Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку. На сустрэчы прысутнічаў і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

На нарадзе Лукашэнка стаў разважаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».

На самой справе і ў Беларусі, і ў астатнім сьвеце фіксуюць сьмерці, выкліканыя каранавіруснай інфэкцыяй. Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыць, што код U07.1 COVID-19​ выкарыстоўваецца для сьмерці ў выпадку дакладна ідэнтыфікаванага вірусу, а код U07.2 COVID-19​ — калі лябараторнае пацьверджаньне непераканаўчае альбо яго няма.​

«Хай нават не перажываюць, ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, зыходзячы з аналізу ня толькі мінулых гадоў. У нас ужо досьвед гэтага году ёсьць. І, зыходзячы з досьведу нашага, кітайскага, амэрыканскага, эўрапейскага працяканьня гэтых хваробаў, мы бачым, як працаваць.

Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей. Таму мы за кожнага чалавека будзем не змагацца, а біцца. І калі гэты чалавек не апусьціў рукі, ён абавязкова выздаравее».

Якія «камбінацыі лекаў» маюцца на ўвазе, незразумела. Сусьветная арганізацыя здароўя на момант публікацыі заяўляе, што не вядома ніякіх лекаў, якія б маглі прадухіліць або вылекаваць COVID-19. Хворым могуць хіба здымаць сымптомы.

Таксама Лукашэнка сьцьвярджаў, нібы ў Беларусі «практычна зьвялі да мінімуму» выпадкі вострых рэсьпіраторных вірусных інфэкцыяў (ВРВІ), а «пнэўманіі ў час падзеньня ВРВІ заўсёды павялічваліся».

Але «цяпер у 2,5 раза зьнізілася» колькасьць выпадкаў пнэўманіяў у Віцебскай вобласьці і Менску, заявіў Лукашэнка. Менавіта там, як раней паведамляла Мінздароўя, фіксавалі асноўную частку выпадкаў COVID-19 — хваробы, якая выклікае якраз пнэўманію.

«Нам трэба гэты тыдзень напружыцца, што б там ні было, — рэзюмаваў Лукашэнка. — Не таму, што ў нас катастрофа. Дзякуй богу, у нас яе няма. У нас няма лявінападобнага нарастаньня хваробаў. І гэта дзякуючы лекарам і людзям».

Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік «па выніках нарады пацьвердзіў», як піша БелТА, што агулам па краіне адбываецца зьніжэньне колькасьці выпадкаў ВРВІ і пацыентаў з дыягназам «пнэўманія».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG