У Слонімскую цэнтральную раённую лякарню з манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах дастаўлены 41 чалавек.
«Сэмінарысты былі дастаўлены ўчора і пазаўчора, гэта кантакты першага ўзроўню. А агулам з аграгарадка Жыровічы, з манастыра і сэмінарыі, дастаўлены 41 чалавек, зь іх 23 сэмінарысты», — паведаміла Tut.by галоўная лекарка ўстановы Натальля Рызвановіч.
У лякарні цяпер знаходзіцца і архіепіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый, чыя рэзыдэнцыя разьмяшчаецца ў жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры. Ён быў шпіталізаваны 20 красавіка.
«Уладыка Гурый сам зьехаў у Горадню на сваёй машыне і быў шпіталізаваны з пнэўманіяй. Ён на сувязі; дзякуй Богу, ёсьць станоўчая дынаміка. Сёньня ўладыка без тэмпэратуры, адчувае сябе добра», — сказаў сакратар Навагрудзкага эпархіяльнага ўпраўленьня, пратаярэй Анатоль Герасімук.
21 красавіка стала вядома, што ў Сьвята-Ўсьпенскім Жыровіцкім манастыры і ў доме паломнікаў да 10 траўня прыпынілі прыём наведнікаў. Прычына — эпідэміялягічная сытуацыя ў сьвеце.