Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ парэкамэндавала Беларусі спыніць масавыя імпрэзы і перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне. Лукашэнка: «Яны да нас любові ня маюць»

абноўлена

Патрык О’Конар, кіраўнік місіі САЗ у Беларусі
Патрык О’Конар, кіраўнік місіі САЗ у Беларусі

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) апублікавала сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам.

Місія САЗ, якая пабывала ў шпіталях Менску і Віцебску, праводзіла сумесную зь Міністэрствам здароўя прэс-канфэрэнцыю 11 красавіка.

У прыватнасьці, на сваім афіцыйным сайце САЗ парэкамэндавала беларускім уладам:

  • адкласьці ўсе масавыя зборы і імпрэзы, у тым ліку спартовага, рэлігійнага і культурнага характару;
  • увесьці варыянты працы на адлегласьці і дыстанцыйнае навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах;
  • прыпыніць дзейнасьць «неістотнага бізнэсу»;
  • перавесьці на карантын людзей, якія кантактавалі з пацыентамі, у якіх пацьвердзілі інфэкцыю каранавірусам, і людзей, якім «патэнцыйна» пагражае заражэньне;
  • зьменшыць «неістотнае» перамяшчэньне людзей, асабліва з групаў «высокай рызыкі» заражэньня;
  • весьці празрыстую інфармацыйную палітыку аб змаганьні з каранавірусам;
  • працягваць асноўныя мэдычныя паслугі і сацыяльна-эканамічную падтрымку для насельніцтва, асабліва для слаба забясьпечаных групаў.

Як адрэагаваў Лукашэнка

Падчас наведваньня 21 красавіка бабруйскага прадпрыемства «Славянка» Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

«Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра WHO. — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час. Як спэцыялісты яны кажуць: улада ня хлусіць. Усё як ёсьць, так і кажуць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG