Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: САЗ дазволіла прышчапляць цяжарных ад COVID-19


Цяжарныя жанчыны могуць бясьпечна атрымліваць вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэтае рашэньне Сусьветнай арганізацыі здароўя піша амэрыканская The New York Times.

Сусьветная арганізацыя здароўя ў пятніцу, 29 студзеня, зьмяніла свае рэкамэндацыі для цяжарных жанчын у справе вакцынацыі ад COVID-19. Раней САЗ процідзейнічала такой імунізацыі для большасьці будучых маці, калі яны не знаходзяцца ў групе высокай рызыкі.

Цяпер САЗ цалкам зьмяніла сваю пазыцыю. Гэтая зьмена адбылася пасьля пратэсту міжнародных мэдычных і навуковых аўтарытэтаў. Раней САЗ заяўляла, што «не рэкамэндуе вакцынацыю цяжарных жанчын» вакцынамі, вырабленымі кампаніямі Pfizer-BioNTech і Moderna.

У чацьвер, 28 студзеня, некалькі экспэртаў выказалі расчараваньне ранейшай пазыцыяй САЗ. Навукоўцы адзначылі, што такая пазыцыя супярэчыць рэкамэндацыям амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) у тым жа пытаньні і можа зьбіць з панталыку цяжарных жанчын, якія чакаюць ясных парадаў.

Вакцыны, вырабленыя Pfizer-BioNTech і Moderna, хоць і не тэставаліся на цяжарных жанчынах, не паказалі якіх-небудзь шкодных эфэктаў у дасьледаваньнях на жывёлах. Міжнародныя экспэрты лічаць, што тэхналёгія, якую выкарыстоўваюць у вакцынах, агулам бясьпечная.

Новая фармулёўка САЗ адлюстроўвае гэтую інфармацыю:

«Зыходзячы з таго, што мы ведаем пра гэты тып вакцын, у нас няма якіх-небудзь канкрэтных падстаў меркаваць, што існуюць пэўныя рызыкі, большыя, чым перавагі ад вакцынацыі цяжарных».

Рэкамэндацыя САЗ цяпер цалкам адпавядае пазыцыі CDC.
Экспэрты высока ацанілі гэтую зьмену і прывіталі пагадненьне паміж вядучымі сусьветнымі арганізацыямі аховы здароўя ў гэтым важным пытаньні.

«Мне было вельмі прыемна бачыць, што САЗ зьмяніла свае рэкамэндацыі адносна ўвядзеньня вакцыны ад COVID-19 цяжарным жанчынам», — сказаў доктар Дэніс Джэймісан, акушэр з Унівэрсытэту Эмары і сябра экспэртнай групы ў справе COVID-19 Амэрыканскага каледжа акушэрства і гінэкалёгіі. Гэтая асацыяцыя была сярод многіх арганізацый аховы жаночага здароўя, якія заклікалі кампаніі Pfizer і Moderna паскорыць тэставаньне вакцын на цяжарных жанчынах.

«Новае рашэньне САЗ дае цяжарным жанчынам важную магчымасьць прайсьці вакцынацыю і абараніць сябе ад сур’ёзных рызык, зьвязаных з COVID-19, — лічыць доктар Джэймісан. — Такі хуткі перагляд пазыцыі САЗ уражвае, гэта добрая навіна для цяжарных жанчын і іх немаўлят».

Цяжарныя жанчыны традыцыйна выключаюцца з клінічных выпрабаваньняў, што стварае недахоп навуковых дадзеных адносна бясьпекі лекаў і вакцын для жанчын і іх будучых дзяцей. Вакцыны звычайна лічацца бясьпечнымі, і з 1960-х гадоў лекары настойліва рэкамэндуюць імунізаваць цяжарных жанчын ад грыпу і іншых інфэкцыйных хваробаў нават пры адсутнасьці строгіх клінічных выпрабаваньняў.

Паводле новых заяў прадстаўніка кампаніі Pfizer, яна ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў будзе тэставаць сваю вакцыну на цяжарных жанчынах.

Таксама і Moderna плянуе стварыць рэгістар для назіраньня за пабочнымі эфэктамі ў жанчын, якія атрымалі вакцыну гэтай кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG