Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя СМІ не расказалі пра тыя рэкамэндацыі WHO, якіх Беларусь не выконвае


Кадр з навіны тэлеканалу «Беларусь-1». «Незаўважаныя» рэкамэндацыі WHO ўсё ж трапілі ў кадр (пазначаныя рудым)
Кадр з навіны тэлеканалу «Беларусь-1». «Незаўважаныя» рэкамэндацыі WHO ўсё ж трапілі ў кадр (пазначаныя рудым)

Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала 21 красавіка сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам.

Беларускія дзяржаўныя СМІ «не заўважылі» тых рэкамэндацый, якіх у краіне не выконваюць, але заўважылі, за што пахвалілі.

Што раіць WHO

WHO сярод іншага раіла ўзмацніць захады для фізычнага дыстанцыянаваньня, каб запаволіць распаўсюд эпідэміі COVID-19 і даць мэдычным установам час падрыхтаваць больш месцаў, абсталяваньня і спэцыялістаў да змаганьня з каранавірусам. Фізычнае дыстанцыянаваньне, піша WHO, уключае:

  1. Скасаваньне буйных сходаў, у тым ліку спартовых, рэлігійных і культурных мерапрыемстваў.
  2. Карантын тых, хто кантактаваў з інфікаванымі і патэнцыйна заражанымі.
  3. Даваньне магчымасьці дыстанцыйнай працы і адукацыі для школаў, унівэрсытэтаў і іншых установаў адукацыі, прыпыненьне не неабходных бізнэсаў.
  4. Зьмяншэньне не неабходных перамяшчэньняў, асабліва сярод людзей з групаў рызыкі.

З гэтага беларускія ўлады выконваюць толькі другі пункт — «кантакты 1 і 2 узроўняў» сапраўды зьмяшчаюцца ў лякарні або на хатнюю самаізаляцыю. Але спартовых, рэлігійных і культурных імпрэзаў не скасавалі, заняткі ў школах аднавілі пасьля вакацыяў, перамяшчэньні не абмежавалі.

Па выніках місіі WHO таксама заклікала беларускія ўлады да:

  • «прыхільнасьці і лідэрства» ў захадах стрыманьня і зьмякчэньня эпідэміі;
  • «дакладнай, празрыстай і рэгулярнай камунікацыі» аб рызыках, рэкамэндацыях аб ахове здароўя і захадах супраць вірусу;
  • працягу неабходных мэдычных сэрвісаў і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі тых, хто мае ў ёй патрэбу, асабліва самых уразьлівых.

Што расказалі дзяржаўныя СМІ

Дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы БелТА і «Минск-новости», а таксама газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» 21 красавіка расказалі, што місія WHO прадставіла рэкамэндацыі па выніках візыту ў Беларусь.

У тэксьце згадваецца, што WHO адзначала прынятыя ўрадам захады стрымліваньня эпідэміі: тэставаньне падазроных выпадкаў, адсочваньне іх кантактаў і ізаляцыю хворых. Таксама згадваецца, што WHO адзначыла нарошчваньне магчымасьцяў для працы з інфікаванымі пры захаваньні асноўных мэдычных паслуг для хранічна хворых, псыхічна хворых і цяжарных. Згадваецца і тое, што WHO адзначыла перапрафіляваньне прамысловасьці на вытворчасьць сродкаў засьцярогі для мэдыкаў.

«Місія WHO мяркуе, што з пачаткам папуляцыйнай перадачы каранавірусу ў Беларусі мае вялікае значэньне дапоўніць гэтыя захады мерамі фізычнага дыстанцыяваньня», — піша БелТА, не ўдакладняючы, якімі менавіта захадамі.

Заклікі да празрыстага і рэгулярнага інфармаваньня і сацыяльнай абароны ў тэксьце згадваюцца.

Падобным чынам пра рэкамэндацыі WHO паведамляе і дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1»: у навінах і перадачы «Панарама» (ад сярэдзіны 30-й хвіліны) згадваецца перапрафіляваньне вытворчасьці, карантын пацыентаў, працяг мэдычных паслуг, рэкамэндацыі аб фізычным дыстанцыянаваньні і інфармаваньні насельніцтва.

Але ў чым палягае фізычнае дыстанцыянаваньне, на БТ ня згадваецца. Ды на кадрах, дзе паказваюць англамоўны тэкст рэкамэндацыяў, радкі пра масавыя мерапрыемствы і дыстанцыйную адукацыю відаць цягам некалькіх сэкундаў.

Знайсьці дзяржаўныя выданьні, якія б паведамілі пра ўсе рэкамэндацыі аб фізычным дыстанцыянаваньні, не ўдалося.

Так ужо было

Пасьля прэс-канфэрэнцыі місіі WHO 11 красавіка дзяржаўная тэлевізія таксама паказала ня ўсё, што там казалі пра Беларусь: напрыклад, не згадалі пра рэкамэндацыі адносна масавых мерапрыемстваў і распаўсюду інфармацыі.

Што казаў Лукашэнка, але не публікавала WHO

Аляксандар Лукашэнка 21 красавіка наведаў бабруйскае прадпрыемства «Славянка». Там ён выказаў сваё стаўленьне да рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя/

«Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра WHO. — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час. Як спэцыялісты яны кажуць: улада ня хлусіць. Усё як ёсьць, так і кажуць».

Пры тым WHO ня раіла (прынамсі, публічна) уводзіць у Беларусі камэнданцкі час або поўную ізаляцыю грамадзянаў — толькі ўзмацніць сацыяльнае дыстанцыянаваньне, скараціць неабавязковыя кантакты, перавесьці адукацыю на дыстанцыйны рэжым, а таксама ладзіць празрыстую і зразумелую камунікацыю з насельніцтвам.

Што яшчэ сказаў Лукашэнка ў той дзень:

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG