Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Moderna супраць Pfizer: якая вакцына лепшая


Сэрыя дасьледаваньняў паказала, што вакцына Moderna пасьля некалькіх месяцаў кампаніі вакцынацыі аказалася больш моцнай, чым вакцына Pfizer-BioNTech.

Газэта New York Times піша, чаму так атрымалася.

Пасьля таго, як вакцыны ад каранавірусу былі дазволеныя, фэдэральныя чыноўнікі аховы здароўя ЗША пастаянна заяўлялі, што ўсе прышчэпкі аднолькава эфэктыўныя. Гэта, аднак, піша New York Times, аказалася ня так.

На гэты момант у Злучаных Штатах выкарыстана прыкладна 221 мільён дозаў вакцыны Pfizer-BioNTech і прыкладна 150 мільёнаў доз вакцыны Moderna. Пяць-шэсьць дасьледаваньняў, апублікаваных за апошнія некалькі тыдняў, паказалі, што вакцына Moderna празь некалькіх месяцаў пасьля прышчэпкі больш моцна засьцерагае чалавека ад хваробы, чым вакцына Pfizer-BioNTech.

Апошняе такое дасьледаваньне, апублікаванае ў The New England Journal of Medicine, ацаніла рэальную эфэктыўнасьць вакцынаў у прадухіленьні сымптаматычных захворваньняў прыкладна ў 5000 мэдычных работнікаў у 25 штатах ЗША. Дасьледаваньне паказала, што вакцына Pfizer-BioNTech мела эфэктыўнасьць 88,8% у параўнаньні з 96,3% у вакцыны Moderna.

Дасьледаваньне, апублікаванае Цэнтрам кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, паказала, што эфэктыўнасьць вакцыны Pfizer-BioNTech супраць шпіталізацыі ўпала з 91 да 77 адсоткаў праз чатыры месяцы пасьля другой прышчэпкі. Вакцына Moderna ня зьнізіла сваіх паказьнікаў за той жа пэрыяд.

Калі разрыў у эфэктыўнасьці працягне павялічвацца, гэта можа мець наступствы для дэбатаў аб рэвакцынацыі. Якраз гэтымі днямі фэдэральныя агенцтвы ЗША ацэньваюць патрэбу ў трэцяй іньекцыі вакцыны Pfizer-BioNTech для некаторых груп высокай рызыкі, уключаючы пажылых людзей.

Навукоўцы, якія першапачаткова скептычна ставіліся да паведамленьняў пра розьніцу паміж вакцынамі Moderna і Pfizer-BioNTech, паступова прыйшлі да перакананьня, што гэтая неадпаведнасьць невялікая, але рэальная.

«Наша зыходная здагадка палягала ў тым, што мРНК-вакцыны дзейнічаюць аднолькава, але затым вы пачынаеце бачыць падзел, — сказала Наталі Дын, біястатыст з Унівэрсытэту Эмары ў Атлянце. — Гэта невялікая розьніца, але, прынамсі, яна стабільная».

Хоць разыходжаньне невялікае, але рэальныя наступствы нявызначаныя, таму што абедзьве вакцыны па-ранейшаму вельмі эфэктыўныя ў прадухіленьні цяжкіх захворваньняў і шпіталізацыі, папярэдзіла Наталі Дын. Тое ж кажуць і іншыя спэцыялісты.

«Так, магчыма, ёсьць рэальная розьніца паміж тым, што знаходзіцца ў двух фляконах, — кажа Джон Мур, вірусоляг з Weill Cornell Medicine ў Нью-Ёрку. — Але наколькі гэтая розьніца мае значэньне ў рэальным жыцьці? Людзям, якія прымалі Pfizer, недарэчна хвалявацца з прычыны таго, што яны атрымалі няякасную вакцыну».

Нават у першапачатковых клінічных выпрабаваньнях трох вакцын, якія ў канчатковым выніку былі дазволеныя ў Злучаных Штатах — праведзеных кампаніямі Pfizer-BioNTech, Moderna і Johnson & Johnson, — было ясна, што вакцына J. & J. мела меншую эфэктыўнасьць, чым дзьве іншыя. З тых часоў дасьледаваньні пацьвердзілі гэтую тэндэнцыю, хоць J. & J. нядаўна абвясьціла, што другая доза вакцыны павышае яе эфэктыўнасьць да ўзроўняў, супастаўных зь іншымі.

Вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna заснаваныя на адной і той жа плятформе мРНК, і ў пачатковых клінічных выпрабаваньнях дэманстравалі дзіўна падобную эфэктыўнасьць супраць сымптаматычнай інфэкцыі: 95 працэнтаў для Pfizer-BioNTech і 94 адсоткі для Moderna. Таму яны былі апісаны як больш-менш эквівалентныя.

З часам высьветліліся нюансы. Вакцыны ніколі не параўноўваліся наўпрост у старанна распрацаваным дасьледаваньні, таму дадзеныя, якія паказваюць на тое, што эфэкты адрозьніваюцца, заснаваныя пераважна на назіраньнях.

Паводле словаў доктара Дзіна, вынікі гэтых дасьледаваньняў могуць быць скажоныя з прычыны любой колькасьці фактараў, уключаючы месцазнаходжаньне, узрост вакцынаванасьць насельніцтва, час імунізацыі і час паміж дозамі.

Напрыклад, вакцына Pfizer-BioNTech была распаўсюджаная за некалькі тыдняў да вакцыны Moderna сярод прыярытэтных груп — пажылых людзей і мэдычных работнікаў. Імунітэт слабее хутчэй у пажылых людзей, таму зьніжэньне, якое назіраецца ў групе, што складаецца пераважна з пажылых людзей, можа стварыць ілжывае ўражаньне, што абарона ад вакцыны Pfizer-BioNTech хутка падае.

Улічваючы гэтыя перасьцярогі, «я ня ўпэўнены, што розьніца сапраўды існуе, — сказаў доктар Біл Грубэр, старшы віцэ-прэзыдэнт Pfizer. — Я ня думаю, што існуе дастаткова дадзеных, каб зрабіць гэтую выснову».

Але да цяперашняга часу назіральныя дасьледаваньні далі вынікі ў шэрагу месцаў — Катар, клініка Маё ў Мінэсоце, некалькіх іншых штатах ЗША — і ў мэдычных работнікаў, шпіталізаваных вэтэранаў або насельніцтва ў цэлым.

Эфэктыўнасьць Moderna супраць цяжкіх захворваньняў у гэтых дасьледаваньнях вар’іравалася ад 92 да 100 працэнтаў. Паказьнікі Pfizer-BioNTech адставалі ад 10 да 15 працэнтных пунктаў.

Дзьве вакцыны рэзка разышліся ў эфэктыўнасьці супраць інфэкцыі. Абарона ад абедзьвюх з часам зьнізілася, асабліва пасьля зьяўленьня варыянту Delta, але паказьнікі вакцыны Pfizer-BioNTech ўпалі ніжэй. У двух нядаўніх дасьледаваньнях вакцына Moderna паказала больш эфэктыўную прафіляктыку захворваньняў больш чым на 30 працэнтных пунктаў.

Некалькі дасьледаваньняў паказалі, што ўзроўні антыцелаў, якія прадукуюцца вакцынай Pfizer-BioNTech, былі ад адной траціны да паловы ўзроўню антыцелаў, якія прадукуе вакцына Moderna. Тым ня менш гэтае зьніжэньне трывіяльнае, сказаў доктар Мур: для параўнаньня, існуе больш чым 100-разовая розьніца ва ўзроўнях антыцелаў сярод здаровых людзей.

Іншыя экспэрты заявілі, што сукупнасьць доказаў паказвае на неадпаведнасьць, якую варта вывучыць, прынамсі, сярод людзей, што слаба рэагуюць на вакцыны, уключаючы пажылых і людзей з аслабленым імунітэтам.

«Урэшце, я сапраўды думаю, што ёсьць невялікія, але рэальныя адрозьненьні паміж Moderna і Pfizer», — сказаў доктар Джэфры Ўілсан, імуноляг і лекар з Унівэрсытэту Вірджыніі, які быў суаўтарам аднаго такога дасьледаваньня, апублікаванага ў JAMA Network Open у верасьні. «У групах высокай рызыкі гэта можа быць актуальна. Было б добра, калі б людзі прыгледзеліся».

«Pfizer — гэта вялікі молат, — дадаў доктар Уілсан, — але Moderna — гэта кувалда».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG