Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрэбны неадкладныя дадатковыя захады». WHO апублікавала вынікі місіі ў Беларусі


Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8–11 красавіка. Раней місія давала сумесную зь Міністэрствам здароўя прэс-канфэрэнцыю 11 красавіка​, затым 21 красавіка публікавала кароткі сьпіс рэкамэндацыяў.

Тэкст даступны на ангельскай і расейскай мовах.

Ключавыя рэкамэндацыі WHO для Беларусі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 засталіся амаль такімі ж, як раней, некаторыя былі дапоўненыя:

  • перанесьці ўсе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, культурныя, палітычныя (такога слова ў ранейшых рэкамэндацыях не было, ёсьць толькі ў расейскай, але не ангельскай вэрсіі) і рэлігійныя;
  • забясьпечыць далейшую ізаляцыю і лячэньне пацыентаў з COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах карантыну тых, хто зь імі кантактаваў;
  • укараніць (у ангельскай вэрсіі — «даць магчымасьць для») дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучаньне;
  • спыніць дзейнасьць усіх «другасных» (у ангельскай вэрсіі — «неабавязковых») арганізацыяў, прадпрыемстваў і суб’ектаў эканомікі;
  • забясьпечыць строгае выкананьне прафіляктычных захадаў і інфэкцыйнага кантролю на тых працоўных месцах, дзе немагчымая дыстанцыйная праца (гігіена рук, «рэсьпіраторны этыкет», дыстанцыя між людзьмі ў 1–1,5 м);
  • забясьпечыць дыстанцыю між работнікамі, абмежаваць колькасьць нарадаў і сустрэчаў, забясьпечыць належную вэнтыляцыю, асабліва ў мэдычных установах;
  • мінімізаваць «неабавязковыя» перамяшчэньні, асабліва для групаў высокай рызыкі.

Раяць і ўзмацніць цяперашнія захады, якія прымаюць у Беларусі:

  • пашырыць магчымасьці лябараторнага тэставаньня і павялічыць колькасьць лябараторыяў, даць дадатковыя опцыі тэставаньня, у тым ліку зладзіць пункты зь пешым або аўтамабільным доступам, мабільныя групы тэставаньня;
  • праводзіць вонкавую ацэнку і рэгулярную ўнутраную валідацыю тэст-сыстэмаў мясцовай вытворчасьці;
  • рабіць стандартызаваныя абсьледаваньні пры ўезьдзе і 14-дзённую ізаляцыю ўсіх, хто прыбывае ў міжнародныя пункты ўезду і ў нацыянальны аэрапорт.

«Імклівы рост колькасьці новых выпадкаў, зьвязаны з распаўсюдам кантактнай перадачы на ўзроўні супольнасьці, патрабуе далейшага ўмацаваньня сэктару аховы здароўя і яго інфраструктуры, — адзначаюць у рэзюмэ. — Акрамя таго, варта перагледзець стратэгіі вядзеньня выпадкаў, уключыўшы ў іх далейшае перапрафіляваньне мясцовых аб'ектаў для арганізацыі ізаляцыі і/або хатнюю самаізаляцыю лёгкіх выпадкаў COVID-19 і кантактаў з ажыцьцяўленьнем належнага наступнага назіраньня ў адпаведна рэкамэндацыям WHO і нацыянальным магчымасьцям».

Пратаколы першаснага скрынінгу, сартаваньня, накіраваньня на абсьледаваньне і лячэньня мусяць быць цалкам уведзеныя ва ўсіх мэдычных установах, у тым ліку ў раённых лякарнях, прыватных мэдычных установах і стаматалягічных клініках, дадаюць у рэзюмэ.

Беларусь заклікаюць далучыцца да міжнароднага дасьледаваньня «Solidarity», у якім спрабуюць вызначыць найбольш эфэктыўныя мэтады лячэньня COVID-19 — пакуль жа мэдыкамэнтознага лячэньня гэтай хваробы з даказанай эфэктыўнасьцю няма.

Грамадзтва таксама мае ролю ў барацьбе — інфармуйце яго

«Вельмі важна, каб усе ўзроўні ўлады Беларусі — ад самага высокага да мясцовага — забясьпечвалі разуменьне шырокай грамадзкасьцю і мясцовымі супольнасьцямі рызык і захадаў, якія прымаюцца падчас пандэміі, — адзначае місія WHO. — Грамадзтва таксама выконвае пэўную ролю ў барацьбе з COVID-19 шляхам захаваньня правілаў фізычнага дыстанцыяваньня, гігіены рук, рэсьпіраторнай гігіены і правілаў паводзінаў пры кашлі.

Рэгулярнае і ўсебаковае інфармаваньне грамадзкасьці аб разьвіцьці сытуацыі з COVID-19 у Беларусі, у тым ліку зьвесткі па рэгіёнах, мае жыцьцёва важнае значэньне для павышэньня ўзроўню разуменьня эпідэміялягічнага становішча, а таксама для тлумачэньня прычынаў прыняцьця пэўных агульнанацыянальных захадаў, як то перанос публічных падзей або абмежаваньне перамяшчэньня».

Місія адзначае, што рэкамэндацыі WHO ўсім краінам заключаюцца ў тым, каб улады «дэманстравалі цьвёрдую адказнасьць і кіроўную ролю» ў стрымліваньні і зьмякчэньні наступстваў, а таксама ўцягненьні грамадзкасьці ў барацьбу з эпідэміяй.

«Паваротны момант» ужо цяпер

«Успышка COVID-19 у Беларусі перайшла ў фазу кантактнай перадачы на ўзроўні супольнасьці, — піша місія WHO ў выснове. — Гэта паваротны момант для Беларусі ў ейных дзеяньнях у адказ, і таму патрабуецца неадкладнае ажыцьцяўленьне дадатковых захадаў, у прыватнасьці захадаў фізычнага дыстанцыяванья.

Дзеяньні ў рэагаваньні на COVID-19 у Беларусі сталі крыніцай каштоўнай інфармацыі для лепшага разуменьня мэханізмаў перадачы інфэкцыі і важнасьці міжсэктаральнага падыходу да пандэміі. Гэты досьвед будзе карысны ня толькі для распрацоўкі наступнага этапу захадаў у адказ у Беларусі, але таксама для далейшага рэагаваньня ў іншых эўрапейскіх краінах і глябальных намаганьнях у барацьбе з гэтым вірусам».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG