Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БПЦ пацьвердзілі, што ў манастыры, які наведваў Лукашэнка на Вялікдзень, каранавірус


Аляксандар Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай на Вялікдзень наведалі Сьвята-Дабравешчанскі храм у вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне. 19 красавіка 2020 году

Мужчынскі праваслаўны манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёну знаходзіцца на карантыне, наведваць яго нельга.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў манастыры.

«Па ўсю інфармацыю зьвяртайцеся да мэдыцыны», — сказалі там.

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ пратаярэй Сяргей Лепін пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што Лядзенскі манастыр знаходзіцца на карантыне і там ёсьць людзі з пацьверджаным каранавірусам.

«Але колькі, я ня ведаю. Па дадатковую інфармацыю вам трэба зьвяртацца ў Лядзенскі манастыр», — сказаў ён.

Прэс-сакратар Барысаўскай япархіі а. Ігар Васько сказаў, што хворых у манастыры няма. Ён пракамэнтаваў публікацыі ў СМІ наконт сытуацыі там.

«Няма такой колькасьці людзей. Там пішуць, што 54 чалавекі, але ў манастыры ўсяго іх 20. Таму я не магу пацьвердзіць гэтую інфармацыю пра каранавірус, пра хворых. А тое, што манастыр закрыты для паломнікаў, то гэта так. Гэта зьвязана са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй. Таму было прынята рашэньне, што на Пакутным тыдні, а потым на Вялікдзень будзе набажэнства, але потым яго зачыняць на нейкі час. Унутраны распарадак у іх застаецца звычайны», — сказаў прадстаўнік Барысаўскай эпархіі.

Ён таксама расказаў, што ўсе 20 насельнікаў манастыра застаюцца на месцы і выконваюць свае абавязкі.

«Гэта манахі, паслушнікі і невялікая колькасьць супрацоўнікаў. Усе яны там. У тым ліку ігумен манастыра ераманах Лаўр», — сказаў а. Ігар Васько.

На праваслаўны Вялікдзень кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем наведаў манастыр і Сьвята-Дабравешчанскую царкву.

Галоўны лекар Смалявіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Павал Галубовіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўсю інфармацыю ён перадае ў Міністэрства аховы здароўя, таму зьвяртацца наконт сытуацыі ў Лядзенскім манастыры трэба туды.

У сваю чаргу прэс-сакратарка міністэрства Юлія Барадун параіла «зьвяртацца ў манастыр».

Апроч Лядзенскага, на карантыне знаходзіцца і Жыровіцкі манастыр, некаторыя манастыры закрываюцца на самаізаляцыю, сказаў прадстаўнік БПЦ Сяргей Лепін.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG