Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці антытрамбозная тэрапія дапамагае хворым на COVID-19? Спыталі ў лекараў з розных краін


Ілюстрацыйнае фота. Лекар паказваве элемэнт тэсту для правядзеньня мазка.
Ілюстрацыйнае фота. Лекар паказваве элемэнт тэсту для правядзеньня мазка.

У красавіку пачалі зьяўляцца публікацыі аб тым, што каранавірус новага тыпу ўплывае на здольнасьць крыві пераносіць кісларод і спрыяе множнаму ўтварэньню тромбаў. З адной з такіх публікацый у ЗША чытачы Свабоды ўжо знаёмыя.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Падобныя паведамленьні зьяўляюцца і ў сацыяльных сетках, дзе паміж сабой кантактуюць лекары з краін былога СССР. Нядаўна лекар 1-й гарадзкой лякарні імя Пірагова ў Маскве Васіль Купрэйчык, які займаецца лячэньнем пацыентаў з COVID-19, апублікаваў свае назіраньні за ходам іх хваробы і выздараўленьня.

Ён піша, што некаторыя пацыенты атрымліваюць антытрамбозны прэпарат (антыкаагулянт) Фраксыпарын (Fraxiparine). І вось калі да яго дадаецца другі лек такой жа антытрамбознай спэцыфікі, Клэксан (Clexane, міжнародная назва Enoxaparin), пачынаецца станоўчая дынаміка, людзі выходзяць зь цяжкіх сытуацый і вяртаюцца з рэанімацыі ў нармальныя аддзяленьні далечвацца.

Пракамэнтаваць гэтыя паведамленьні мы папрасілі двух беларускіх дактароў, якія жывуць за мяжой — у Нямеччыне і Швэцыі.

Былая загадчыцы катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Іна Германенка, якая цяпер жыве і працуе ў Швэцыі, кажа, што да вырашэньня праблемы каранавірусу яшчэ далёка:

«Я нядаўна брала ўдзел у вэбінары, слухала швэдзкіх рэаніматолягаў і вірусолягаў. Пакуль маса пытаньняў. Пакуль няма доказаў эфэктыўнасьці любога лячэньня. Гэта тлумачыцца тым, што людзі спачатку ўсе пераносяць хваробу лёгка, і потым раптам на другім тыдні наступае рэзкае пагаршэньне. І тады ўжо позна даваць супрацьвірусныя прэпараты або антымалярыйныя лекі, такія як хлёрахін».

Паведамленьні навуковых часопісаў і друку аб тым, што праблема ўзьнікае ў крыві чалавека, дзе пачынаюць утварацца множныя дробныя тромбы, Іна Германенка пракамэнтавала наступным чынам:

«Гэта праўда, многія хворыя на COVID-19 паміраюць ад праблем у сыстэме каагуляцыі (згусаньня крыві. — РС). Гэта наогул пры шмат якіх цяжкіх інфэкцыях разьвіваецца часта. Утвараюцца мікратромбы, яны цыркулююць у арганізьме і пачынаюць забіваць тыя ці іншыя органы. Сёньня мала хто на гэта зьвяртае ўвагу. У Швэцыі такія праблемы знайшлі ў многіх „ковідных“ пацыентаў і пачалі рана прызначаць нізкамалекулярныя гепарыны. Калі гэта робяць своечасова, то з пацыентамі пасьля ўсё ў парадку.

Прычым такіх паведамленьняў пра цяжкія тромбы і тромбаэмбаліі ў Швэцыі ўсё больш. І ўсё больш лекараў схіляецца да прафіляктычнага прызначэньня антытрамбозных таблетак або так званых гепарынаў у іньекцыях.

Магу нават сказаць больш. У Швэцыі ўжо прапісана абавязковае лячэньне для дарослых пацыентаў у стацыянарах гепарынамі ў іньекцыях, а ў хатніх умовах — таблеткамі Eliquis або Xarelto, гэта таксама антытрамбозныя лекі».

Мы папрасілі доктарку Германенку пракамэнтаваць супярэчлівыя паведамленьні пра імунітэт у тых, хто ўжо перахварэў на COVID-19. Адны пішуць, што імунітэт утвараецца, другія — што не.

«Пакуль няма дакладных дадзеных аб добрым постынфэкцыйным імунітэце. У тых, хто хваробу пераносіць лёгка, імунітэт слабы і няўстойлівы. Таму на сёньня складана і плязму з антыцеламі атрымаць. Мэдыкі раяць далей стрымліваць кантакты паміж людзьмі. Менш сацыяльнага жыцьця — вось галоўная рэкамэндацыя і галоўная засьцярога».

Былы менскі лекар-кардыёляг Аляксандар Глугоўскі, які цяпер жыве ў Нямеччыне, пацьвердзіў Радыё Свабода, што на праблему ўтварэньня тромбаў у хворых на каранавірус зьвярнулі ўвагу і ў Нямеччыне. У гэтай краіне таксама ўжо прымяняецца антытрамбознае лячэньне:

«Пакуль што напрошваецца выснова, што супрацьвірусныя прэпараты неабходныя з пачаткам праяўленьня сымптаматыкі, клінічных праяў у групе рызыкі.

І сапраўды, ужо ёсьць прэпрынтныя працы пра неэфэктыўнасьць хлёрахіну і супрацьвірусных лекаў. Але я пакуль не чытаў пратаколаў дасьледаваньняў, напрыклад, ня ведаю тэрмінаў прымяненьня і т. д.

У Нямеччыне таксама ўсё больш ідуць адпрацоўкі розных схем з антыкаагулянтамі як асноўнымі прэпаратамі тэрапіі пры COVID-19. І ёсьць адпаведныя вынікі.

Але і гэта ўсё сымптаматычнае лячэньне. Цяпер трэба дасьледаваць патагенэз, прычыны ўтварэньня тромбаў. Сыстэма каагуляцыі мае шмат зьвёнаў, і трэба высьветліць, якія менавіта зь іх зьяўляюцца мішэньню. Тады і лячэньне будзе сьвядомае і больш эфэктыўнае.

Паўтаруся. Антыкаагулянты — гэта сымптаматычнае лячэньне. Але ў любым выпадку гэта ўжо мінімальныя зрухі ўбок ад поўнай бездапаможнасьці».

І, нарэшце, тое самае пытаньне мы задалі лекару-рэаніматолягу адной зь менскіх лякарняў, ананімнае інтэрвію зь якім раней ужо было апублікавана на нашым сайце. Аказваецца, і беларускія лекары ўжо зразумелі, што антытрамбозная тэрапія спрацоўвае:

«Пра антыкаагулянты мы даўно зразумелі. Ужо выкарыстоўваем. Праблема зь лекамі. Клэксану ў Менску няма. Ёсьць Арыкстра (Arixtra) і Фраксыпарын, у некаторых лякарнях трапляюцца Цыбар (Zibor) і Фрагмін (Fragmin).

У Беларусі няма зацьверджанага пратаколу лячэньня з антыкаагулянтамі. Але высокія паказьнікі ў крыві пацыентаў так званых d-дымэраў дазваляюць даваць ім антыкаагулянты і без зацьверджаных пратаколаў і ў тых дозах, якія мы лічым патрэбнымі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG