Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр мастак Георгі Паплаўскі, ілюстратар і сябра Васіля Быкава і Алеся Адамовіча


Георгі Паплаўскі. Фатаздымак Яўгена Колчава
Георгі Паплаўскі. Фатаздымак Яўгена Колчава

На 87-м годзе жыцьця ня стала народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Пра гэта паведамілі ў Беларускім саюзе мастакоў.

Творца працаваў у шырокім дыяпазоне, валодаў тэхнікай лінагравюры, літаграфіі, афорту, малюнку пяром. Аўтар антываеннай анталёгіі «Памяць», касьмічнай сагі «Высокае неба», цыкляў «Белы кантынэнт» і «Камандор», жывапісных сэрый «Мой край» і «Браслаўшчына — край азёрны».

Якуб Хайрулін дорыць Георгію Паплаўскаму ягоны партрэт
Якуб Хайрулін дорыць Георгію Паплаўскаму ягоны партрэт

Яго працамі аздобленыя выданьні Янкі Купалы і Якуба Коласа, Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, школьныя падручнікі.

Георгі Паплаўскі, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч
Георгі Паплаўскі, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч

Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў дакумэнтальным хранікёрам Георгія Паплаўскага быў вядомы фатограф Яўген Коктыш. На ягоных здымках мастак фігуруе зь вядомымі асобамі свайго часу. Ці не найчасьцей — побач з Быкавым і Адамовічам: яны былі блізкімі сябрамі.

На заднім пляне падчас здымкаў мастацкай стужкі «Ідзі і глядзі»
На заднім пляне падчас здымкаў мастацкай стужкі «Ідзі і глядзі»

«Ён мне ня толькі сябра, а быў, безь перабольшаньня, за брата, — сказаў Свабодзе Яўген Коктыш. — Мабыць, бліжэйшага чалавека я і ня меў — па духу, па сьветапоглядзе. У мяне сотні ягоных здымкаў, пачынаючы ад сярэдзіны 1970-х. Думаю, варта гэта нейкім чынам прэзэнтаваць — майстар на розных этапах сваёй творчасьці...

Георгі Паплаўскі, Алесь Адамовіч, Валянцін Тарас, Васіль Быкаў
Георгі Паплаўскі, Алесь Адамовіч, Валянцін Тарас, Васіль Быкаў

Часьцяком фатаграфаваў усіх разам — Адамовіча, Быкава, Паплаўскага. Справа ў тым, што ён і таго, і другога шмат ілюстраваў. І, шчыра кажучы, дзякуючы менавіта Георгію я таксама зь імі засябраваў. Асабліва што тычыцца Быкава, бо ён да сябе падпускаў надзвычай асьцярожна.

Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Натальля Паплаўская, Валянцін Тарас, Георгі Паплаўскі (на юбілеі апошняга)
Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Натальля Паплаўская, Валянцін Тарас, Георгі Паплаўскі (на юбілеі апошняга)

Канечне, усе блізкія паміж сабой людзі, гэта несумненна. І вось чарговая незаменная страта як для мастацтва, так і для ўсяго грамадзтва».

Мітрапаліт Філарэт, Георгі Паплаўскі, Алесь Адамовіч
Мітрапаліт Філарэт, Георгі Паплаўскі, Алесь Адамовіч

Георгі Паплаўскі — народны мастак Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Пахаваньне Георгія Паплаўскага адбудзецца 1 лістапада, месца разьвітаньня ўдакладняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG