Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 маюць COVID-19, 2 чакаюць вынікаў аналізаў, 5 клірыкаў на бальнічным. Што адбываецца ў Сьвята-Елізавецінскім жаночым манастыры


Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр на ўскрайку Менску
Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр на ўскрайку Менску

«Адну зь дзьвюх манахінь, у якіх знайшлі каранавірус, выпісалі са шпіталя, яна вярнулася ў манастыр. Другая манахіня, якая захварэла, працягвае лячыцца ў шпіталі. Вынікі тэстаў „кантактаў“ яшчэ невядомыя».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гэтак 24 красавіка паведаміла супрацоўніца канцылярыі Сьвята-Елізавецінскага жаночага манастыра. Паводле суразмоўцы, у манастырскай царкве працягваюцца рэгулярныя службы, але ўсе культурныя мерапрыемствы, якія былі заплянаваныя раней, адмененыя.

«Калі стала вядома пра выпадкі каранавірусу, манастыр наведалі мэдыкі», — сказала супрацоўніца канцылярыі. Больш інфармацыі пра сытуацыю з каранавірусам у манастыры атрымаць не ўдалося.

Пра тое, што ў Сьвята-Елізавецінскім жаночым манастыры, што на ўскраіне Менску ў Навінках, ёсьць такія, хто захварэў на каранавірус, раней паведаміў вядомы расейскі блогер дыякан Андрэй Кураеў са спасылкай на намесьніцу рэдактара часопіса «Русский репортёр» Марыну Ахмедаву.

Паводле крыніцы, гаворка ішла пра 100 манахінь і некалькі клірыкаў. Ці так гэта?

Марына Ахмедава піша, што мела тэлефонную гутарку з трыма манахінямі Сьвята-Елізавецінскага манастыра ў Менску, якія адмыслова ёй пазванілі, каб расказаць пра ўспышку хваробы. Зь іхных словаў, на момант тэлефанаваньня з 130 манахінь, якія жывуць у манастыры, захварэлі 100, іх з тэмпэратурай перасялілі з асноўнага корпусу манастыра ў гатэльны корпус, ежу ім прыносяць у асобным посудзе і ставяць пад дзьверы. Паводле манахінь, якія патэлефанавалі журналістцы, у іх таксама павышаная тэмпэратура.

Але што стала прычынай такога масавага захворваньня? Вось вытрымка з паведамленьня Марыны Ахмедавай.

«Пры гэтым манастыр працуе, і паства ідзе ў яго натоўпам. Да прыкладу, толькі на Вялікдзень за ноч ад адной лыжачкі прычасьціліся 970 чалавек. Лыжачка не апрацоўвалася, і калі адна дзяўчына з тых, хто жадаў прычасьціцца, расплакалася ды папрасіла лыжку апрацаваць, ёй адказалі, каб ішла ў іншы храм і там прычашчалася, а тут толькі гэтак. Але калі прыйдуць мэдыкі, тым, хто захварэў, загадана сказаць: „Вы захварэлі пасьля Вялікадня. Толькі што“. Кіраўніцтва манастыра ня хоча, каб людзі разумелі — яны на Вялікдзень хадзілі ў манастыр, дзе было ўжо столькі хворых», — падзялілася зьвесткамі з манастыра Марына Ахмедава.

Што кажуць у Сьвята-Елізавецінскім манастыры?

22 красавіка на сайце манастыра зьявіўся камэнтар да допісаў пра каранавірус, у якім зьвесткі пра масавае заражэньне манахінь каранавіруснай інфэкцыяй названыя «ілжывымі чуткамі». Пры гэтым было прызнана, што сама меней у дзьвюх манахінь сапраўды дыягнаставалі каранавірус, іх паклалі ў шпіталь. Таксама паведамляецца пра дзьвюх манахінь, якія кантактавалі з хворымі на каранавірус і цяпер чакаюць вынікаў тэсту. Яшчэ прызнаецца, што ёсьць манахіні, хворыя на «сэзонную вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю», але колькі такіх, не паведамляецца.

«Сёстры, якія захварэлі, жывуць асобна, ім аказаная мэдычная дапамога», — сказана пра іх у камэнтары на сайце манастыра.

Што да захворваньня на каранавірус клірыкаў манастыра, сайт гэтыя зьвесткі таксама абверг, але прызнаў, што чатыры сьвятары сапраўды маюць праблемы са здароўем.

На Вялікдзень, 19 красавіка, у царкве Сьвята-Елізавецінскага жаночага манастыра адбылася служба, якую ў прысутнасьці дзясяткаў чалавек правёў духоўнік храма протаярэй Андрэй Лемяшонак.

«Чысьцейшага паветра, чым у храме, няма», — зьвярнуўся айцец Андрэй Лемяшонак да вернікаў і запэўніў, што «тых, хто захварэе на каранавірус, сярод іх ня будзе».

Як сытуацыю ў манастыры камэнтуюць у Беларускай праваслаўнай царкве?

«Чакаем вынікі праверкі санітарна-эпідэміялягічнай службы, на падставе якіх будуць рабіцца далейшыя захады. Наколькі ведаю, праверка адбываецца ў дадзены момант», — гэтак сёньня сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сергій Лепін.

У Міністэрстве аховы здароўя эпідэміялягічную сытуацыю сярод манахінь і клірыкаў Сьвята-Елізавецінскага манастыра не пракамэнтавалі. «Ня ведаем», — адказала карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Юлія Барадун.

Сынод Беларускай праваслаўнай царквы напярэдадні Вялікадня інфармаваў вернікаў, што для іх будуць арганізаваныя онлайн-трансьляцыі, якія дазволяць дыстанцыйна браць удзел у агульнацаркоўнай малітве. Паведамлялася, што на Вялікдзень «храмы Божыя ня будуць закрывацца», але пры гэтым асьвячэньне вербаў і велікодных страў было рэкамэндавана праводзіць «выключна на прыхрамавай тэрыторыі пад адкрытым небам».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG