Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар расказвае, як Ізраіль перажывае пандэмію каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота. Ізраільскі мэдык робіць тэст на каранавірус
Ілюстрацыйнае фота. Ізраільскі мэдык робіць тэст на каранавірус

Штраф за парушэньне карантыну, лекары ідуць дадаткова працаваць валянтэрамі, а зь лёгкай формай каранавірусу хварэюць дома. Свабода распытала лекара з Ізраілю Натана Цімкіна, як там змагаюцца з пандэміяй.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Натан Цімкін, спэцыяліст па ўнутраных хваробах, працуе сямейным лекарам у Ізраілі, дзе цяпер увялі карантын і робяць штодзень да 6 тысячы тэстаў на каранавірус. Захварэлі ў Ізраілі агулам 6211 чалавек. Трыццаць памерлі.

— Якія абмежавальныя захады цяпер існуюць для людзей у Ізраілі?

— На сёньня ў нас карантын, краіна закрытая, апроч рэдкіх палётаў, калі забіраюць нашых грамадзянаў зь іншых краін. Апроч усіх неабходных для жыцьцядзейнасьці сфэраў, нічога не працуе. Людзі мусяць знаходзіцца дома, могуць выйсьці ў аптэку ці ў краму. Дазволена выйсьці прагуляцца не далей як за 100 мэтраў ад дому.

Сьпярша гэта было дэкляратыўна, але цяпер у гарадах стаіць паліцыя, цябе могуць спыніць і праверыць дакумэнты, чаму ты некуды ідзеш і зь якой мэтай. Я пакуль не пападаўся, але маю жонку, якая працуе мэдсястрой у Тэль-Авіве, ужо спынялі, яны паказалі дакумэнты, іх адразу адпусьцілі. Але людзям, якія не выконваюць карантын, могуць даць штраф да 500 шэкеляў (каля 125 эўра).

Многія прадпрыемствы, дзяржаўныя органы, міністэрствы працуюць дыстанцыйна. Зачыненыя ўсе кавярні, клюбы, рэстарацыі.

На пахаваньнях можна прысутнічаць толькі бліжэйшым родзічам.

«Зь лёгкай формай каранавірусу людзі хварэюць дома»

— У вас як у лекара стала больш працы?

— Цяпер нават ёсьць зьніжэньне, бо многія пацыенты вырашаюць, што іхнія праблемы не тэрміновыя, яны баяцца выйсьці з дому і не прыходзяць да лекара, апроч нейкіх вострых праблем. Апроч фізычнага кантакту, калі да нас прыходзяць на агляд, ёсьць электронная сыстэма камунікацыі і тэлефонная.

Крывая захворваньня хоць і запавольваецца, але ідзе ўверх. Мы чакаем, што бліжэйшым часам у буйных гарадах будуць адкрытыя невялікія аддзяленьні для хворых на каранавірус у лёгкай форме, бо 80% людзей пераносяць вірус досыць лёгка, але ім патрэбны карантын і назіраньне. На сёньня гэтае назіраньне ёсьць у трох формах: шпіталізацыя для тых, у каго хвароба праходзіць у цяжкай ці сярэдняй форме, або ізаляцыя дома, або шпіталізацыя ў асобных аддзяленьнях, якраз якія дадаткова будуць адкрывацца.

Лекары там будуць працаваць добраахвотна, дадаткова да сваіх абавязкаў. І я, і мая жонка запісаліся добраахвотнікамі ў такое аддзяленьне. Там будзе 6-гадзінная зьмена.

Але там трэба яшчэ апрануцца ў адмысловую вопратку — гэта такі касьцюм, які выглядае як скафандар.

Да тых, хто хварэе дома, цяпер пасылаюць кур’ераў, яны прывозяць пэўныя мэдычныя прыборы. Напрыклад, прыбор, які вымярае напаўняльнасьць крыві кіслародам. Гэта паказчык таго, як працуюць нашы лёгкія, так можна адсачыць, калі пацыент пяройдзе зь лёгкай на сярэднюю форму цяжкасьці хваробы. Тады пацыента трэба шпіталізаваць. Два разы на дзень з такімі пацыентамі зьвязваецца мэдсястра, і адзін раз на дзень — доктар. Гэта таксама дазваляе высьветліць, ці ня трэба яму шпіталізацыя.

«З пацыентамі — дыстанцыя ў два мэтры»

— А якія меры абароны вы як лекар маеце цяпер?

— Мы загадзя высьвятляем, якія пацыенты да нас зьбіраюцца, наколькі важны для іх фізычны візыт, ці можна вырашыць праблему праз тэлефон. З пацыентамі, якіх мы прымаем, — трымаем дыстанцыю ў два мэтры. Намагаемся зьнізіць агляд горла ці насаглоткі — толькі калі гэта неабходна.

Пацыенты прыходзяць у масках. Калі маскі няма, яе выдаюць. Мы ўвесь час працуем у масках і ў пальчатках, таксама надзяём зьверху яшчэ адзін халат. У нас ёсьць плястыкавыя шчыткі — нешта сярэдняе паміж люстэркам у лор-лекараў і хакейным забралам.

Ізраіль: жанчына ў масцы на вуліцы, ілюстрацыйнае фота
Ізраіль: жанчына ў масцы на вуліцы, ілюстрацыйнае фота

— Каго ў Ізраілі тэстуюць на каранавірус?

— Ёсьць альгарытмы, па якіх вырашаецца, ці трэба рабіць тэст таму ці іншаму чалавеку. На сёньня мы робім да 6 тысяч такіх праверак у дзень, хочуць дайсьці да 30 тысяч. Ёсьць групы, якім трэба пастаянныя праверкі: лекары, жыхары дамоў састарэлых, людзі, якія вяртаюцца з-за мяжы. Тым, хто захварэў, робяць тры праверкі мінімум: першая, якая пацьвярджае захворваньне, і яшчэ дзьве, якія павінны быць нэгатыўныя, каб пацьвердзіць, што яны выздаравелі.

На жаль, рана ўзяты тэст можа быць ілжэадмоўны. У мяне ўжо ёсьць такія пацыенты, у каго першы тэст быў адмоўны, а пасьля быў станоўчы. Але ахоп тэставаньня будзе ўсё шырэйшы.

«Падрабязная статыстыка агучваецца раз на суткі»

— Як часта паведамляецца статыстыка па тых, хто захварэў?

— Большасьць дадзеных абнаўляецца раз на суткі, у навінах а 20-й вечара. Усе даюць падрабязныя статыстычныя дадзеныя: колькі агулам тых, хто захварэў, колькі новых, колькі цяжкіх хворых, колькі сярэдняй цяжкасьці, колькі, на жаль, загінулі. Ёсьць выпадкі, якія паведамляюцца адразу праз сацыяльныя сеткі і ў дзяржаўныя СМІ.

— Ці ня плодзяцца фэйкі вакол эпідэміі?

— Ёсьць тыя, хто пачынае ўсім даказваць кансьпіралягічныя тэорыі, што эпідэміі няма, што ўсё выдумана карпарацыямі. Іншыя кажуць, што не паведамляецца поўная праўда, што ўсе ў сьмяротнай небясьпецы. Але і тое, і другое ня так. 80-90% могуць перахварэць лёгка, а некаторыя не заўважаць нават гэтага. Але ёсьць некалькі груп, для каго гэтая хвароба можа стаць сьмяротнай. Гэта ня толькі старыя, а яшчэ тыя, у каго ёсьць хранічныя захворваньні імуннай сыстэмы.

Апроч іншага, мы бачым, што не абавязкова толькі старыя хварэюць. Мы бачым і маладых людзей, і сярэдняга ўзросту, і дзяцей, якія хварэюць на каранавірус.

Ізраільская паліцыя ў масках змушае выконваць патрабаваньні карантыну артадаксальнага верніка, ілюстрацыйнае фота
Ізраільская паліцыя ў масках змушае выконваць патрабаваньні карантыну артадаксальнага верніка, ілюстрацыйнае фота

«Менску варта задумацца пра карантын»

— У Беларусі цяпер адкрытыя межы, працуюць садкі, школы, ніякага карантыну няма. Як вы ацэньваеце такі стан рэчаў?

— Я разумею, што карантынныя захады б’юць па эканоміцы. Але, зыходзячы з прынцыпаў чалавекалюбства, карантын трэба было б уводзіць. Менск — ня самы вялікі турыстычны цэнтар, які наведваюць мільёны чалавек, але гэта буйны горад, зь вялікай колькасьцю кантактаў паміж людзьмі. Трэба было б усур’ёз абдумаць гэтае пытаньне.

У Маскве, Санкт-Пецярбургу колькасьць хворых і памерлых пачынае расьці. У мяне ёсьць унутранае адчуваньне, што расьці гэтая колькасьць будзе як лявіна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG