Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. Як перастаць дакранацца да твару


Дакранаючыся да твару, мы заражаем сябе рознымі інфэкцыямі, у тым ліку каранавірусам. Навукоўцы кажуць, што перастаць кранаць свой твар ня так проста. Аказваецца, гэтая звычка караніцца ў самой прыродзе чалавека. Пра гэта піша The New York Times.

Адной з найбольш складаных задач у галіне аховы здароўя стала навучаньне людзей часта мыць рукі і перастаць дакранацца да сьлізістых абалонак твару — вачэй, носа і рота. Якраз гэтыя часткі цела зьяўляюцца асноўнымі парталамі для пранікненьня ў арганізм новага каранавіруса і многіх іншых мікробаў.

Як часта мы гэта робім

Мы чухаем нос, расьціраем вочы, абапіраемся на падбародак, кратаем вусны, нават пастукваем пальцамі па зубах — у людзей ёсьць мноства спосабаў занесьці інфэкцыю.

«Я была ўчора на канфэрэнцыі, назірала за людзьмі і літаральна за дзьве хвіліны налічыла дзясятак разоў, як хтосьці кранае сьлізістыя абалонкі твару. Гэта вельмі распаўсюджаная практыка», — кажа аўстралійская прафэсарка-эпідэміёляг Мэры-Луіза МакЛаўс.

Доктарка МакЛаўс была старэйшым аўтарам дасьледаваньня па дотыку 2015 году, якое зафіксавала трывожную колькасьць дотыкаў людзей да сваіх твараў.

Нядаўна падчас лекцыі навукоўцы здымалі студэнтаў-мэдыкаў і падлічвалі, колькі разоў тыя дакраналіся да любой часткі твару. За гадзіну студэнты чапалі твары ў сярэднім 23 разы. Амаль палова дотыкаў была да вачэй, носа ці рота — гэта тое, што дасьледчыкі інфэкцыйных хваробаў называюць «Т-зонай».

Іншыя дасьледаваньні паказалі, што людзі ў офісах дакранаюцца да сваіх твараў гэтак жа частка, як і згаданыя студэнты на лекцыі.

Прафэсарка МакЛаўс кажа, што дакранаючыся да сьлізістых абалонак твару, мы даем вірусам 11 магчымасьцей кожную гадзіну. Калі, вядома, раней дакрануліся да нечага інфэкцыйнага.

Колькі вірус жыве на розных паверхнях

Рызыка заражэньня залежыць ад шэрагу фактараў, у тым ліку, ад тыпу віруса, ад таго, ці была паверхня порыстай, як даўно вірус на ёй застаецца, колькі часу хварэе чалавек, які зь ёй кантактаваў, а таксама ад плошчы паверхні і ад навакольнай тэмпэратуры і вільготнасьці.

Паводле Сусьветнай арганізацыя аховы здароўя, пакуль невядома, як доўга выжывае новы каранавірус на розных паверхнях. Выглядае, што ён паводзіць сябе як іншыя каранавірусы — і гэта выклікае трывогу.

Нядаўняе дасьледаваньне навуковага часопісу Journal of Hospital Infection, паказала, што падобныя каранавірусы ў ідэальных умовах выжываюць на паверхні цэлых дзевяць дзён. Гэта нашмат даўжэй, чым вірус грыпу, які звычайна можа выжыць у ідэальных умовах і на цьвёрдых паверхнях толькі каля 24 гадзін.

Выданьне Public Health England адзначае, што, грунтуючыся на дасьледаваньнях іншых каранавірусаў, такіх як SARS і MERS, «рызыка падхапіць жывога віруса з забруджанай паверхні „ў рэальных умовах“, хутчэй за ўсё значна зьніжаецца праз 72 гадзіны».

Вядома, што вірус будзе доўга жыць на няпорыстых паверхнях з мэталу і плястмасы — уключаючы ручкі дзьвярэй, стойкі і парэнчы. Хутчэй вірус памірае на тканінах.

Трапляючы на руку, вірус пачынае губляць патэнцыю, але, верагодна, пражыве дастаткова доўга, каб вы дакрануліся да твару.

У адным з дасьледаваньняў рынавіруса, які выклікае прастуду, невялікая доза заразы была зьмешчана на палец удзельніка. Праз гадзіну каля 40 працэнтаў віруса ўсё яшчэ былі жыцьцяздольныя. Праз тры гадзіны 16 працэнтаў яшчэ можна было выявіць. Але адносна каранавіруса такога дасьледаваньня яшчэ не праводзілася.

Рызыка менавіта на паверхнях

З эпідэміі SARS у 2003 году, якую выклікаў больш небясьпечны каранавірус, чым цяперашні, вядома, што вірус часта перадаваўся пры кантакце з паверхнямі.

У адным з ганконскіх гатэляў інфіцыраваны лекар, які заходзіў у пакой на дзявятым паверсе перад пачаткам лячэньня ў бальніцы, пакінуў вірусны сьлед, які заразіў ня менш за сем чалавек, што таксама мелі нумары на тым паверсе. Гэтыя людзі сталі распаўсюджвальнікамі хваробы ў іншых месцах. Сам лекар, які памёр ад інфэкцыі, быў прызнаны «супэр распаўсюджвальнікам», зьвязаным з прыблізна 4000 выпадкаў SARS, якія былі зафіксававныя падчас эпідэміі.

Добрай навіной зьяўляецца тое, што частае мыцьцё рук можа зьнізіць рызыку. Падчас эпідэміі SARS мыцьцё рук зьніжала рызыку на 30-50 працэнтаў.

Але пасьля мыцьця рук, вы ўсё яшчэ павінны памятаць пра дакрананьне да твару, бо вашы рукі чыстыя толькі да наступнага кантакту з паверхняй.

Як спыніць дотыкі да твару

Зрабіць гэта няпроста. Многія людзі кажуць, што чым больш яны думаюць пра гэта, тым больш адчуваюць у вачах і носе козыт і сьверб.

Вядома, што толькі людзі і некалькі прыматаў (гарылы, арангутаны і шымпанзэ) кранаюць свае твары. Мы не ўсьведамляем, што гэта звычка. Большасьць жывёл дакранаецца да пысаў толькі для таго, каб пазбавіцца ад паразыта ці іншага шкодніка.

Нямецкія дасьледчыкі прааналізавалі электрычную актыўнасьць мозгу да і пасьля адвольнага дакрананьня да твару і высьветлілі, што мы робім гэта для таго, каб зьняць стрэс і кіраваць нашымі эмоцыямі. Мэдыкі нават раяць гэта рабіць у нармальнай сытуацыі.

Што можа дапамагчы

Каб разарваць звычку дакранацца да твару, паспрабуйце выкарыстоўваць тканіну, калі вам трэба пачухаць нос ці пацерці вочы.

Нанясеньне касмэтыкі можа таксама зьменшыць колькасьць дотыкаў да твару, каб не размазаць яе. Адно з дасьледаваньняў паказала, што жанчыны дакраналіся да твару значна менш, калі яны мелі макіяж.

Іншае рашэньне: паспрабуйце вызначыць спускавыя мэханізмы для дакрананьняў да твару, напрыклад, сухую скуру ці сьверб у вачах, і выкарыстоўвайце ўвільгатняючыя крэмы або вочныя кроплі для лячэньня гэтых праяў.

Можа дапамагчы і нашэньне акуляраў як натуральнага бар’ера для дакрананьня да вачэй.

Пальчаткі і рукавіцы таксама могуць нагадаць пра тое, што ня трэба чапаць твар. Яны таксама робяць сам працэс дакрананьня да носа ці вачэй больш складаным. Пальчаткі таксама могуць быць заражаныя вірусам, але гэты мікроб на тканіне ці скуры доўга не жыве.

І яшчэ адна парада

Улічваючы, што дакрананьне да твару даўно ўкаранілася ў наша жыцьцё, ёсьць сэнс быць больш пільнымі. Трэба ня толькі часта мыць рукі, але і праціраць свой стол, тэлефоны і грамадзкія паверхні.

Насіце з сабой дэзінфікуючы сродак і карыстайцеся ім часта.

Чым лепш вы ставіцеся да рэгулярнага мыцьця рук, тым больш пра іх памятаеце, больш іх адчуваеце і лепш усьведамляеце, да чаго яны дакранаюцца.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG