Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сузор’е» супраць партыі. 40 гадоў таму распачалася і была спынена беларуская рок-экспансія


«Сузор’е»: Андрэй Філатаў, Аляксандар Несьцяровіч, Аляксандар Растопчын, Валянцін Пучынскі, Андрэй Казлоўскі, Аляксандар Брынцаў

Каб нэўтралізаваць беларускіх рокераў, давялося падключаць цяжкую артылерыю — дакумэнт ЦК КПСС «Аб рэглямэнтацыі дзейнасьці ВІА і дыскатэк».

40 гадоў таму пачаўся ўзьлёт гурту «Сузор’е». Калектыў запісаў першы ў гісторыі беларускай рок-музыкі магнітаальбом («Рок-тэрапія»), касэты з запісамі іхных гітоў («Фартуна», «Капітан», «Веснавы дзень», «Я веру», «Стары мост», «Знаёмы бераг») цаніліся гэтаксама, як і заходнія рок-артэфакты. Колькасьць канцэртаў па гарадах СССР перавысіла паўтары тысячы. Хто пусьціў пад адхон лякаматыў тутэйшага хард-року на піку папулярнасьці?

Разьняволіцца пад камсамольскім дахам

Музычны гурт пад назвай «Сузор’е» зьявіўся ў 1977 годзе. Назву атрымалі ў нагрузку да пункту прыпіскі — аднайменнай «камсамольска-маладзёжнай» кавярні побач зь Менскім радыётэхнічным інстытутам (РТІ). Фармальна яе адкрыцьцё прымеркавалі да 60-й гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, папраўдзе ж намэнклятурная рэзэрва партыі займела уласную пляцоўку, каб адцягвацца, згадваючы разгульнае жыцьцё ў студэнцкіх будаўнічых атрадах.

Падчас туру па Эстоніі
Падчас туру па Эстоніі

Для паўнавартаснага антуражу бракавала жывога ансамблю. Сфармаваць касьцяк было даручана вакалісту-гітарысту Андрэю Казлоўскаму, якога мясцовая публіка ўжо добра ведала з танцавальных вечарынаў у РТІ. Ён прывёў сяброў — Андрэя Філатава, які спрактыкаваўся на ўдарных, і сыноў вядомага станковага і кніжнага графіка Юзафа ПучынскагаУладзімера і Валянціна. Старэйшы стаў гукарэжысэрам і музычным кіраўніком, малодшы ўзброіўся бас-гітарай і заняўся складаньнем тэкстаў.

Да іх далучыліся салістка Вольга Аліпава і клявішнік Ігар Майскі, пазьней на тых жа пазыцыях іх замянілі Вольга Хіжанкова і Васіль Нікалаеня.

Неўзабаве ўстанова стала неверагодна папулярнай: паходам туды ўганароўваліся маладыя пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў і ўзорныя камсамольцы, там кучкаваліся сталічныя нефармалы.

Напачатку музыкі капіявалі забугорных грандаў — Nazareth, Led Zeppelin, Deep Purple, Black Sabbath, The Beatles. Але паступова пачалі працаваць над уласным рэпэртуарам — балазе чырвоныя куратары на такую самадзейнасьць заплюшчвалі вочы.

Ужо наступным годам адбыўся дэбют «Сузор’я» на міжнародным фэстывалі палітычнай песьні ў Рызе, дзе гурт атрымаў першую прэмію. Потым былі выезды на аналягічныя імпрэзы ў Ялту, Ерэван, Калінінград — адусюль вярталіся з дыплёмамі.

Вакаліст Аляксандар Брынцаў
Вакаліст Аляксандар Брынцаў

У 1980-м каманду ўзмацняе вакаліст, які паставіў «на вушы» і крытыкаў, і мэляманаў, — загартаваны ў ялцінскіх рэстаранах Аляксандар Брынцаў. Ягонаму голасу шырокага дыяпазону наканавана было стаць візытоўкай «Сузор’я».

На розных этапах у складзе калектыву выступалі Аляксей Казлоўскі (малодшы брат Андрэя Казлоўскага граў на бас-гітары) і гітарыст Аляксандар Растопчын, абодва выхадцы з гурту «Унівэрсытэт». А таксама ​Аляксандар Несьцяровіч (клявішы), Павал Харэвіч (вакал), Нэлі Дзянісава (вакал).

У 1981-м музыкам зрабілі шчодрую прапанову — стаць штатным калектывам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Першыя ж выступы на публіцы засьведчылі: нарэшце і тут зьявіўся «цяжкі» калектыў прафэсійнага ўзроўню.

Аднак, атрымаўшы легалізацыю, музыкі наўрад ці здагадваліся, што тым самым падпісалі сабе прысуд.

Пра крутыя віражы «Сузор’я» Радыё Свабода паўспамінала разам з ідэйным натхняльнікам гурту Андрэем Казлоўскім. Ён даўно адышоў ад экспэрымэнтальнай творчасьці, працаваў гукарэжысэрам, сёньня зарабляе на жыцьцё граньнем у зборных калектывах і інсталяцыяй музычнай апаратуры.

Ідэйны натхняльнік «Сузор’я» Андрэй Казлоўскі
Ідэйны натхняльнік «Сузор’я» Андрэй Казлоўскі

Як наагул студэнт тэхнічнай навучальнай установы стаў пачынальнікам сур’ёзнага праекту, роўні якому ў хард-рокавым руху на тэрыторыі СССР практычна не было?

Пераасэнсаваць наноў бацькоўскія гены

Андрэй і ягоны брат Аляксей з маленства расьлі ў творчай атмасфэры. Іхныя бацькі пазнаёміліся па вайне яшчэ студэнтамі ў Ленінградзе.

Тата Аляксандар Казлоўскі — вядомы мастак, франтавік, выпускнік ленінградзкага Інстытуту жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна, заслужаны работнік культуры Беларусі. Адзін зь ягоных вучняў — народны мастак Беларусі Георгі Паплаўскі.

Маці — доктар біялягічных навук. Скончыла Ленінградзкі ўнівэрсытэт, пасьля абароны кандыдацкай пачынала працу ў біялягічным інстытуце. Пазьней працавала ў Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі, суаўтарка даведніка «Флёра БССР». Выдатна грала на фартэпіяна (выконвала складаныя творы Бэтховэна, Ліста, Шапэна) і на сяміструннай гітары.

Дзед — з «ворагаў народу». У 1930-я быў дырыгентам аркестру народных інструмэнтаў, асуджаны за «антысавецкую дзейнасьць» — пусьціў пераначаваць беглага, які ўцякаў ад бальшавікоў у Фінляндыю. Адбываў пакараньне ў лягеры на Салаўках, памёр на пасяленьні ў горадзе Прыазёрску.

Андрэй Казлоўскі зь сябрамі-музыкамі Ўладзімерам Ткачэнкам, Уладзімерам Гародкіным, Вольгай Аліпавай
Андрэй Казлоўскі зь сябрамі-музыкамі Ўладзімерам Ткачэнкам, Уладзімерам Гародкіным, Вольгай Аліпавай

​«Бацька нарадзіўся ў Труханавічах пад Чашнікамі, — расказвае Андрэй Казлоўскі. — Калі ў 1920-х пачалася галадуха, сям’я зьбегла ў Пецярбург. Там давялося перажыць іншую навалу — блякаду. Мама з дробнапамеснага дваранства. Радавое гняздо па лініі яе маці ў Выбаргу, тагачаснай Фінляндыі; бацька, палкоўнік Сасьнін, з поўдня Расеі, вядомая фігура ў царскай арміі. Нягледзячы на пачатак савецкай улады і тое бязьмежжа, якое пачалося, рэшта выхаваньня ўсё ж засталася: калі дзяўчынка — значыць, павінна ўмець граць на „фартэп’янах“... Што мяне заўсёды зьдзіўляла, мама чытала самыя складаныя ноты: проста з вачэй — на пальцы. Так іх вучылі».

Напачатку 1950-х навукоўцам з усяго Саюзу быў кінуты кліч — дапамагчы кадрамі разбуранай вайной Беларусі. Як толькі зьявілася вакансія, маладая сям’я доўга ня думала — этнічнаму беларусу Аляксандру Казлоўскаму карцела вярнуцца на радзіму, адкуль яго вывезьлі немаўляткам.

Нейкі час жылі на два гарады, пакуль канчаткова не атабарыліся ў бараку на менскай вуліцы Акадэмічнай — на яго месцы потым узьвялі корпус Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі, у якім і зрабіла кар’еру Натальля Казлоўская.

​Як кажа Андрэй, у дзяцінстве асаблівага імпэту да музыкі не выяўлялі ні ён, ні Аляксей. Пры гэтым дзяжурна па некалькі гадоў адцягнулі лямку музычнай школы. Практычна кожныя выходныя маці арганізоўвала дзецям культурныя вылазкі ў філярмонію, каб прышчапіць густ да клясычнай музыкі.

Інтарэс узьнік сам сабой у старэйшай школе, калі «прасунутыя» аднаклясьнікі пачалі хваліцца адзін перад адным віртуознасьцю гітарнай тэхнікі. Маміна сяміструнка была раскамплектаваная пад рокавую вэрсію, і мажорныя акорды бальзамам леглі на неакрэплую натуру. Малодшы брат мусіў задаволіцца тым, што засталося ад «дарослых», — чатыры тоўстыя струны, нацягнутыя на нейкім абрубку, імітавалі бас-гітару.

Дасузор'еўскі «Унівэрсытэт»: Аляксей Казлоўскі, Аляксандар Растопчын, Нэлі Дзянісава, Віталь Навіцкі
Дасузор'еўскі «Унівэрсытэт»: Аляксей Казлоўскі, Аляксандар Растопчын, Нэлі Дзянісава, Віталь Навіцкі

​«У нейкі момант дарос, каб самастойна зрабіць электрагітару: падаткнуўшы старажытныя навушнікі пад струны і вывеўшы ў прымач, атрымаў той самы гук, пра які ня марылі бальшавікі, — згадвае гітарыст-тэхнік. — Уключыліся інжынэрныя мазгі. І, як скончыў школу і ўжо прыстойна брынкаў на гітары, пытаньне „куды ісьці вучыцца“ не стаяла. Толькі РТІ. Чаму? Можна было зрабіць узмацняльнік, „прымочкі“, правільна зразумець, як фармуецца гук. Там убачыў, што вырабляюць хлопцы з гітарамі — Жэня Канавалаў, у прыватнасьці. Чалавек ужо ведаў, хто такі Джымі Гэндрыкс, граў яго рэчы. Іншы сьвет».

Стаць культавымі ў лякальным асяродку

Першыя грошы, заробленыя ў будаўнічым атрадзе, студэнт Казлоўскі патраціў на запаветную мару — недасяжную для тагачасных лабухаў электрагітару Eterna de Luxe. Статусная рэч дала адчуць сябе «крутым чуваком».

Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў і браты Пучынскія
Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў і браты Пучынскія

Паступова пачаў вымалёўвацца касьцяк аднадумцаў, зь якімі хацелася ня толькі капіяваць нечае, але і ствараць сваё. Гэтыя студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту якраз і сталі падмуркам будучага «Сузор’я» — фізык Андрэй Філатаў і журналіст Валянцін Пучынскі.

«РТІ быў клюбам па інтарэсах для тых, хто граў на інструмэнтах, — музыкантамі іх назваць досыць складана, — працягвае Андрэй Казлоўскі. — Гэта была сапраўдная Мэка, дзе панавала свая ўнікальная атмасфэра. Ну і, зноў жа, дзе яшчэ зробіш „усілок“? Лямпавы ўзмацняльнік КІНАП даваў магутнасьць 5-6 ватаў, а мы ўжо мысьлілі катэгорыямі 20-30 ватаў. 100 ватаў наагул падавалася страшнай зьявай! І каб граматна апэраваць такой сілай, у нас і кучкаваліся. Перадавая ВНУ ў сэнсе таго, што ўсё правільна склалася — як у тэхнічнай частцы, так і ў адчуваньні свабоды. Менавіта гэта прыцягнула туды і Валіка, і Андрэя, і іншых хлопцаў».

Галодныя да творчасьці, маладыя людзі з галавой акунуліся ў стылёвыя экспэрымэнты — тэхнары налягалі на аранжаваньне, адзіны гуманітар аказаўся прыроджаным рок-тэкставіком.

Сярод першых слухачоў інстытуцкіх сэшнаў былі ня толькі ідэйныя рокеры, а і кар’ерныя камсамольцы. Гэта яны пралябіявалі месца ў новай кавярні на вуліцы Хмяльніцкага.

«Да нас цягнулася разважлівая частка моладзі, якой абрыдзеў „савок“, — згадвае музыка. — Прыходзілі і камсамольцы — такія ж, у сутнасьці, хлопцы, толькі на пасадах. Калі чалавек хоць раз у жыцьці браўся за музычны інструмэнт, узьнікала адчуваньне ўласнай абранасьці. Значыць, дазваляла да той ці іншай дзейнасьці ставіцца ляяльна. Не ў штыкі, як рабіла афіцыйная прапаганда, а спакойна. Таму мы і апынуліся ў той кавярні. Хоць сымбіёз атрымаўся дзіўны: камсамол і рок-музыка пад адным дахам. Але рок-н-рол перамог ідэалёгію, „савок“ урэшце разваліўся. Для мяне гэта канстатацыя факту».

Слава пра рок-бэнд, які «зносіць дах» сваёй энэргетыкай, хутка разьляцелася па Менску. Патрапіць у «Сузор’е» проста з вуліцы было нерэальна. Тут былі абкатаныя першыя гітовыя рэчы: балада «Адзін у акіяне зорак», іранічная «Салодкая жанчына», жыцьцесьцьвярджальны гімн «Мы граем проста».

Пачынальнікі «Сузор’я»: Валянцін і Ўладзімер Пучынскія, Андрэй Філатаў, Андрэй Казлоўскі
Пачынальнікі «Сузор’я»: Валянцін і Ўладзімер Пучынскія, Андрэй Філатаў, Андрэй Казлоўскі

На хвалі папулярнасьці паступіла прапанова, ад якой немагчыма было адмовіцца: «пайсьці на падвышэньне» ў Белдзяржфілярмонію. Нядоўга вагаючыся, пагадзіліся: з кароткіх штаноў кавярні нібыта вырасьлі, хацелася «вялікай сцэны». Разьвітальны канцэрт пад дахам, які даў адчуць уласны патэнцыял, здарыўся ў сакавіку 1981-га. Пачынаўся новы этап біяграфіі.

Зазямліць электрагітары патлатых

Адрозна ад камсамольскай вольніцы, філярмонія адразу ж пачала дыктаваць умовы. Першым выпрабаваньнем стала страта «голасу» — кіраўніцтва ўстановы наадрэз адмовілася ад паслугаў Аляксандра Брынцава. Вакантнае месца пачалі абжываць Павал Харэвіч і Нэлі Дзянісава.

Спрабавалі замяніць «занадта жорсткі» рэпэртуар на творы мэтраў Ігара Лучанка ды Ўладзімера Будніка — маўляў, на афіцыйных канцэртах дазваляецца выконваць толькі 20% твораў уласнага аўтарства, астатняе мусіць належыць пяру сябраў Беларускага саюзу кампазытараў. Новыя песьні таксама нельга сьпяваць калі ўздумаецца, іх павінна ўхваліць мастацкая рада.

З салістамі Паўлам Харэвічам і Нэлі Дзянісавай
З салістамі Паўлам Харэвічам і Нэлі Дзянісавай

Тым ня меней, збольшага атакі ўдавалася адбіваць і ўва ўнутраную кухню ідэолягі асабліва ня ўлазілі. З аднаго боку, ніхто не касаваў абсурдных патрабаваньняў, зь іншага, прыбыткі ад выступаў «Сузор’я» дазвалялі трымаць на бюджэце цэлы камэрны аркестар.

«Агулам кажучы, у мастацкіх рáдах засядалі ня скрозь абмежаваныя людзі, — гаворыць Андрэй Казлоўскі. — Нават пра філярмонію не магу казаць, што былі нейкія неадэкваты. Памятаю, мастацкім кіраўніком быў народны артыст СССР Васіль Сербін — цалкам разважлівы мужык. Для яго галоўным было чыстае мастацтва. Калі рабіў канкрэтныя заўвагі, яны тычыліся толькі тваёй прафэсійнай працы. Іншая рэч, што заўсёды быў кадэбэшны цэрбэр. Слынны таварыш Гусеў — той літцэнзар, які прапускаў ці не прапускаў. Мы зь ім бясконца бадаліся за нашы тэксты, але калі ставіў пячатку і штамп „дазволена“, гэта ўжо была індульгенцыя».

Далучалі і да няпрофільных праектаў. Так, запісалі музыку для спэктаклю «Трансьлегатар» Беларускага радыё. Для Дзяржаўнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа — музычны спэктакль «Клемэнс» (некалькі песень у вольным перакладзе зь літоўскай Алеся Разанава на музыку Ўладзімера Кандрусевіча, а словы «І гэты час, і гэты лад не назаўсёды» падхапіла нонканфармісцкая моладзь пачатку 1980-х). Паэкспэрымэнтавалі і для маленькай публікі — зь песьнямі да мультфільму «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію».

Рэдкі па тым часе каляровы здымак
Рэдкі па тым часе каляровы здымак

Тым часам склад каманды ўзмацніўся другім гітарыстам, яшчэ адным «эртэішнікам» Аляксандрам Растопчыным. Прыйшоў клявішнік Аляксандар Несьцяровіч — адзіны, хто ў «Сузор’і» меў вышэйшую музычную адукацыю. А празь нейкі час узяў у рукі бас-гітару Аляксей Казлоўскі.

У 1982–1983 гадах «Сузор’е» выйшла на пік папулярнасьці. Хард-рокавая праграма, аздобленая гітарнымі рыфамі Казлоўскага-Растопчына, зьбірала нязьменныя аншлягі. Нават удалося легалізаваць на афішах зьвязку «рок-група», хоць з газэт і тэлеэкранаў сьцьвярджалі, што «року і сэксу ў СССР няма».

Але ў зэніце славы давялося зачахліць інструмэнты — у чарадзе нямоглых генсекаў на фоне Крамля вымаляваўся Канстанцін Чарненка. Як некалі трапна заўважыў музычны аглядальнік Зьміцер Падбярэскі, пэрыяд ягонага культурнага дыктату ўвайшоў у гісторыю року як «год адміністрацыйнага зазямленьня электрагітараў».

На этапе філярманічнай дзейнасьці
На этапе філярманічнай дзейнасьці

«Мы яго звалі няйначай як „Чарнілавіч“, — усьміхаецца Андрэй Казлоўскі. — Чамусьці першым чынам ён узяўся шарсьціць культуру — маўляў, яна дэструкцыйна ўплывае на пабудову сьветлай будучыні. Жыта ня зжалі — хто вінаваты? Раней казалі, што габрэі, а цяпер рокеры. Якраз у часе хісткага міжуладзьдзя, калі Андропаў быў безнадзейна хворы і палітбюро было не да нас, падрыхтавалі, бязь лішняй сьціпласьці, забойную праграму. Пачалі беларускую тэматыку, зрабілі падыход да „Песьні пра зубра“. Карацей, займаліся справай. Прадукт аказаўся сур’ёзны, абкаталі па Расеі. Атрымалі добрыя водгукі, на канцэртах тварылася буйства».

Посьпех трэба было замацаваць на радзіме. Гастрольны тур стартаваў з Гомля. Мясцовая рок-тусоўка ўжо прачула пра ажыятажны прабег «Сузор’я» па расейскіх гарадах, адкуль даходзілі касэты з канцэртнымі запісамі. І калі здарыўся дзень выступу, стала зразумела: Гомельская філярмонія недаацаніла колькасьць ахвотных трапіць у залю. Перакуленыя білетныя будкі, цісканіна, сутычкі — давялося ўмешвацца міліцыі.

«Тры канцэрты, залі бітма набітыя, — згадвае суразмоўца. — Гэта ўжо была больш-менш разьняволеная моладзь каля 20 гадоў. А наша музыка — акурат тое, чаго яны чакалі. Назаўтра пераехалі ў Магілёў,

Наш ліміт быў 900 рублёў, а даход філярмоніі з кожнага канцэрту складаў пяцізначныя лічбы

гісторыя паўтарылася. Балазе сытуацыю змаглі ўзяць пад кантроль: ажыятаж — так, але ў рамках грамадзкага парадку. Мясцовая філярмонія сьвяцілася: наш ліміт быў 900 рублёў, а іхны даход з кожнага канцэрту складаў пяцізначныя лічбы. Усе задаволеныя.

ў гэты момант звальваецца ліст, падпісаны трэцім сакратаром Гомельскага гаркаму партыі. Нас вінавацілі ўва ўсіх грахах: правакавалі людзей, выконвалі заходнюю музыку, выкрыквалі нейкія лёзунгі».

Стаць ахвярамі партыйных цэрбэраў

Як кажа Андрэй Казлоўскі, празь некалькі дзён — як пад кальку — аналягічная пісулька прыляцела з Магілёва. Паперы накіравалі на рэагаваньне ў Міністэрства культуры БССР, у падначаленьні якога знаходзілася Белдзяржфілярмонія і, адпаведна, прыпісаны да яе «залётны» калектыў.

У ведамствe паводзіны рокераў параўналі з «ідэалягічнай распустай». І рэкамэндацыя — рок-гурт распусьціць.

Канцэрт на менскім стадыёне «Дынама»
Канцэрт на менскім стадыёне «Дынама»

«...Поступил ряд писем и жалоб от общественных организаций, партийных и советских органов, а также отдельных граждан, в которых выражается неодобрение и несогласие с творческим направлением в целом и показом концертной программы рок-группы „Сузорье“... Как отмечено, допускались предельный уровень звучания инструментов, неэтичное поведение на сцене, развязная манера исполнения, что провоцировало определенную часть публики из числа несформировавшейся молодежи к нездоровому ажиотажу, граничащему с хулиганскими действиями», — адзначалася ў тлумачальным лісьце культурнага ведамства.

Хваля дакацілася да Масквы. Згодна з дакумэнтам ЦК КПСС «Аб рэглямэнтацыі дзейнасьці ВІА і дыскатэк» (ВІА — «вакальна-інструмэнтальныя ансамблі»), у дачыненьні да «Сузор’я» была ўжытая максымальная санкцыя — калектыў расфармавалі і пазбавілі назвы. Пагрозы «Чарнілавіча» прыструніць «патлатых» зьдзяйсьняліся.

Абвінавачаныя ў «разьвязнай манэры выкананьня»
Абвінавачаныя ў «разьвязнай манэры выкананьня»

Разам пацярпелі таксама іншыя рок-гурты па ўсім Савецкім Саюзе, але для Беларусі гэта быў адзіны выпадак, калі лёс выканаўцаў вырашаўся на такім узроўні. Да таго ж, «Сузор’е» аказалася адзіным філярманічным калектывам у СССР, зь якім разабраліся так радыкальна.

«...Расформировать коллектив рок-группы „Сузорье“... Музыкальным руководителям обратить особое внимание на составление программ, качество сценических выступлений, соответствующее современным требованиям советской эстрадной культуры, изложенным в решениях июньского (1983 года) Пленума ЦК КПСС. Художественному совету филармонии организовать прослушивание концертных программ коллективов эстрадного бюро до начала концертного сезона. В случаях неудовлетворительной постановки программ принимать конкретные решения вплоть до расформирования коллективов», — цытата з «прысуду».

Зрэшты, паставіўшы галачку ў справаздачах аб «наведзеным парадку», кіраўніцтва Мінкульту перасьледаваць музыкаў у пэрсанальным парадку ня стала — занадта залежала ад іх у фінансавым дабрабыце. Апальных рокераў пакінулі ў структуры філярмоніі, панізіўшы ў клясе да «Інструмэнтальнага ансамблю пад кіраўніцтвам Аляксандра Несьцяровіча». Спачатку хлопцаў прыставілі акампанаваць экс-«Чараўніцы» Сьвятлане Кульпе, а калі супраца не наладзілася, перанакіравалі з той жа місіяй да Надзеі Мікуліч.

У гастрольнай паездцы з Надзеяй Мікуліч
У гастрольнай паездцы з Надзеяй Мікуліч

«Нам далі зразумець: чакайце, — прыгадвае музыка. — Мы пісалі праграму, складвалі ў стол. Вядома, у грашах страцілі ўсе, бо гастролі спыніліся. Але як толькі „Чарнілавіча“ закапалі, ціхенька выдалі загад і нас вярнулі ў эстраднае аддзяленьне. Усе разумелі: рэзаць курыцу, якая нясе залатыя яйкі, проста неразумна. Тым ня менш моцна падсеклі, скралі наш час. Мы не пасьпелі скочыць на сур’ёзны саюзны ўзровень. Тыя ж „Песьняры“ ці „Верасы“ былі непатапляльныя, бо мелі статус. Можна біць, лаяць, але патапіць — нерэальна. „Сузор’е“ такой ахоўнай граматы ня мела».

Каб пакінуць пасьля сябе хоць нешта матэрыяльнае, сузор’еўцы заселі ў аматарскай студыі, што месьцілася ў падвалах менскага Тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Мастацкая акадэмія). Скінуўшыся на квіток, выклікалі зь Ялты сябрука-саліста Аляксандра Брынцава і за некалькі дзён запісалі магнітаальбом «Рок-тэрапія».

Узяць за рогі сярэднявечнага зубра

З прыходам новага генсека Міхаіла Гарбачова ідэалягічныя путы аслабелі. «Сузор’е» ня толькі дастала з шуфлядаў прыхаваны запас, а сьледам за «Песьнярамі» ўзялося за ўвасабленьне вялікіх формаў.

Рок-моднікі 1980-х
Рок-моднікі 1980-х

Найперш вярнуліся да матэрыялу, які ў змрочныя часы давялося адкласьці — збору побытавай музыкі XVII стагодзьдзя з «Полацкага сшытку». Цэнтральнай тэмай стала 20-хвілінная рок-кампазыцыя «Песьня пра зубра» на перакладзеныя з лаціны на беларускую вершы сярэднявечнага паэта Міколы Гусоўскага. Упершыню старыя тэксты былі адаптаваныя пад хард-рокавыя рытмы. Тады ж слухачы ўпершыню пазнаёміліся з калярытнай вакалісткай Нэлі Дзянісавай.

Калі і якім чынам спадчына Вялікага Княства ўвайшла ў жыцьцё прапагандыстаў цяжкага року? Андрэй Казлоўскі расказвае пра знаёмства, якое моцна паўплывала на сьветапогляд музыкаў.

Аднойчы лёс зьвёў з Адамам Мальдзісам — цяпер усім вядомым знаўцам гісторыі, культуры, этнаграфіі, а тады шараговым супрацоўнікам Акадэміі навук. Ён прынёс некалькі старых польскіх кружэлак і рукапіс з нотамі. Тады і расказаў — і пра «Полацкі сшытак», і пра рэаліі Вялікага Княства наагул.

Гурт «Сузор’е»
Гурт «Сузор’е»

«Сабраліся ў кавярні „Сузор’е“ — ужо пасьля закрыцьця, нікога больш

Аповед Мальдзіса пра часы ВКЛ нас прыбіў, ашаламіў

не было. Мы туды старой завядзёнкай яшчэ наведваліся, — гаворыць Андрэй Казлоўскі. — Мальдзіс пачаў казаць тое, ад чаго мы перажылі культурны шок. То бо як тут было за часамі ВКЛ, з кім ваявалі, як забаўляліся. Прычым, без надрыву, проста як канстатацыя факту. Той аповед, шчыра кажучы, прыбіў, ашаламіў. А ўрэшце кажа: хлопцы, гэта ўсё ёсьць, ноты ў тым ліку! Як так? Знайшоў „Полацкі сшытак“ у Кракаве, першым яго пабачылі музыкі ансамблю „Кантабіле“ (іх за тую „самадзейнасьць“ потым проста зацкавалі). Ну, яны рэалізавалі гэта ў адным ключы, мы адаптавалі пад рок-стылістыку».

Неўзабаве ў канцэртах паміж жорсткім гітарным сола пачалі ўстаўляць амаль паўгадзінную інструмэнтальную разрадку на матывы «Полацкага сшытку». Аднак уключыць праграму ў рэпэртуар куратары забаранілі — патыхала пакланеньнем «сумнеўнаму гістарычнаму пэрыяду».

На сумежжы з 1990-мі «Песьня пра зубра» усё ж прагучала зь філярманічнай сцэны — яе дазволілі выконваць у другім аддзяленьні пасьля акампанаваньня Надзеі Мікуліч.

Вокладка дыску «Песьня пра зубра»
Вокладка дыску «Песьня пра зубра»

Нечаканы працяг праект атрымаў яшчэ праз 30 гадоў. У 2007-м пры дапамозе амбасады ЗША ў Беларусі быў запісаны кампакт-дыск «Песьня пра зубра». У альбом увайшло 10 кампазыцыяў, у іх ліку «Зубар», «Ліст да каралевы Боны», «Сумленьне і розум», «Родны мой край», «Панна Марыя», «Бойка быкоў» ды іншыя.

Зь ліку «зуброў беларускага року» ў запісе бралі ўдзел Андрэй Казлоўскі, Аляксандар Несьцяровіч, вакалісты Нэлі Дзянісава і Павал Харэвіч. Да падзеі не дажыў адзін з натхняльнікаў «Полацкага сшытку» ў рокавым фармаце Валянцін Пучынскі, які за некалькі гадоў да таго памёр у Чыкага.

Узяць публіку ляканічнасьцю формы

Запальныя песьні «Сузор’я» з паўабароту заводзяць старых мэляманаў і сёньня. Рэчы з культавай «Рок-тэрапіі» ня ўпісваліся ў рамкі ідэалягічнай палітыкі 1980-х, але ставілі на ногі сымбіёзам формы і ляканічнасьці. Паводле суразмоўцы, атрымаўся разумны кампраміс паміж непатрэбным ускладненьнем і прымітывізмам — падыходамі, якія ўжо сфармаваліся ў беларускай музычнай тусоўцы.

Удзельнікі праекту запісу «Песьні пра зубра»
Удзельнікі праекту запісу «Песьні пра зубра»

«Моладзь часам слухае і зьдзіўляецца: як вы тады гэта рабілі? — кажа Андрэй Казлоўскі. — Дакладна не азарэньне. Перапрацоўвалі вялізную колькасьць матэрыялу. На кожную рэч яшчэ тры бракаваліся, хоць некаторыя і былі досыць цікавыя. Але гэта ўсё пробы: аранжавальная, кампазытарская. Чаму „Рок-тэрапія“ і атрымалася амаль без памылак — усё выверана. Дакладна — мэлёдыка, дакладна — тэкст, дакладна — аранжаваньне. Бо шмат плыняў існавала і ўнутры гурту: хацелася нешта вынаходзіць, хацелася буйных твораў, хоць толкам паняцьця ня мелі. А на ляканічныя формы мазгоў хапіла».

«Рок-тэрапія», скляпаная ў саматужных умовах, засталася. Астатнія ж рэчы, якія выконваліся толькі на канцэртах, пры браку тэхнічных магчымасьцяў іх запісаць або страціліся, або засталіся ў сцэнічным фармаце.

Апошняя вінілавая плыта
Апошняя вінілавая плыта

У 1988 годзе фірма «Мелодия» — манапаліст фанаграфіі ў СССР — апошні раз згадала пра «Сузор’е», выпусьціўшы кружэлку «Сентябрьская река». Альбом умомант разьляцеўся, нават спатрэбіўся дадатковы наклад.

Нягледзячы на паступовае аднаўленьне страчаных правоў беларускага рок-калектыву, 1991 год стаў апошнім у ягонай біяграфіі. Як кажа Андрэй Казлоўскі, вывела з гульні ня творчасьць, а эканоміка — філярмонія сама дыхала на ладан, а канцэртная дзейнасьць ва ўмовах татальнага дэфіцыту была немагчымай.

З выняткам некалькіх спробаў — у 2001-м з ініцыятывы Ўладзімера Пучынскага далі пару канцэртаў у легендарнай кавярні на вуліцы Хмяльніцкага і ў 2007-м сабраліся дзеля запісу «Песьні пра зубра» — рэінкарнацыі не атрымалася.

Апошні выступ у кавярні «Сузор’е» з удзелам Валянціна Пучынскага, 2001 год

«Насоўваліся 1990-я, непазьбежны развал „саўка“, — кажа суразмоўца. — Мы тых зьменаў элемэнтарна ня вытрымалі — не маглі зразумець, што будзе зь пераходам на самаакупнасьць. Дый паміж сабой пайшлі ўнутраныя рознагалосьсі, якія не давалі суіснаваць пад адным дахам. Рынкавых пэрспэктываў нібыта адкрылася безьліч, а насамрэч ні фіга. Можна было замарозіцца ў выставачнай форме накшталт „Верасоў“. Амалоджвацца хлопчыкамі і, як Васіль Раінчык, седзячы за кадрам, нешта для іх пісаць. Нас гэта не натхняла, прывыклі працаваць на сцэне, як усякі нармальны гурт».

Акрэсьліць грамадзянскую пазыцыю

У фінале «сузор’еўцы» пасьпелі грымнуць дзьвярыма, выразна акрэсьліўшы сваю грамадзянскую пазыцыю — у адказ на спробу жнівеньскага путчу 1991 году выдалі энэргічную песьню «Ельцын рок-н-рол». Аднак экспэрымэнтаваць надалей на беларускім матэрыяле не было ўжо ні жаданьня, ні часу.

«Так, памятаю такое, — сьмяецца Андрэй Казлоўскі, — чыстая агітка

Нават вялікі чалавек Зянон Пазьняк ня здолеў аб’яднаць беларушчынай тутэйшае балота

зь відам на перамены. Тэкст Валіка Пучынскага, над мэлёдыкай працавалі разам, аранжаваньне маё... Што да мясцовых рэаліяў, мы іх на сябе мала прымяралі — тут не было ніякіх уцямных пэрспэктываў. Чаму Лукашэнка і дарваўся да ўлады? Бо на бязрыб’і. Не сфармавалася палітыка ўзроўню Ельцына. Які б ён ні быў — жлукта, камічны — але гэта таран, які сабраў вакол сябе ідэйных людзей. А што ў нас? Нават вялікі чалавек Зянон Пазьняк ня здолеў аб’яднаць беларушчынай тутэйшае балота. 30-35% згуртаваў, астатняе перацягнуў на сябе плуг і лох. На жаль, такія рэаліі».

Афіша канцэрту рок-гурта «Сузор’е»
Афіша канцэрту рок-гурта «Сузор’е»

Шмат хто з былых удзельнікаў «Сузор’я» і сёньня не закінуў музыку — збольшага як спосаб выжыць. Андрэй Казлоўскі пасьпеў «пашабашыць» у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, цяпер грае з рознымі калектывамі ў менскіх кавярнях. Часам далучаецца да розных праектаў, але, кажа, стан сучаснай культуры такі, што маштабныя зьявы нікому не патрэбныя — «занадта разумныя» для цяперашняга прымітывізаванага ўзроўню.

З кавэрбэндам «Скорая помощь» перамяшчаецца Андрэй Філатаў, у Берасьці тым жа займаецца Павал Харэвіч, а Нэлі Дзянісава знайшла сябе ў царкоўным хоры.

Уладзімер Пучынскі пасьля «Сузор’я» працаваў галоўным рэжысэрам Дому культуры прафсаюзаў, загадчыкам лябараторыі аўдыёвізуальных тэхналёгіяў Беларускага інстытуту праблемаў культуры; падрыхтаваў поўную анталёгію ансамблю «Песьняры».

З салісткай Нэлі Дзянісавай
З салісткай Нэлі Дзянісавай

Аляксандар Брынцаў зьмяніў Ялту на Маскву і забаўляе наведнікаў рэстаранаў мэгаполісу. Аляксей Казлоўскі, Аляксандар Растопчын даўно жывуць у ЗША. Там жа ў 2003-м ва ўзросьце 47 гадоў памёр Валянцін Пучынскі, а 10 гадоў таму і ягоны бацька Юзаф. Некалькі спробаў аднавіць старую спадчыну з дапамогай маладых выканаўцаў рабіў Аляксандар Несьцяровіч, але ў сыстэмны праект гэта так і не аформілася.

Як Андрэй Казлоўскі, адзін з прабацькоў у свой час гучнага праекту, успрымае тое, да чаго непасрэдна прыклаў свае тэхнічныя і музычныя здольнасьці?

«Стаўленьне? Не са мной і ня ў той час, — катэгарычны ён. — У сфэру маіх інтарэсаў гэта даўно не ўваходзіць, шмат незваротна страчана... Трымаліся на тым, што быў Валік — вытворца думкі. Хоць найменш падрыхтаваны з музычнага гледзішча — ня мог граць хутчэй, нешта ацаніць — гэта ішло на карысьць. Чаму ўвесь час стукаліся зь ім ілбамі? Усё зводзілася да ляканічнасьці формы. І калі зьехаў, памёр, то зьнёс з сабой стрыжань, вакол якога мы свае выдумкі рэалізоўвалі. Ягоныя стандарты былі правільныя і жорстка адточаныя. Ён меў дар пабудовы ўсёй канструкцыі. Да хрыпаты спрачаліся, але яму ўдавалася — з трэцяга, пятага разу — трапіць у цэль».

Андрэй Філатаў, браты Казлоўскія, Аляксандар Несьцяровіч
Андрэй Філатаў, браты Казлоўскія, Аляксандар Несьцяровіч

Дыскаграфія рок-гурта «Сузор’е»:

  • «Старый мост» (максі-сынгл, EP, 1983)
  • «Рок-терапия» (альбом, MC 1984)
  • «Сентябрьская река» (альбом, LP, 1987)
  • «Кафе» (зборнік, CD, 2002)
  • «Нелли + Сузорье» (альбом, CD, 2002)
  • «Песьня пра зубра» (альбом, CD, 2008)

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG