У Азэрбайджане з 5 красавіка становіцца больш жорсткім рэжым карантыну з прычыны пандэміі. Выходзіць на вуліцу можна будзе толькі пасьля адпраўкі SMS-паведамленьня з мэтай выхаду. Паведамленьні трэба будзе адпраўляць у апэратыўны штаб пры ўрадзе краіны.
Паведамленьні будуць адпраўляцца на бясплатны нумар 8103. Улады дазваляюць выходзіць толькі з трох прычынаў:
- візыт да лекара;
- купля прадуктаў ці лекаў, візыт у банк ці на пошту;
- пахаваньне блізкага сваяка;
На візыт да лекараў адводзіцца 2 гадзіны, перасоўвацца можна ў межах раёну і гораду, дазвол на куплю харчоў таксама даецца на 2 гадзіны, але яго можна атрымліваць толькі раз на дзень.
У адказ чалавеку павінна прыйсьці SMS-паведамленьне, у якім будзе паказаны час, на працягу якога ён можа пакінуць дом. Пакуль такое паведамленьне не атрымана, выходзіць з кватэры нельга: за гэта будуць штрафаваць. Паведамленьне таксама будзе зарэгістраванае на пляншэтах, якія будуць у супрацоўнікаў паліцыі.
Без адпраўкі SMS — на падставе службовага пасьведчаньня — з дому змогуць выходзіць чальцы кіраўніцтва краіны, дэпутаты парлямэнту, некаторыя катэгорыі службоўцаў дзяржаўнай адміністрацыі, журналісты.