Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коды U07.1 і U07.2. Як робяць мэдыцынскія заключэньні пра сьмерць ад СOVID-19 у ЭЗ і Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як афармляюцца мэдыцынскія заключэньні пра сьмерць ад каранавіруснай інфэкцыі? Якая інфармацыя можа агучвацца, а што зьяўляецца мэдыцынскай тайнай? Тлумачаць інфэкцыяністкі Кацярына Гашкава з Чэхіі і Іна Германенка з Швэцыі.

31 сакавіка, калі стала вядома пра сьмерць ад COVID-19 актора Віктара Дашкевіча, у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Людміла Кавалёва абнародавала наступныя факты:

  • Віктар Дашкевіч паступіў у лякарню 24 сакавіка з дыягназам «двухбаковая пнэўманія»;
  • падчас лячэньня яму зрабілі тэст на новы каранавірус, які даў станоўчы вынік;
  • ён кантактаваў з «патэнцыйнай крыніцай» COVID-19 на рэпэтыцыі, гэта быў «грамадзянін з замежжа»;
  • Дашкевіч меў «спадарожныя захворваньні»: хранічную абструкцыйную хваробу лёгкага ў цяжкім цячэньні, эмфізэму, пнэўмасклероз, дыхальную недастатковасьць 2-й ступені, хранічнае лёгачнае сэрца, хранічную недастатковасьць кровазвароту;
  • гэтыя захворваньні прывялі да дыхальнай недастатковасьці, а тое, што быў станоўчы тэст на каранавірус, толькі «таксама ўскладніла цячэньне асноўнага захворваньня»;
  • родзічы памерлага цяпер знаходзяцца дома, у іх каранавірусу ня выявілі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У даведцы аб сьмерці Дашкевіча ня згадвалася каранавірусная інфэкцыя, прычына сьмерці — «неўдакладненая пнэўманія». Як выглядае мэдыцынскае заключэньне, можна пабачыць, зайшоўшы па спасылцы на публікацыю Радыё Радыя.

А так выглядае мэдычнае заключэньне трэцяй ахвяры каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі.

Пасьведчаньне аб сьмерці, дзе ў прычынах сьмерці ўказваецца COVID-19
Пасьведчаньне аб сьмерці, дзе ў прычынах сьмерці ўказваецца COVID-19

А як гэта робіцца падчас пандэміі ў краінах Эўразьвязу?


«Гэта сьмерці, выкліканыя каранавіруснай інфэкцыяй»

Кацярына Гашкава
Кацярына Гашкава

Інфэкцыяністка Кацярына Гашкава лечыць хворых на COVID-19 у інфэкцыйным аддзяленьні шпіталя ва Усьці-над-Лабай у Чэхіі. У іхным шпіталі ад COVID-19 памёр адзін пацыент — пажылы мужчына з анкалёгіяй. Доктарка тлумачыць, як робіцца мэдыцынскае заключэньне і што зьяўляецца мэдыцынскай тайнай:

— У Чэхіі афіцыйна паведамляецца, што гэта сьмерці, выкліканыя каранавіруснай інфэкцыяй. Імёны пацыентаў не абнародуюцца. Паведамляецца абавязкова ўзрост, пол, адкуль пацыент і дзе памёр. Паводле зьвестак на раніцу 3 красавіка, каранавірусная інфэкцыя забрала жыцьці 46 чалавек у Чэхіі. Памерлыя ад COVID-19 у Чэхіі — пераважна пажылыя і старыя людзі альбо людзі, якая мелі іншыя цяжкія хваробы.

Ёсьць міжнародная клясыфікацыя хваробаў, паводле якой мы прастаўляем коды на кожную. Афіцыйна фіксуецца, што гэта сьмерць, выкліканая каранавірусам. Спачатку мы ставім код (у нас ён аўтаматычна генэруецца), а потым расшыфроўваем і прапісваем іншыя хваробы пацыента.

Кацярына спэцыяльна для Свабоды дала ўзор мэдыцынскага заключэньня, як гэта робяць у Чэхіі ў апісаньні хваробы і прычынаў сьмерці. Яна падкрэсьлівае, што гэта не мэдыцынскае заключэньне аб канкрэтным пацыенце, а толькі ўзор, паколькі зьвесткі пра канкрэтнага пацэнта ёсьць мэдыцынскай тайнай.

A41. 8, J18.0, U07.1 — Bilaterální pneumonie s septickým průběhem, obraz ARDS dle rentgenu, v stěru z nosohltanu PCR prokázán COVID-19 J96.0 — Akutní respirační selhání, s nutnosti umělé plicní ventilace v pronační poloze I46 — srdeční zástava, kardiopulmonální resuscitace vzhledem ke komorbiditám a věku nezahájena C61 — Carcinom prostaty s celotělovou generalizaci I25.9 — Chronická ischemická choroba srdeční, stav po infarktu myokardu v 2011, Ejekční frakce 35% dle ECHO z zaří 2019. E11.8 — Diabetes mellitus, diabetická nefropatie I10 — hypertenze na léčbě R54 — stáří.

  • A41. 8, J18.0, U07.1 — двухбаковая пнэўманія з сэптычным цячэньнем, карціна ARDS паводле рэнтгенаўскага здымка, у мазку з насаглоткі PCR выяўлены COVID-19.
  • J96.0 — вострая рэсьпіраторная недастатковасьць зь неабходнасьцю штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, лежачы на жываце.
  • I46 — спыненьне сэрца, кардыяпульманальную рэанімацыю не зрабілі з увагі на спадарожныя хваробы і ўзрост.
  • C61 — рак прастаты з генэралізацыяй на ўсё цела.
  • I25.9 — хранічная ішэмічная хвароба сэрца, стан пасьля інфаркту міякарду ў 2011-м. Фракцыя выкіду 35% паводле ECHO зь верасьня 2019-га.
  • E11.8 —цукровы дыябэт, дыябэтычная нэфрапатыя.
  • I10 — гіпэртанія на лячэньні.
  • R54 — старасьць.
  • ARDS (Acute respiratory distress syndrome, востры рэсьпіраторны дыстрэс-сындром).
  • PCR (Polymerase chain reaction, полімэразная ланцуговая рэакцыя).
  • ECHO (эхакардыяграфічнае дасьледаваньне).

«Для пнэўманіі існуе каля 70 дыягназаў і, адпаведна, кодаў»

Іна Германена
Іна Германена

Былая прарэктарка Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту і загадчыца катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту, кандыдат мэдыцынскіх навук, дацэнт Іна Германенка, якая 7 апошніх гадоў жыве і працуе ў Швэцыі, наступным чынам апісала швэдзкую практыку:

— У сьвеце ёсьць Міжнародная клясыфікацыя хваробаў. Кожнай з хваробаў прысвоены пэўны код, якім апэруюць лекары. Для пнэўманіі існуе каля 70 дыягназаў і, адпаведна, кодаў. Для хваробы COVID-19 там ужо ёсьць тры коды. Вось іх і пішуць лекары ў заключэньнях аб сьмерці. У Швэцыі падману няма. Лекары адкрыта гавораць і пішуць, што чалавек памёр ад хваробы, асацыяванай з COVID-19.

Што да іншых краінаў ЭЗ, то, напрыклад, у Польшчы Нацыянальны інстытут аховы здароўя выдаў рэкамэндацыі аб вызначэньні прычын сьмерці, зьвязаных з эпідэміяй. Ён рэкамэндуе, каб інфэкцыйным захворваньням аддавалася перавага перад неінфэкцыйнымі. Інстытут рэкамэндуе лекарам увесьці новы код U07.1 ці U07.2, створаны Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя, у пасьведчаньні аб сьмерці.

На сайце Сусьветнай арганізацыі здароўя пра новыя коды тлумачыцца наступнае:

  • ICD-10 код «U07.1 COVID-19, вірус ідэнтыфікаваны» прызначаны для дыягназу хваробы COVID-19, пацьверджанай лябараторным дасьледаваньнем.
  • ICD-10 код «U07.2 COVID-19, вірус не ідэнтыфікаваны» прызначаны для клінічнага або эпідэміялягічнага дыягназу COVID-19, калі лябараторнае пацьверджаньне зьяўляецца непераканаўчым альбо адсутнічае.
  • І U07.1, і U07.2 могуць быць выкарыстаныя для кадаваньня сьмяротнасьці ў якасьці прычыны сьмерці.
  • ICD-11 — кодам для пацьверджанага дыягназу COVID-19 зьяўляецца RA01.0, а кодам клінічнага дыягназу (падазрэньне або імавернасьць) COVID-19 зьяўляецца RA01.1.

Алена Богдан: Цяпер адназначна будзе пісацца каранавірус

Ці выкарыстоўваюцца ў афармленьні мэдычнага заключэньне пра сьмерць праз COVID-19 коды, прапанаваная Сусьветнай арганізацыяй здароўя U07.1 і U07.2?

Як заявіла 3 красавіка на прэсавай канфэрэнцыі намесьніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан, «у нас выпрацаваны сумесна са статыстычным камітэтам па рэкамэндацыям САЗ асобны нарматыўны акт па кадзіроўцы хваробаў і адпаведна любых вынікаў, зьвязаных з COVID-19».

Паводле Алены Богдан, ад САЗ толькі 2 красавіка прыйшла інфармацыя пра коды ў рэгіянальнае бюро, таму ў выпадку з Віктарам Дашкевічам, у дыягназе яшчэ ня быў пазначаны COVID-19. Цяпер адназначна будзе пісацца каранавірус, запэўніла Свабоду Алена Богдан.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG