Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: дзеці распаўсюджваюць інфэкцыю гэтак сама, як і дарослыя


Новыя вялікія дасьледаваньні паказваюць, што дзеці старэйшага ўзросту распаўсюджваюць каранавірус гэтак жа, як і дарослыя, піша The New York Times.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Дасьледаваньне з удзелам амаль 65 000 чалавек у Паўднёвай Карэі паказала, што паўторнае адкрыцьцё школ выкліча новыя ўспышкі.

У гарачых дэбатах з нагоды адкрыцьця школ адна з галоўных спрэчак вялася вакол пытаньня, ці могуць дзеці распаўсюджваць вірус і наколькі эфэктыўна.

Вялікае новае дасьледаваньне з Паўднёвай Карэі дало адказ: дзеці да 10 гадоў перадаюць вірус іншым значна радзей, чым дарослыя, але рызыка ня роўная нулю. А вось людзі ва ўзросьце ад 10 да 19 гадоў могуць распаўсюджваць вірус прынамсі гэтак жа, як і дарослыя.

Атрыманыя дадзеныя сьведчаць аб тым, што па меры адкрыцьця школ могуць зьявіцца кластары інфэкцыі, у якія ўваходзяць дзеці ўсіх узростаў, папярэджваюць экспэрты.

Раней некалькі дасьледаваньняў з Эўропы і Азіі паказалі, што маленькія дзеці менш схільныя да заражэньня і распаўсюджваньня вірусу. Але большасьць тых дасьледаваньняў былі невялікімі і памылковымі, кажа доктар Ашыш Джа, дырэктар Гарвардзкага інстытуту глябальнай аховы здароўя.

Новае дасьледаваньне «зроблена вельмі старанна, яно сыстэматычнае і грунтавалася на вельмі вялікім ахопе насельніцтва, — кажа доктар Джа. — Гэта адно з найлепшых дасьледаваньняў, якія ў нас ёсьць на сёньняшні дзень у гэтым пытаньні».

Іншыя экспэрты таксама высока ацанілі маштаб і дакладнасьць аналізу.

Паўднёвакарэйскія дасьледнікі выявілі 5706 чалавек, якія першымі паведамілі пра сымптомы COVID-19 у сваіх сем’ях у пэрыяд з 20 студзеня па 27 сакавіка, калі школы былі зачыненыя, а затым прасачылі 59 073 кантактаў з гэтымі «індэкснымі выпадкамі». Лекары праверылі ўсе кантакты ў сям’і кожнага пацыента, незалежна ад сымптомаў, але аналізы бралі толькі ў тых кантактных асобаў, якія мелі сымптомы.

Першы чалавек у сям’і, у якога зьяўляюцца сымптомы, не абавязкова зьяўляецца першым інфікаваным. Дзеці таксама радзей, чым дарослыя, маюць сымптомы, таму аўтары дасьледаваньне, магчыма, недаацанілі колькасьць дзяцей, якія выпалі з ланцуга перадачы ў сваіх сем’ях.

Новае дасьледаваньне паказала, што дзеці ва ўзросьце да 10 гадоў прыкладна ў два разы радзей, чым дарослыя, перадаюць вірус іншым. Гэта сугучна і зь іншымі падобнымі аглядамі.

Навукоўцы называюць дзьве прычыны. Па-першае, дзеці звычайна выдыхаюць менш паветра — і, такім чынам, у памяшканьнях інфікаванага паветра бывае менш. І па-другое, дзеці выдыхаюць паветра бліжэй да зямлі, што зьніжае верагоднасьць удыханьня яго дарослымі.

А старэйшыя дзеці паводле сваіх фізычным памераў блізкія да дарослых.

Так ці іначай, экспэрты мяркуюць, што школам трэба будзе падрыхтавацца да зьяўленьня інфэкцыі ў новым навучальным годзе. Акрамя фізычнага дыстанцыяваньня, гігіены рук і масак, школы павінны вырашыць, калі і як правяраць навучэнцаў і супрацоўнікаў, калі і як доўга патрабаваць ад людзей карантыну, а таксама ў якіх выпадках прымаць рашэньне аб закрыцьці і паўторным адкрыцьці школы.

Некаторыя экспэрты падкрэсьліваюць, што інфармацыі аб перадачы каранавірусу ў школах дагэтуль недастаткова. Некаторыя краіны, такія як Данія і Фінляндыя, пасьпяхова адкрылі школы падчас пандэміі, але іншым, такім як Кітай, Ізраіль і Паўднёвая Карэя, пасьля давялося зноў іх зачыняць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG