Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы вынайшлі штучныя малекулы — забойцы каранавірусу


З дапамогай кампутарных альгарытмаў дасьледчыкі з нуля распрацавалі пратэіны, якія могуць перамагаць каранавірус у лябараторных жывёл, піша The New York Times.

Каранавірус можа быць новым, але прырода даўно дала людзям інструмэнты для яго распазнаньня, прынамсі ў мікраскапічным маштабе: антыцелы, Y-падобныя імунныя бялкі (пратэіны), якія могуць чапляцца за патагены і блякаваць іх пранікненьне ў клеткі.

Мільёны гадоў эвалюцыі ператварылі гэтыя бялкі ў зброю для барацьбы з хваробамі. Але ўсяго за некалькі месяцаў спалучэньне чалавечага і кампутарнага інтэлекту змагло перамагчы маці-прыроду ў яе уласнай гульні, піша The New York Times.

Выкарыстоўваючы вылічальныя інструмэнты, група дасьледчыкаў з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту распрацавала і пабудавала з нуля малекулу, якая, калі супрацьстаіць каранаавірусу ў лябараторыі, можа атакаваць і ізаляваць яго ня горш за антыцелы. Калі малекула трапляе ў насы мышэй і хамякоў, яна абараняе жывёл ад сур’ёзных захворваньняў.

Гэтая малекула, названая міні-байндэр (міні-зьвязка) праз яе здольнасьць зьвязвацца з каранавірусам, зьяўляецца мініятурнай і досыць стабільнай, каб яе можна было масава адпраўляць у арганізм чалавека. Для вытворчасьці гэтых міні-зьвязак могуць быць створаныя бактэрыі, што патэнцыйна зробіць іх ня толькі эфэктыўнымі, але таксама таннымі і зручнымі.

Прадукт вашынгтонскай каманды ўсё яшчэ знаходзіцца на вельмі раньняй стадыі распрацоўкі і ў найбліжэйшы час ня зьявіцца на рынку. Але пакуль «гэта выглядае вельмі шматабяцальна», — кажа Лорын Картэр, адна з удзельніц праекту, які ўзначальвае біяхімік Дэвід Бэйкер. У рэшце рэшт, здаровыя людзі змогуць самастойна ўводзіць міні-зьвязкі ў выглядзе назальнага спрэю і патэнцыйна стрымліваць любыя ўваходныя часьцінкі каранавірусу.

Міні-зьвязкі не зьяўляюцца антыцеламі, але яны амаль аналягічным спосабам перашкаджаюць распаўсюджваньню вірусу. Каранавірус пранікае ў клетку, выкарыстоўваючы ўзаемадзеяньне «замок і ключ», устаўляючы бялок, званы шыпом (ключ), у малекулярны замок, званы ACE-2, які пакрываае вонкавыя паверхні пэўных клетак чалавека. Антыцелы, якія выпрацоўвае імунная сыстэма, могуць ўмешвацца ў гэты працэс.

Многія навукоўцы спадзяюцца, што імітатары гэтых антыцелаў, якія будуць выпускацца сэрыйна, змогуць дапамагчы ў лячэньні людзей з COVID-19 ці прадухіліць іх захворваньне пасьля заражэньня. Але каб утаймаваць каранавірус, трэба шмат антыцелаў, асабліва калі інфэкцыя ўжо пачалася. Антыцелы таксама складана вырабляць і дастаўляць людзям. Якраз таму навукоўцы і спадзяюцца на пратэінавыя міні-зьвязкі.

Дасьледчыкі папярэджваюць, што вынікі, якія яны атрымалі на лябараторных жывёлах, могуць не распаўсюдзіцца на людзей. Таксама навукоўцы яшчэ не распрацавалі ідэальнага спосабу ўвядзеньня сваёй прадукцыі жывёлам і людзям.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG