Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус выклікае інсульты ў маладых людзей, — The Washington Post


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскае выданьне The Washington Post піша, што лекары б’юць трывогу з прычыны прыкметнай колькасьці інсультаў сярод заражаных каранавірусам маладых людзей, хвароба якіх працякала ў лёгкай форме.

Узрост такіх пацыентаў ад 30 да 40 гадоў, многія зь іх нават ня ведалі, што заразіліся каранавірусам, а цяпер некаторыя зь іх паралізаваныя, а іншыя загінулі ад інсультаў. І гэта пры тым, што сярэдні ўзрост пацыентаў з інсультамі ў ЗША — 74 гады.

Выпадак, якога нэўрахірург ніколі ня бачыў

Газэта апісвае выпадак, які здарыўся ў адной з клінік Мангэтану. Інтэрвэнцыйнага нэўрахірурга Томаса Оксьлі тэрмінова выклікалі на працу, бо ў той дзень у клініцы не хапала дактароў для лячэньня тэрміновых пацыентаў з інсультамі.

Томасу Оксьлі трапіўся малады чалавек ва ўзросьце троху за трыццаць гадоў. Ён не прымаў ніякіх лекаў і ня меў хранічных хваробаў. Ён выконваў умовы карантыну, быў увесь час дома і адчуваў сябе вельмі добра. Але ў нейкі момант яму стала цяжка гаварыць і рухаць правай часткай свайго цела. Тамаграфія паказала вялікую закупорку сасуда ў левай частцы галавы. Аналіз таксама паказаў інфікаваньне COVID-19.

А далей Томас Оксьлі расказвае пра відовішча, якога ён як лекар ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў і якое выклікала ў яго жах.

Звычайна на маніторах, кажа доктар Оксьлі, мозг выглядае як згустак чорных загагулін, які нагадвае спагеці ў слоіку. Тромб на іх фоне выглядае як пустое месца. І вось калі хірург увёў доўгую іглу, каб выдаліць тромб, ён з жахам убачыў як навокал пачалі фармавацца новыя тромбы. «Гэта было шаленства», — кажа лекар.

Нашмат большая пагроза, чым лічылася дагэтуль

Паведамленьняў пра інсульты ў маладых людзей зьяўляецца ўсё больш, і якраз яны пачынаюць істотна мяняць уяўленьне чалавецтва пра новую хваробу, якая паразіла сьвет, піша The Washington Post. Пакуль такіх паведамленьняў у параўнаньні з усёй статыстыкай хваробаў няшмат, але яны істотна ўплываюць на разуменьне каранавірусу новага тыпу.

Яшчэ нядаўна гэты патаген лічыўся вірусам, які паражае лёгкія. Але цяпер зразумела, што ён аказаўся нашмат больш пагрозьлівы і паражае практычна ўсе асноўныя сыстэмы ў арганізьме чалавека.

Цяпер тры буйныя мэдычныя цэнтры ЗША рыхтуюць публікацыю пра свае назіраньні за выпадкамі інсультаў у маладых пацыентаў з COVID-19 і пра зробленыя імі высновы.

Таямнічае ўскладненьне

Адзін з такіх цэнтраў — шпіталь Томаса Джэфэрсана ў Філядэльфіі. Нэўрахірург гэтай установы Паскаль Джабур называе мазгавыя тромбы таямнічым ускладненьнем згортваньня крыві ў «кавідных» пацыентаў. Лекар кажа, што ў маладых людзей утвараецца адразу некалькі тромбаў у мозгу, што вельмі незвычайна.

«Пакуль мы будзем пасьпяхова лячыць адзін перакрыты тромбам сасуд, у пацыента можа здарыцца сур’ёзны інсульт у іншай частцы мозгу», — кажа Паскаль Джабур.

Лекары кажуць, што тромбы ўтвараюцца як у артэрыях, так і ў жылах. Згубныя згусткі крыві фіксуюцца ў сэрцы, лёгкіх і іншых органах хворага на COVID-19 чалавека.

Надзея на антытрамбозную тэрапію

The Washington Post таксама прыводзіць сьведчаньне доктара Томаса Оксьлі пра посьпех лячэньня мазгавых ускладненьняў у пацыентаў, хворых на COVID-19, пры дапамозе антытрамбознай тэрапіі.

Доктар расказвае пра 33-гадовую, цалкам здаровую раней пацыентку, якая трапіла ў лякарню пасьля таго, як праз тыдзень галаўнога болю і кашлю ў яе анямела левая частка цела. Тамаграфія паказала, што ў пацыенткі ў мозгу два тромбы, а ў лёгкіх — плямы «матавага шкла», тыповага сымптому COVID-19. Пацыентка атрымала два віды тэрапіі, накіраванай на разбурэньне тромбаў, і на 10-ты дзень была дастаткова здаровая, каб яе выпісалі.

* * *

На наступным тыдні тры вялікія каманды амэрыканскіх лекараў апублікуюць у часопісе New England Journal of Medicine свае высновы пра лячэньне інсультаў у маладых пацыентаў з COVID-19.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG