Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая рызыка заразіцца каранавірусам празь дзьвярныя ручкі і харчы ў краме?


Страхі перад заражэньнем ад забруджаных паверхняў прымусілі многіх людзей у апошнія месяцы праціраць антысэптыкам упакоўкі харчовых прадуктаў, пакідаць іх нераскрытымі, праціраць дзьвярныя ручкі і кнопкі ліфта, піша The New York Times.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Зыходзячы з дадзеных лябараторных дасьледаваньняў COVID-19 і таго, што мы ведаем пра падобныя захворваньні дыхальных шляхоў, чалавек можа заразіцца каранавірусам, дакрануўшыся да паверхні альбо прадмета, які мае на сабе інфэкцыю, а потым да рота, носа ці вачэй. Але гэта не асноўны спосаб распаўсюджваньня каранавірусу», — сьцьвярджае нядаўняя справаздача амэрыканскага Цэнтру кантролю хваробаў.

Разам з тым, рызыка заразіцца ад паверхняў усё ж існуе. Дзьвярныя ручкі, кнопкі ліфтаў і іншыя паверхні ў грамадзкіх месцах, у тым ліку ўпакоўкі ў крамах, могуць быць крыніцай інфэкцыі, але ключавое зьвяно ў гэтым ланцугу — дакрананьне бруднымі рукамі да твару, — сказала выданьню Эрын Бромаж, параўнальны імуноляг і прафэсар біялёгіі Ўнівэрсытэту Масачусэтсу.

Наагул мэдыкі заклікаюць не паддавацца паранойі і памятаць, што заражэньне — гэта вялікі ланцуг выпадковасьцяў і супадзеньняў.

Дасьледаваньні паказваюць, што каранавірус можа выжываць да трох дзён на плястыку і сталі, але як толькі ён прызямліцца на паверхню, жыцьцяздольныя вірусы за лічаныя гадзіны пачынаюць распадацца. Гэта азначае, што кропля на паверхні значна больш заразная адразу пасьля чханьня хворага, чым яе паўжывыя рэшткі праз два-тры дні.

Далей вы павінны падысьці і дакрануцца да забруджанай паверхні, «узяць» на свае рукі дастаткова жыцьцяздольных вірусаў, а потым яшчэ і дакрануцца да вачэй, носа ці рота. І толькі калі для вірусу ўсё будзе добра, вы захварэеце.

«Патрэбны доўгі ланцуг падзеяў, якія павінны адбыцца, каб хтосьці заразіўся пры кантактах з прадуктамі, поштай, кантэйнэрамі ды іншымі паверхнямі», — кажа Джулія Маркус, эпідэміёляг-інфэкцыяніст, дацэнт Гарвардзкай Мэдычнай школы. — Апошні крок у гэтым прычынна-выніковым ланцугу — дакрананьне да вачэй, носа ці рота бруднай рукой. Таму найлепшы спосаб пераканацца ў тым, што ланцуг разарваны, — памыць ці прадэзынфікаваць рукі».

Паколькі вірус адразу пасьля трапляньня на паверхню пачынае разбурацца, яшчэ адно зьвяно ланцуга — імавернасьць таго, што вы дакраняцеся да такога месца, дзе будзе шмат менавіта жывых вірусаў. Яна невысокая.

Яўген Чудноўскі, прафэсар гарадзкога ўнівэрсытэту Нью-Ёрку, пацьвярджае, што паверхні — ня надта эфэктыўны сродак перадачы вірусу. Напрыклад, пры грыпе патрабуецца мільён вірусаў, каб заразіць чалавека пры кантакце «ад рукі да носа», але для заражэньня вірусам грыпу шляхам «з паветра ў лёгкія» спатрэбіцца ўсяго некалькі тысяч вірусаў.

Прафэсар Чудноўскі кажа, што аналягічныя лічбы для каранавірусу пакуль невядомыя, але асаблівых падстаў сумнявацца, што яны падобныя, няма.

Так ці іначай, усе апытаныя The New York Times спэцыялісты згодныя ў адным: найлепшым спосабам засьцерагчыся ад каранавірусу — будзе гэта перадача праз заражаныя паверхні або шчыльны кантакт зь людзьмі — усё яшчэ застаюцца сацыяльная дыстанцыя, мыцьцё рук, адмова ад дотыкаў да твару і нашэньне масак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG