Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як унукам у пандэмію пабачыцца з бабуляй і дзядулем? Парады


Пандэмія аддзяліла многіх бабуль і дзядуляў ад унукаў. Газэта The New York Times сабрала парады спэцыялістаў, як бясьпечна арганізаваць сустрэчы найстарэйшага і наймалодшага пакаленьняў адной сям’і.

Ізаляцыя шкодзіць пажылым

У часы самаізаляцыі многія бабулі і дзядулі ссумаваліся па сваіх унуках. Але дарослыя дзеці ня хочуць рызыкаваць здароўем сваіх бацькоў, разумеючы, што рызыка для пажылых людзей нашмат большая. І гэта праўда. Паводле амэрыканскага Цэнтру кантролю і прафіляктыкі хваробаў, восем зь дзесяці выпадкаў сьмерці ад COVID-19 прыпадае на людзей ва ўзросьце 65 гадоў і старэй.

Але здаровае жыцьцё — гэта ня проста фізычнае здароўе. Адзінота таксама зьяўляецца агульнай перадумовай для пагаршэньня здароўя і сьмяротнасьці ў людзей, старэйшых за 60 гадоў.

Паколькі жорсткая рэальнасьць пандэміі COVID-19 будзе цягнуцца як найменш доўгія месяцы, а магчыма, і гады, многія бабулі і дзядулі пытаюцца: «Як мне бясьпечна пабачыцца з унукамі?»

«Гэта складана, бо пажылыя людзі асабліва ўразьлівыя да гэтага вірусу, — кажа Джулія Маркус, эпідэміёляг-інфэкцыяніст, дацэнт Гарвардзкай мэдычнай школы. — Вядома, самы бясьпечны падыход — пазьбягаць кантакту з бабулямі і дзядулямі, але гэта ня вельмі добра для ўсіх, і ёсьць рэальныя спосабы мінімізаваць рызыку, калі людзі ўсё ж вырашаць пабачыцца са старэйшымі сваякамі».

Рэвізія кантактаў

Спэцыялісты раяць найперш ацаніць кантакты кожнага члена сям’і.

Адкажыце на наступныя пытаньні:

  • Колькі разоў хтосьці з вас хадзіў у краму?
  • Ці сустракаліся вы з сябрам падчас шпацыру?
  • Калі вы займаецеся прабежкай, наколькі вы блізкія да іншых бегуноў?
  • Ці кантактавалі вашы дзеці ў парку зь іншымі дзецьмі, перш чым вы маглі іх спыніць?
  • Ці заўсёды вы і вашы дзеці носіце маску?

Пасьля падвядзеньня вынікаў можна ацаніць прабелы ў сваім карантыне. Магчыма вы зможаце выключыць самыя вялікія рызыкі, напрыклад, зьменшыць колькасьць паходаў у краму да аднаго разу на тыдзень і менш, палепшыць гігіену рук і надзець маску.

Ідэальным, як вядома, лічыцца 14-дзённы карантын, пасьля якога сям’я можа з большай упэўненасьцю і бясьпекай наведаць свайго старэйшага члена.

Сустрэча на адкрытым паветры

Больш бясьпечная стратэгія кантакту — правесьці разам час на адкрытым паветры. Рызыка перадачы вірусу на вуліцы значна ніжэйшая, чым у памяшканьні. Кожны чалавек павінен вымыць рукі і трымацца на адлегласьці два мэтры адзін ад аднаго.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што адлегласьць павінна быць тры-чатыры мэтры, калі бабуля і дзядуля вельмі пажылыя або маюць хранічныя праблемы са здароўем.

Нават на сьвежым паветры ўсе людзі ва ўзросьце ад двух гадоў, а ня толькі бабуля і дзядуля, павінны насіць маскі.

Як пераканаць дзяцей быць асьцярожнымі

Дзеці часьцей згаджаюцца надзець маску, калі вы растлумачыце ім, што яны абараняюць любімага чалавека.

Хоць бацькі часам могуць хвалявацца, што гэтыя меры засьцярогі будуць ствараць занадта вялікі стрэс для дзіцяці, дасьледаваньні паказваюць, што нават маленькія дзеці разумеюць канцэпцыю выратаваньня і аховы людзей.

«Накшталт таго, як супэргероі дапамагаюць ратаваць людзей, — кажа доктар Нэха Чадхары, дзіцячы і падлеткавы псыхіятар у Гарвардзкай мэдычнай школе. — Бацькі могуць растлумачыць неабходнасьць зрабіць так, каб бабуля і дзядуля не хварэлі, стрымліваць сябе на пэўнай адлегласьці ад іх, адгарадзіцца ад іх, напрыклад, крэслам і мець маску на твары».

«Маленькія дзеці звычайна разумеюць ідэю, што нешта дзеецца дрэннае, і імкнуцца зрабіць дабро» — падсумоўвае доктар Чадхары.

Што рабіць, калі фізычны кантакт адбыўся

Найперш, не панікуйце, калі дзіця парушыла бар’ер сацыяльнага дыстанцыяваньня і наблізілася да бабулі і дзядулі. Кароткія сустрэчы не ствараюць вялікай рызыкі. Ня трэба выклікаць празьмерны страх у дзяцей.

Але доўгія абдымкі і сядзеньне ў дзядулі і бабулі на каленях не рэкамэндуюцца.

Калі бабуля і дзядуля маюць на тварах маскі, хуткія абдымкі дзіцяці вакол іх таліі ці каленяў, а таксама тварам як мага далей адзін ад аднаго, ствараюць, паводле экспэртаў, вельмі малую рызыку.

Далёкія візыты

Гэта больш складаны выпадак. Вы павінны спыніцца ў гатэлі ці ў арэндаваным жытле, бо ў доме ці кватэры бабулі і дзядулі гэтага рабіць не рэкамэндуецца.

І тут трэба аддаваць перавагу сустрэчы на сьвежым паветры з маскамі і мыцьцём рук.

Калі ж дарога была вельмі доўгаю, вы спыняліся ў рэстаранах і карысталіся грамадзкімі прыбіральнямі, тады лепш адкручваць карантын да нуля і чакаць 14 дзён у ізаляцыі. А гэта, вядома, выглядае маларэальна.

Так ці іначай, трэба ведаць, што з часам рызыкі зьменшацца. Некаторыя рэгіёны могуць стаць больш бясьпечнымі з увагі на эпідэміялягічную сытуацыю.

Лета — найлепшы час

Экспэрты кажуць, што лета можа стаць найлепшым часам для наведваньня і сустрэч з пажылымі членамі сям’і, найперш таму, што цёплае надвор’е дазваляе праводзіць разам больш часу на сьвежым паветры.

А таксама таму, што восеньню і зімой чакаецца ўсплёск новых выпадкаў хваробы. І тады для найбольш уразьлівых зноў можа быць рэкамэндаваны больш строгі карантын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG