Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у паветры больш небясьпечны, чым лічылася дагэтуль. Асабліва ў памяшканьнях


239 экспэртаў з 32 краін заявілі, што верагоднасьць заразіцца COVID-19 праз паветра большая, чым лічыць САЗ. Пра спрэчку ўсясьветнай навуковай супольнасьці з Сусьветнай арганізацыяй здароўя піша амэрыканская The New York Times.

Нягледзячы на ўсё больш частыя і пераканаўчыя сьведчаньні аб небясьпецы дробных інфікаваных вірусам аэразольных кропелек, САЗ усё яшчэ заяўляе, што вынікі дасьледаваньняў не канчатковыя, і далей сьцьвярджае, што небясьпеку ўяўляюць найперш буйныя кроплі, якія ўтвараюцца, калі хворыя кашляюць і чхаюць.

Каранавірус, піша газэта, знаходзіць усё новыя ахвяры па ўсім сьвеце ў барах, рэстаранах, офісах, на рынках і ў казіно. І гэта ўсё больш пацьвярджае высновы многіх навукоўцаў: вірус затрымліваецца ў паветры памяшканьняў, заражаючы навакольных людзей.

Калі паветраная перадача — значны фактар у пандэміі, асабліва ў людных месцах з дрэннай вэнтыляцыяй, наступствы будуць істотныя. Маскі могуць спатрэбіцца ў памяшканьні, нават у сацыяльна аддаленых месцах. Мэдыкам, якія лечаць пацыентаў з каранавірусам, могуць спатрэбіцца рэсьпіратары, якія адфільтроўваюць нават найдрабнейшыя рэсьпіраторныя кроплі.

Сыстэмы вэнтыляцыі ў школах, дамах састарэлых, жылых дамах і на прадпрыемствах, магчыма, павінны мінімізаваць рэцыркуляцыю паветра і дадаваць новыя магутныя фільтры.
Для зьнішчэньня вірусных часьцінак, якія плаваюць у выглядзе дробных кропель у памяшканьнях, можа спатрэбіцца ўльтрафіялетавае выпраменьваньне.

Ужо сёньня ясна, што памяшканьні, дзе працуюць людзі, трэба як мага часьцей праветрываць, каб праз вокны паступала чыстае паветра.

Але Сусьветная арганізацыя аховы здароўя даўно лічыць, што каранавірус распаўсюджваецца галоўным чынам з буйнымі рэсьпіраторнымі кроплямі, якія выдзяляюцца заражанымі людзьмі пры кашлі і чханьні і хутка падаюць на падлогу.

Нават у сваёй апошняй абноўленай інфармацыі пра каранавірус, выпушчанай 29 чэрвеня, САЗ сьцьвярджае, што паветраная перадача вірусу магчымая толькі пасьля мэдычных працэдур, пры якiх утвараюцца аэразолі або кроплі памерам менш за 5 мікрон (мікрон роўны адной мільённай долі мэтру).

Але ў адкрытым лісьце ў Сусьветную арганізацыю здароўя 239 навукоўцаў з 32 краін сьвету пералічылі доказы і паказалі, што і драбнейшыя часьцінкі могуць пераносіць заразу. Навукоўцы заклікаюць САЗ тэрмінова перагледзець свае рэкамэндацыі.

Дасьледчыкі плянуюць апублікаваць свой ліст у навуковым часопісе на гэтым тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG