая частка парэшткаў, эксгумаваная пошукавым батальёнам, пахаваная ў брацкай магіле на станцыі Лужасна. А дзе пахавалі тыя косьці, што забралі міліцыянты, так і не вядома!»

Актывісты патрабуюць, каб парэшткі былі пахаваныя па-людзку

Актывісты патрабуюць, каб парэшткі былі пахаваныя па-людзку

Актывісты ініцыятывы «Хайсы» настойваюць, каб тэрыторыю каля аднайменнай вёскі неадкладна ўзялі пад ахову. Хаця б да таго часу, пакуль гэтае месца ня будзе дасьледавана навукоўцамі. Як мінімум, каб яго абгарадзілі, а лепш, каб абсталявалі відэакамэрамі. Каб парэшткі пахаваных тут невядомых ахвяраў не станавіліся ахвярамі другі раз — пад рыдлёўкамі «чорных капальнікаў». Бо ніякіх захадаў супраць іх пасьля першых страшных знаходак у 2014 годзе зроблена не было.

Гэтая тэрыторыя мусіць стаць ахоўнай, лічаць актывісты

Гэтая тэрыторыя мусіць стаць ахоўнай, лічаць актывісты

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG