Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячыцца дома — толькі маладзейшым за 55 гадоў. Міністэрства здароўя выдала памятку пра COVID-19


На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавалі памятку(PDF) для тых, хто мае лячыцца ад COVID-19 дома. Паводле статыстыкі на 24 красавіка, на «амбуляторным лячэньні» было каля трох тысяч чалавек — пасьля іх колькасьць не паведамлялі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Рашэньне аб лячэньні дома можа прымаць толькі доктар, але ня сам пацыент.

У памятцы адзначаецца, што лячыцца дома могуць толькі пацыенты зь бессымптомным або лёгкім цячэньнем хваробы, маладзейшыя за 55 гадоў, якія ня маюць хранічных захворваньняў кшталту дыябэту, сардэчнай недастатковасьці або бранхіяльнай астмы.

Такія пацыенты таксама павінны магчы абслугоўваць сябе самастойна або «з дапамогай родзічаў», але мець магчымасьць жыць ізалявана ў тым ліку ад сям'і.

У сельскай мясцовасьці трэба «браць ва ўвагу» час даезду да пацыента «хуткай дапамогі» і тэрытарыяльную блізкасьць арганізацыяў аховы здароўя.

Як «лячыцца» дома

Лекаў менавіта ад COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2, пакуль ня вынайшлі — ёсьць хіба экспэрымэнтальныя сродкі, эфэктыўнасьць якіх не правераная, а таксама прэпараты, якія здымаюць некаторыя сымптомы.

Міністэрства здароўя Беларусі піша, што пацыенты, якіх выправілі дамоў з COVID-19, мусяць мець тэрмомэтар (нармальнай тэмпэратурай называюць 36,7°С), гадзіньнік з сэкунднай стрэлкай для вымярэньня пульсу (норма — 60–85 удараў на хвіліну ў 15–50 гадоў, 70–90 для старэйшых за 50) і частаты дыханьня, таномэтар для замеру ціску (норма — ад 120/80 да 140/90 мм рт. сл.), пульсаксымэтар для замеру насычэньня крыві кіслародам (норма — ад 95–98%) і дзейны тэлефон. Усе паказьнікі трэба вымяраць раз на тры гадзіны. Калі стан пагоршыўся, трэба выклікаць «хуткую дапамогу» і класьціся ў лякарню.

Дома ж трэба:

  • шмат піць цёплага, як раяць пры прастудзе;
  • пры падвышанай тэмпэратуры ўжываць парацэтамол або іншыя гарачкапаніжальныя сродкі;
  • у першыя дні трымацца пасьцельнага рэжыму, часьцей спаць на жываце, падклаўшы валікі пад грудную клетку і таз, каб не было ціску на дыяфрагму;
  • пасьля стабілізацыі асноўных паказьнікаў рабіць дыхальную гімнастыку, у тым ліку надзімаць гумовыя балёнікі;
  • харчавацца паўнавартасна, лёгказасваяльнай ежай, спажываць больш вітамінаў групаў B (напрыклад, хлеб грубага памолу) і С (у лімонах, апэльсінах, журавінах), бялкоў (у мясе і гародніне);
  • «вельмі важныя паўнавартасны сон і пазытыўны настрой».

Тым, хто даглядае хворага, трэба пастаянна рабіць вільготную прыборку, праветрываньне і апрацоўку ўсіх паверхняў абеззаражвальнымі сродкамі, як мага часьцей апрацоўваць посуд, сталовыя прыборы і пасьцельную бялізну хворага (у пральнай машыне для рэчаў інфікаванага выстаўляць тэмпэратуру 60–90°). Кантактаваць з хворым трэба як мага менш, не падыходзіць бліжэй як на 1 м, мыць рукі з мылам пасьля любых кантактаў, выціраць аднаразовымі папяровымі ручнікамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG