Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У кожнага пятага пацьвярджалася пнэўманія». Каранавірус у сям’і рок-музыкі Андрэя Казлоўскага 


Андрэй Казлоўскі, заснавальнік рок-гурту «Сузор’е»
Андрэй Казлоўскі, заснавальнік рок-гурту «Сузор’е»

У аднаго з пачынальнікаў беларускага гард-року, заснавальніка культавага гурту «Сузор’е» Андрэя Казлоўскага пацьвердзіўся станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Заразілася і ягоная жонка, керамістка і пэдагог Тамара Юркевіч.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паўсотні чалавек у чаканьні прыёму

У размове са Свабодай вядомы беларускі рок-музыка выказаў здагадку, дзе і калі мог падхапіць інфэкцыю. Паводле яго, крыху больш за месяц таму разам з жонкай ён адвозіў 92-гадовую цешчу ў лякарню хуткай дапамогі. Там шэсьць гадзінаў яны вымушана правялі ў прыёмным пакоі сярод людзей, якія чхалі і кашлялі. На пачатку красавіка пажылой жанчыне зноў стала кепска. Яе транспартавалі ў 5-ю лякарню, дзе карціна паўтарылася — дзясяткі рэальна і патэнцыйна хворых у адным памяшканьні.

«Можа, паўсотні чалавек у чаканьні прыёму, — гаворыць ён. — Нашу бабулю хоць і прапускалі без чаргі, бо ў асноўным усе маладзейшыя, але 4,5 гадзіны гэта заняло. Дык вось: дзесьці ў кожнага пятага пацьвярджалася пнэўманія. Ну а ўсіх астатніх выпраўлялі дадому — бяз тэстаў, безь нічога. У цешчы нічога падазронага ў лёгкіх ня ўбачылі — да пабачэньня. І ня важна, што столькі часу ўсе дружна праседзелі побач. Гэта для разуменьня, як працуе сыстэма на пачатковай стадыі, на прыёме».

Пачынальнікі «Сузор’я»: Валянцін і Ўладзімер Пучынскія, Андрэй Філатаў, Андрэй Казлоўскі
Пачынальнікі «Сузор’я»: Валянцін і Ўладзімер Пучынскія, Андрэй Філатаў, Андрэй Казлоўскі

Пасьля прыпыненьня дзейнасьці рок-гурту «Сузор’е» у пачатку 1990-х Андрэй Казлоўскі працаваў гукарэжысэрам, займаўся наладкай прафэсійнага абсталяваньня. Апошнія гады зарабляе на жыцьцё тым, што з кавэр-бэндам Global Sound Band грае ў менскіх клюбах, барах, рэстаранах. Але ня думае, што мог заразіцца падчас выступу.

«У мяне было ў той час некалькі выступаў, аднак нешта падчапіць там наўрад ці мог, — перакананы музыка. — У рэстаране „Бруклін“ ці ў тым жа бары ля ратушы „0,5“ ужо ў сакавіку народу было зусім мала. Плюс наведнікі за столікамі далёка ад сцэны, таму наўпроставыя кантакты выключаныя. Мы на ўсялякі выпадак таксама трымаліся далей адзін ад аднаго, абдымацца-цалавацца ніхто ня лез. Усе мае калегі па сёньня здаровыя, за выключэньнем мяне».

Санэпіднагляд як рэпрэсіўны орган

З розьніцай у некалькі дзён сужэнцы адчулі сябе кепска: падскочыла тэмпэратура, запалілася горла, зьявіўся кашаль. Мэдыкі лячылі, як ад звыклай прастуды: Андрэю выпісалі лёгкія антыбіётыкі, Тамары аформілі бальнічны. Але мінуў тыдзень, а ніякага паляпшэньня не настала.

Удзельнікі Global Sound Band
Удзельнікі Global Sound Band

«У нас на руках напаўляжачая цешча з цэлым букетам хваробаў, бяз дагляду не пакінеш, — кажа Андрэй. — І ў гэты ж час здарылася яшчэ адна бяда. Жонку з траўмай паклалі ў 2-ю лякарню, сказалі, тыдні на паўтара-два. А літаральна праз тры дні паступіў загад вызваліць месцы, бо вязуць „каронікаў“. І яе разам зь іншымі — на датэрміновую выпіску. Праўда, трымалася тэмпэратура, дрэнна сябе адчувала, дык зрабілі ковід-тэст. І ён аказаўся станоўчы».

Андрэй Казлоўскі з сынам Акімам аўтаматычна сталі «кантактамі першага ўзроўню». Пачалі тэлефанаваць інфэкцыяністы з розных установаў, у асноўным цікавіліся тэмпэратурай, самім праверыцца не прапаноўвалі. Кажа, што давялося прыкласьці нямала намаганьняў, каб праз два дні ўсё ж зрабілі тэсты і ім. У бацькі каранавірус пацьвердзіўся, у сына — не.

«А ў мінулы панядзелак у мяне на руках памерла цешча, — працягвае музыка. — Думаем, што таксама наступства каранавірусу: проста не магла яго не падхапіць, бо мы зь ёй да самага канца былі ў пастаянным кантакце. Але, паколькі ў яе кілямэтровы сьпіс хранічных захворваньняў, у гісторыі хваробы адлюстраваныя менавіта тыя дыягназы. Той выпадак, калі вірус толькі наблізіў фінал».

Ва ўмовах вымушанай самаізаляцыі
Ва ўмовах вымушанай самаізаляцыі

Андрэй самаізаляваны ў кватэры-студыі, жонка з сынам пакуль што жывуць асобна. Дадае, што ніякага адмысловага лячэньня ім не прапісалі: адпілі свае курсы антыбіётыкаў, і на гэтым усё. Тэмпэратура прайшла, ад сымптомаў засталіся прыступы кашалю. Пры гэтым пацьвярджае, што кантроль за выкананьнем карантыннага рэжыму пастаянны: на хатні і мабільны тэлефоны набіраюць інфэкцыяністы, праз дамафон прысутнасьць фіксуюць міліцыянты.

«У мінулую пятніцу чалавек 20 званілі, з усіх бакоў: і з гарадзкой інфэкцыйнай, і з 5-й паліклінікі, і з 14-й, і з 19-й, — пералічвае ізаляваны творца. — Трэба сказаць, што ў сэнсе пошуку і кантролю працуюць вельмі эфэктыўна. Лукашэнка адзіны на „постсаўковай“ прасторы захаваў санэпіднагляд, хоць ад шмат чаго адмовіўся. Чаму? Бо гэта паўнавартасны рэпрэсіўны орган. І ў гэтай сытуацыі ён працуе паводле свайго прызначэньня».

Сфэра абслугоўваньня легла цалкам

Наступны тэст на COVID-19 Андрэю Казлоўскаму прызначаны на 30 красавіка. Калі вынік будзе адмоўны (на што ён небеспадстаўна разьлічвае), празь некалькі дзён будзе яшчэ адзін дадатковы аналіз — каб перавесьці са сьпісу хворых у лік тых, вылечыўся. У іншым выпадку рэжым ізаляцыі давядзецца падоўжыць. Аналягічную працэдуру мусіць прайсьці і жонка.

Андрэй Казлоўскі падчас выступу
Андрэй Казлоўскі падчас выступу

«Як я разумею сытуацыю, на каранавірус хворых пад 200 тысяч толькі ў Менску, — мяркуе рокер са стажам. — Гэта ўсе, хто кашляе ў кулак і пераносіць хваробу на нагах. І нічога страшнага я ў гэтым ня бачу. У ізаляцыі шмат вывучаю матэрыялу і ўсё больш пераконваюся, як прыгожа кітайцы ўсіх падманулі. Бо, каб не інфармацыйная хваля, усё сышло б за сэзонную ВРВІ. Таму Кітай трэба проста банкрутаваць пазовамі. Праўда, акрамя Трампа, наўрад ці хто адважыцца. Хоць нам ад гэтага і не лягчэй».

У сакавіку Андрэй Казлоўскі са сваёй камандай пасьпелі адыграць некалькі праграмаў у сталічных клюбах ды барах. Затое гэты месяц застаўся ў поўным мінусе. Як вынік — ні заробку, ні ўцямных пэрспэктываў вяртаньня на сцэну.

Гітарны сэт віртуозаў-прафэсіяналаў
Гітарны сэт віртуозаў-прафэсіяналаў

«Сфэра абслугоўваньня легла зусім: адзін за другім закрываюцца бары, прадаюцца клюбы, — гаворыць прафэсійны музыка. — Сябры, зь якімі столькі адпрацаваў, без усялякай дыпляматыі канстатуюць, што апынуліся ў поўнай д..пе, прасьцей выставіць усё за бесцань, чым чакаць прасьвету — скідваюць апаратуру, звальняюць людзей. Адміністратар, бармэн, афіцыянтка — вось і ўвесь штат. Заскокваюць хіба рэдкія наведнікі — кава, куфаль піва, сотачка гарэлкі. Ніхто доўга не заседжваецца».

Андрэй Казлоўскі кажа, што ў тыя шалёныя паўтара месяцы, якія выпалі на долю ягонай сям’і, нават не ўспамінаў пра асноўны занятак. Але днямі зноў узяў у рукі гітару.

«Сузор’е» як рухавік беларускай рок-культуры

Андрэю Казлоўскаму 66 гадоў. Разам з братам Аляксеем (малодшы на год зь невялікім, ад пачатку 1990-х жыве ў Нью-Ёрку, таксама музыка) расьлі ў творчым асяродку. Іхны бацька Аляксандар Казлоўскі — вядомы мастак, франтавік, выпускнік ленінградзкага Інстытуту жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна, заслужаны работнік культуры Беларусі.

Мама Натальля — доктар біялягічных навук. Скончыла Ленінградзкі ўнівэрсытэт, працавала ў Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі. Выдатна грала на фартэпіяна і сяміструннай гітары. Яна і дала асноўны штуршок для зацікаўленьня дзяцей музыкай.

Спачатку з братам экспэрымэнтавалі ў школе, самі рабілі электрагітары. Як сталі студэнтамі, самадзейны ўзровень падвысіўся. У 1977-м вакалісту-гітарысту Андрэю Казлоўскаму, якога публіка ўжо ведала з танцавальных вечарынаў у Менскім радыётэхнічным інстытуце, даручылі сфармаваць жывы ансамбаль пры «камсамольска-моладзевай» кавярні «Сузор’е».

Браты Казлоўскія ў «Сузор’і»: Андрэй (першы справа) і Аляксей (трэці справа)
Браты Казлоўскія ў «Сузор’і»: Андрэй (першы справа) і Аляксей (трэці справа)

Прывёў сяброў: барабаншчыка Андрэя Філатава і сыноў кніжнага графіка Юзафа Пучынскага Ўладзімера і Валянціна — старэйшы стаў гукарэжысэрам і музычным кіраўніком, малодшы ўзяў бас-гітару і заняўся складаньнем тэкстаў. Далучыліся салістка Вольга Аліпава і клявішнік Ігар Майскі, пазьней іх замянілі Вольга Хіжанкова і Васіль Нікалаеня.

Капіявалі Nazareth, Led Zeppelin, Deep Purple, Black Sabbath, The Beatles. Але паступова пачалі працаваць над уласным рэпэртуарам. На наступны год адбыўся дэбют «Сузор’я» на міжнародным фэстывалі ў Рызе, дзе гурт атрымаў першую прэмію. Потым былі выезды на аналягічныя імпрэзы ў Ялту, Ерэван, Калінінград — адусюль вярталіся з дыплёмамі.

На этапе філярманічнай дзейнасьці
На этапе філярманічнай дзейнасьці

У 1980-м каманду ўзмацніў вакаліст Аляксандар Брынцаў, голасу якога на пэўны час стаў візытоўкай «Сузор’я». На розных этапах у складзе калектыву выступалі Аляксей Казлоўскі (малодшы брат граў на бас-гітары) і гітарыст Аляксандар Растопчын, абодва выхадцы з гурту «Унівэрсытэт». А таксама ​Аляксандар Несьцяровіч (клявішы), Павал Харэвіч (вакал), Нэлі Дзянісава (вакал).

Але на піку папулярнасьці ў другой палове 1980-х «Сузор’е» стала ахвярай партыйнай кампаніі змаганьня з «распустай»: гурт расфармавалі і пазбавілі назвы. Нейкі час музыкі працавалі «на падхваце» ў салістаў філярмоніі, паралельна пасьпеўшы рэалізаваць шэраг маштабных праектаў: запісалі культавы магнітаальбом «Рок-тэрапія», паклалі на музыку «Песьню пра зубра» і «Полацкі сшытак».

Канцэрт на менскім стадыёне «Дынама»
Канцэрт на менскім стадыёне «Дынама»

Апошнім у насычанай біяграфіі стаў 1991 год. І, хоць ідэалягічныя путы былі аслабленыя, як кажа Андрэй Казлоўскі, вывела з гульні нават ня творчасьць, а эканоміка — канцэртная дзейнасьць ва ўмовах галечы была немагчымай.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG