Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жаночым манастыры пад Менскам пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня каранавірусам


Манахіні Сьвята-Елісавецінскага манастыра, ілюстрацыйнае фота

У Сьвята-Елісавецінскім манастыры, які знаходзіцца пад Менскам, пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня і расказалі, колькі чалавек агулам хварэюць у манастыры, але заклікалі ня верыць «фэйкам пра масавае заражэньне».

У паведамленьні на сайце манастыра падкрэсьліваецца, што «ў сеціве распаўсюдзілася ілжывая інфармацыя» пра масавае заражэньне каранавірусам сёстраў манастыра і некаторых сьвятароў, якую распаўсюдзіў «забаронены ў служэньні за парушэньне сьвятарскай прысягі» ярэй Аляксандар Шрамко і, зь ягоных словаў, «розныя апазыцыйныя рэсурсы». З гэтай нагоды ў манастыры вырашылі расказаць, «што адбываецца на самай справе».

Паводле афіцыйнага паведамленьня на сайце манастыра:

  • Дзьве сястры манастыра (з 130), Алексія і Параскева, маюць пацьверджаны дыягназ COVID-19, абедьзве яны знаходзяцца ў лякарні.
  • Шпіталізавалі манашку Марыю, якая жыла з хворай на каранавірус Параскевай, яна чакае вынікаў аналізаў.
  • Сястра Анфіса хварэла з высокай тэмпэратурай, прайшла абсьледаваньне, цяпер знаходзіцца ў кельлі, стан стабільны, вынікі аналізаў чакаюцца.
  • Паслушніца Зінаіда хварэла з высокай тэмпэратурай, праходзіла абсьледаваньне, не была шпіталізаваная.
  • Таксама ў манастыры «ёсьць сёстры з сэзоннымі вострымі рэсьпіраторнымі інфэкцыямі», яны жывуць асобна.
  • У клірыкаў манастыра на 22 траўня няма пацьверджаных дыягназаў COVID-19.
  • У ярэя Аляксандра Пашкоўскага запаленьне лёгкіх, хвароба працякае без ускладненьняў, таму яго не шпіталізавалі, ён цяпер знаходзіцца на лецішчы, лечыцца на даму.
  • Протаярэй Васіль Лясько, 92-х гадоў, «хоць і сапраўды знаходзіцца ў рэанімацыі з дыягназам „пнэўманія“, не зьяўляецца клірыкам нашага манастыра і ў набажэнствах посту і Вялікадня ў нашым манастыры ня ўдзельнічаў».
  • У сьвятароў Сергія Нежборта і Сергія Фалея пачатковая стадыя захворваньня (сымптомы ВРВІ), таму «іхная этыялёгія яшчэ ня вызначаная».
  • Іерэй Арцемій Танаян знаходзіцца на бальнічным, паколькі ў яго флюс і гаймарыт.

«Вельмі просім усіх, хто не валодае дакладнай інфармацыяй, не распаўсюджваць фэйкавыя паведамленьні ў сеціве», дадаюць у манастыры.

22 красавіка праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко паведаміў, што ў менскім Сьвята-Елісавецінскім манастыры ўведзены карантын. Паводле а. Аляксандра, на пнэўманію хварэюць 4 клірыкі і многія сёстры.

У манастыры зьвесткі пра карантын Свабодзе пацьвердзілі, але запэўнілі, што гаворка не пра каранавірус, а пра вострую рэсьпіраторную інфэкцыю. Пытаньне пра шпіталізаваных папрасілі даслаць у пісьмовым выглядзе.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG