Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра каранавірус: «Усе хочуць укусіць Лукашэнку, Беларусь»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 21 красавіка наведаў бабруйскае прадпрыемства «Славянка». Там ён выказаў упэўненасьць у тым, што сусьветная эканоміка «вернецца да працы цягам месяца».

«Эўропа пачала адкрывацца»

«Нягледзячы на сьмяротнасьць 400-600 чалавек на дзень, Эўропа пачала акрывацца, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Цягам месяца, я ўпэўнены, сусьветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расеі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць».

У найбуйнейшых краінах Эўропы сапраўды ў апошнія дні фіксуюць прыблізна 400–600 сьмерцяў ад COVID-19 за дзень. Пашырэньне вірусу працягваецца, але шмат дзе запавольваецца. Колькасьць «актыўных выпадкаў» расьце ў шмат якіх краінах, але іх рост спыніўся ў Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне і некаторых іншых.

У Беларусі колькасьць «актыўных выпадкаў» працягвае расьці, на дзень фіксуюць каля 500 новых выпадкаў і некалькі сьмерцяў. Паводле афіцыйных зьвестак на 20 красавіка, у Беларусі зафіксавалі 6264 выпадкі COVID-19 і прызналі 51 сьмерць ад каранавірусу.

Эўрапейскія грошы — на «мадэрнізацыю» аховы здароўя

Паводле Лукашэнкі, Эўропа дапаможа Беларусі фінансамі, грошы пойдуць не толькі на барацьбу з каранавірусам, а і на «мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя».

«Нам вельмі моцна падставіць плячо Эўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды — менавіта пад ахову здароўя, — казаў ён. — Я хачу, каб мы, карыстаючыся момантам, убачылі слабыя месцы ў нашай ахове здароўя і падцягнулі яе».

Паводле Лукашэнкі, «самае галоўнае — мы павінны падцягнуць інфэкцыёнкі». Інфэкцыйныя лякарні ў Беларусі, казаў ён, «уратавалі, захавалі», а калі б іх не было, «мы б мелі тое, што сёньня маюць у Заходняй Эўропе».

«Усе хочуць укусіць Лукашэнку»

«Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай, — паўтарыў сваю звычайную тэзу Лукашэнка. — Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь — яны выбіліся з шыхту. Дык ня трэба зьдзіўляцца.

Усё гэта таму, што мы захавалі сыстэму і прывялі яе ў парадак. І так здарылася, што мы больш-менш апынуліся гатовыя да гэтай заразы, і ня толькі да яе».

Лукашэнка працягвае сьцьвярджаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, хоць сьмерці менавіта ад COVID-19 прызнаюць і ў сьвеце, і ў Беларусі. Ад каранавірусу паміраюць у тым ліку тыя людзі, якія ў іншым выпадку працягвалі б жыць, нягледзячы на іхныя хранічныя хваробы.

«Зь мяне ў сьвеце ўсё жартуюць, асабліва ў Расеі, нібы больш няма пра што гаварыць, усе сталі вялікія, вось Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр, — заўважыў Лукашэнка. — Яшчэ раз паўтараю: ад каранавірусу нават у вас у Магілёўскай вобласьці ніхто не памёр. Усе паміраюць ад хранічных хваробаў, а любы вірус ж б’е па слабых, у каго імунітэту няма. Вось што я меў на ўвазе».

«Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць​»

Лукашэнка адказаў на крытыку тым, хто папракаў яго ў перакладваньні адказнасьці на бацькоў у сувязі з адсутнасьцю карантыну ва ўстановах адукацыі і аднаўленьнем заняткаў у школе пасьля працягу вакацыяў:

«Я назіраю рэакцыю людзей, — казаў ён. — Людзі розныя. Апазыцыянэры пачалі папісваць у асобных там Telegram-каналах, жоўтай прэсе: вось, Лукашэнка там „адказнасьць пераклаў“ на бацькоў. Слухайце, ну дзікунства поўнае.

Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасьць. Я на сябе ўвесь гэты цяжар усклаў. Хаця многія кажуць, вось, прэзыдэнцкія выбары... Ды ня трэба наперадзе каня бегчы!

Я ж прэзыдэнт, пакуль я за гэта адказваю. Ускладзі я адказнасьць, не ўскладзі, вы ж усё роўна зь мяне спытайце. Такая практыка ў нас ужо ў краіне. Хто вінаваты, не вінаваты — прэзыдэнт. Таму я займаюся гэтымі пытаньнямі.

Я сумленна і адкрыта сказаў, што я катэгарычна супраць падаўжэньня вакацыяў. Вывучылі думкі, хочуць на тыдзень падоўжыць. Добра, я працягнуў. Але сказаў, што я катэгарычна супраць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG