Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрэнныя навіны ад навукоўцаў: каранавірус ня зьнікне, хварэць ім будуць тры-чатыры разы на год


Распаўсюджваньне варыянту Омікрон дало навукоўцам трывожны адказ на пытаньне «Як часта можна заразіцца каранавірусам?» Аказваецца, шмат разоў, часам на працягу некалькіх месяцаў.

Пра гэта піша The New York Times.

Вірус, які не паказвае прыкмет зьнікненьня, варыянты якога могуць ухіляцца ад ахоўных сіл арганізму, хвалі інфэкцый якога прыходзяць два або тры разы на год — вось магчымая будучыня COVID-19, якой цяпер баяцца навукоўцы.

Асноўная праблема заключаецца ў тым, што каранавірус стаў нашмат больш здольны паўторна заражаць людзей. Тыя, хто раней быў заражаны першым варыянтам Омікрону, ужо хварэюць на найноўшыя вэрсіі гэтага вірусу — BA.2 (Стэлс-Омікрон) ці BA2.12.1 у ЗША і BA.4 і BA.5 у Паўднёвай Афрыцы.

Дасьледчыкі ў інтэрвію New York Times расказалі, што людзі могуць заразіцца трэці і чацьвёрты раз нават на працягу гэтага году. А ў невялікай часткі можа разьвіцца і працяглы COVID-19 — стан, пры якім сымптомы хваробы захоўваюцца месяцамі або нават гадамі.

«Мне здаецца верагодным, што гэта будзе свайго роду доўгатэрміновая мадэль, — кажа эпідэміёляг са Стэленбоскага ўнівэрсытэту ў Паўднёвай Афрыцы Джульет Пуліам. — Вірус будзе далей разьвівацца. І, верагодна, будзе шмат людзей, якія заразяцца ім некалькі разоў на працягу жыцьця».

Гэта ня тое, чаго чакалі навукоўцы. Раней экспэрты лічылі, што імунітэт ад вакцынацыі ці папярэдняй інфэкцыі прадухіліць большасьць паўторных інфэкцый.

Але Омікрон абвергнуў гэтыя спадзяваньні. У адрозьненьне ад папярэдніх варыянтаў, Омікрон і яго шматлікія нашчадкі эвалюцыянавалі і набылі здольнасьць часткова ўхіляцца ад імунітэту. Гэта робіць усіх людзей, нават тых, хто быў прышчэплены некалькі разоў, уразьлівымі для наступных множных інфэкцый.

«Калі нашы магчымасьці даваць рады пандэміі будуць на цяперашнім узроўні, то большасьць людзей будуць заражацца каранавірусам прынамсі пару разоў на год, — кажа Крыстыян Андэрсан, вірусоляг з Дасьледчага інстытуту Скрыпса ў Сан-Дыега. — Я быў бы вельмі зьдзіўлены, калі б гэта было ня так».

Новыя варыянты не адмянілі фундамэнтальнай карысьці ад вакцын супраць COVID-19. Большасьць людзей, якія атрымалі тры або нават дзьве дозы, не захварэюць нагэтулькі цяжка, каб мець патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Бустэрная прышчэпка, як і папярэдні кантакт зь вірусам, зьніжае верагоднасьць паўторнага заражэньня, але не нашмат.

У пачатку пандэміі многія экспэрты грунтавалі свае прагнозы па каранавірусе на паводзінах найбольш знаёмага ім ворага — віруса грыпу. Яны прадказвалі, што, як і ў выпадку з грыпам, кожны год будзе адна буйная ўспышка, хутчэй за ўсё, восеньню. І адзіны спосаб зьвесьці да мінімуму распаўсюджваньне каранавірусу — прышчапіць людзей да яго прыходу.

Але замест гэтага каранавірус паводзіць сябе хутчэй так, як чатыры яго блізкія каранавірусныя сваякі, што даўно цыркулююць па плянэце і выклікаюць прастуду круглы год.

«Калі паўторнае заражэньне акажацца нормай, каранавірус ня будзе прыходзіць раз у год зімой — кажа эпідэміёляг з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку Джэфры Шаман. — І гэта ня будзе проста лёгкай непрыемнасьцю з пункту гледжаньня колькасьці заражэньняў і сьмерцяў».

Паўторнае заражэньне больш раньнімі варыянтамі, у тым ліку Дэльтай, сапраўды здаралася, але адносна рэдка. Аднак у верасьні 2021 году тэмпы паўторнага заражэньня ў Паўднёвай Афрыцы паскорыліся і заставаліся прыкметна высокімі да лістапада, калі і быў ідэнтыфікаваны варыянт Омікрон.

Омікрон дастаткова адрозьніваўся ад Дэльты, а Дэльта ад больш раньніх вэрсій віруса, таму можна было чакаць некаторых паўторных заражэньняў. Цяпер жа Омікрон эвалюцыянаваў у новыя формы, якія з адносна невялікай колькасьцю зьменаў у генэтычным кодзе, пранікаюць праз імунную сыстэму чалавека.

«Насамрэч для мяне гэта крыху нечакана, — кажа вірусоляг з Афрыканскага навукова-дасьледчага інстытуту аховы здароўя Алекс Сыгал. — Я думаў, што павінен узьнікнуць зусім новы варыянт, каб уцячы ад імунітэту. Аказалася, што гэта ня так».

Заражэньне чалавека Омікронам выклікае больш слабы імунны адказ, які да таго ж хутка слабее ў параўнаньні з папярэднімі варыянтамі вірусу. Хоць усе найноўшыя вэрсіі гэтага варыянту цесна зьвязаныя паміж сабой, яны дастаткова адрозьніваюцца з пункту гледжаньня імунітэту чалавека, так што заражэньне адным з варыянтаў не дае дастатковай абароны ад іншых. Адпаведна, новая інфэкцыя можа здарацца праз тры-чатыры месяцы або і раней.

Добрая навіна заключаецца ў тым, што большасьць людзей, якія паўторна заразіліся новымі вэрсіямі Омікрону, сур’ёзна не захварэюць. Прынамсі, на дадзены момант вірус не знайшоў спосабу цалкам абысьці імунную сыстэму чалавека.

«Верагодна, гэта самае лепшае, што можа быць у цяперашні час, — кажа доктар Сыгал. — Вялікая небясьпека прыйдзе тады, калі варыянт стане зусім іншым».

Мэдыкі кажуць, што кожная інфэкцыя можа прынесьці з сабой магчымасьць працяглага COVID-19 — так называюць сукупнасьць сымптомаў, якія захоўваюцца на працягу месяцаў ці гадоў. Але пакуль рана казаць, як часта заражэньне Омікронам прыводзіць да працяглага COVID-19, асабліва ў прышчэпленых людзей.

«Кожны раз, калі мы думаем, што прайшлі праз гэта і ў нас ёсьць абарона, вірус падманвае нас — кажа доктар Андэрсан. — І спосаб узяць сытуацыю пад кантроль — гэта ня тое, што фармулюецца фразай: «давайце ўсе будзем заражацца некалькі разоў на год, а затым спадзявацца на лепшае».

Паводле экспэртаў, каб не адставаць ад каранавірусу, які няспынна разьвіваецца, вакцыны супраць COVID-19 павінны абнаўляцца нават хутчэй, чым вакцыны супраць грыпу, якія мянюць раз на год.

Зрэшты, паводле гэтых жа экспэртаў, нават няпоўнае супадзеньне вакцыны з новай формай каранавірусу ўсё роўна пашырыць імунітэт і ўсё ж забясьпечыць пэўную абарону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG