Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: ці правільна мы дэзынфікуем паверхні


З таго часу, як каранаваірус стаў пагрозай, многія з нас займаюцца прыборкай дому, распырскваючы ачышчальныя сродкі і праціраючы амаль усе паверхні, асабліва дзьвярныя ручкі і краны, піша амэрыканская The New York Times.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Людзі і раней сваімі рукамі мылі падлогі і іншыя паверхні ў кватэрах, праціралі пыл і маюць у гэтай справе пэўны спрыт. І вось якраз гэта ў часы пандэміі можа замінаць правільна ачышчаць дом. Бо многія з нас рабілі гэта схематычна і хутка: папырскалі, працерлі анучкай ці губкай і пайшлі далей.

Тым часам розныя дэзынфэкцыйныя сродкі, якія сёньня выкарыстоўваюцца для зьнішчэньня каранавірусу на паверхнях, цалкам выконваюць сваю функцыю за час ад 30 сэкунд да 10 хвілін. А некаторыя да таго ж яшчэ і вымагаюць, каб перад іх ужываньнем паверхі былі дадаткова ачышчаныя.

Каб разабрацца ў гэтым, The New York Times апытала навукоўцаў-інфэкцыяністаў і мікрабіёлягаў, якія вывучаюць і тэстуюць сродкі ачысткі. Агульны вынік: многія з нас сапраўды занадта хутка мыюць і праціраюць паверхні, каб каранавірус пасьпеў загінуць.

Як доўга дэзынфэкцыйны сродак павінен заставацца на паверхні?

«Чым даўжэй вы можаце падтрымліваць кантакт дэзынфэкцыйнай вадкасьці з паверхняй, тым лепш, — кажа доктар Эндру Янаўскі, інфэкцыяніст з Мэдычнай школы Вашынгтонскага ўнівэрсытэту. — Дома я чакаю прыкладна хвіліну пасьля нанясеньня спрэю, першы чым выцерці паверхню».

Каб даведацца, колькі часу рэкамэндуецца для таго ці іншага сродку дэзынфэкцыі, трэба ўважліва чытаць этыкеткі. Гэта можа быць ад 30 сэкунд да некалькіх хвілін. Таксама ня трэба блытаць сродкі антыбактэрыяльныя з тымі, якія забіваюць менавіта вірусы, у тым ліку каранавірус. Бо вірус — не бактэрыя.

Але і паранойі паддавацца ня трэба. Памятайце, што выпрабаваньні сродкаў дэзынфэкцыі адбываюцца ў значна больш складаных умовах, чым гэта бывае ў побыце. Мова пра канцэнтрацыю вірусу — падчас выпрабаваньняў яна нашмат большая, чым у хатніх умовах — звычайна каля 100 000 арганізмаў на квадратны сантымэтар.

«На самых распаўсюджаных паверхнях у кватэрах і лякарнях зьмяшчаецца менш за 100 арганізмаў на квадратны сантымэтар», — сказаў доктар Дэвід Вэбэр, прафэсар мэдыцыны і эпідэміялёгіі з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны.

І тым ня менш, ёсьць асаблівыя выпадкі, калі дэзынфэкцыю на паверхі трэба пакінуць на максымальна магчымы час. Гэта месцы, дзе вы працуеце з сырым мясам або тыя, зь якімі ў доме непасрэдна кантактуе хворы чалавек. Асабліва небясьпечныя экскрымэнты і ваніты хворага. Таму такія месцы трэба дэзынфікаваць асабліва пільна.

Цяпер даказана, што каранавірус нават у вельмі малых дозах здольны выклікаць цяжкія сымптомы ў страўнікава-кішэчным тракце.

Чаму на этыкетках некаторых сродкаў напісана, што паверхню перад дызэнфэкцыяй трэба ачысьціць?

Калі паверхня пакрытая крошкамі, брудам або разьлітай ежай, вам сапраўды спачатку трэба сабраць сьмецьце і бруд, і толькі пасьля выкарыстоўваць дэзынфэкцыю.

«Каб антывірусны сродак дзейнічаў, ён павінен судакранацца зь мікробам, — кажа доктар Вэбэр, які апрача працы ва ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны кансультуе фірму PDI, якая вырабляе сродкі дэзынфэкцыі. — Калі ў вас ёсьць пласт бруду, то ён можа абараніць вірусы. Ачыстка сапраўды павінна папярэднічаць дэзынфэкцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG