Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскую лекарку, яка напісала пост пра сытуацыю з COVID-19, выклікалі ў пракуратуру. Яна і там заклікала да карантыну


Лекарка лябараторнай дыягностыкі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай дапамогі Натальля Ларыёнава разьмясьціла «ЎКантакце» пост, у якім заявіла, што ў Віцебску ў сувязі з пандэміяй каранавірусу «сытуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю». Яе начальства паабяцала Tut.by, што лекарку не пакараюць. Але жанчыну выклікалі ў пракуратуру.

Што напісала Ларыёнава

Натальля Ларыёнава пісала, што «мэдыкі неўзабаве ня будуць спраўляцца з наплывам хворых» і што «шмат лекараў знаходзяцца ў лякарнях з запаленьнем лёгкіх», а «лічбы, што падаюць у Сусьветную арганізацыю здароўя, абсалютна мітычныя». Яна таксама распаўсюдзіла ранейшы зварот лекара Аляксандра Лобана.

Пазьней Ларыёнава расказала «Народным навінам Віцебска», што яе пост выкліканы «страхам за калегаў і жыхароў краіны», і спытала, «калі захварэюць усе лекары, хто будзе лячыць людзей?»

Пазыцыя кіраўніцтва

Намесьнік галоўнага доктара Віцебскай лякарні хуткай дапамогі Аляксандар Віньнікаў пацьвердзіў Tut.by, што Ларыёнава сапраўды працуе там, але заявіў, што непасрэдна з пацыентамі яна не працуе і ня лечыць пацыентаў з пнэўманіяй, а займаецца аналізамі крыві і мачы, біяхімічнымі аналізамі. Ён адзначыў, што «яна добры спэцыяліст».

Ён таксама сказаў, што пазыцыя Ларыёнавай — «пазыцыя не калектыву БСМП, ня лекараў БСМП, а толькі прыватная думка гэтай супрацоўніцы». Віньнікаў паабяцаў, што за гэтую пазыцыю супраць Ларыёнавай ня будуць «прымаць меры».

«А за што? Навошта нам пладзіць пакутнікаў? — казаў Віньнікаў. — Каб народ абураўся: вось яе пакаралі. Працоўную дысцыпліну спэцыялістка не парушае. А тое, што яна выказвае ў інтэрнэце свае эмоцыі, перажываньні — гэта ейнае права».

Што сказалі ў пракуратуры

2 красавіка Ларыёнава расказала Tut.by, што 1 красавіка яе выклікалі ў абласную пракуратуру «для дачы тлумачэньняў па публікацыі». Яна атрымала пазоў, і ў той жа дзень яе прывезьлі ў пракуратуру.

«Размаўлялі вельмі ветліва, годна, — расказала яна пра пракуратуру. — У мяне пыталіся, ці мая гэта старонка ў сацсетцы, ці я пісала гэты пост. Мае паказаньні запісалі на відэа і пісьмова».

Ларыёнава кажа, у яе пыталі, адкуль яна брала інфармацыю — яна адказала, што з размоваў з калегамі-мэдыкамі, а таксама зь ведаў, атрыманых у мэдінстытуце, дзе вывучаюць і эпідэміялёгію.

«Усе мэдыкі рэальна ацэньваюць цяпер сытуацыю, але маўчаць, ня ведаю, чаму, — кажа яна. — У пракуратуры ў мяне спыталі, колькі чалавек хварэюць. Я адказала, што дакладнай колькасьці ня ведаю. Пацікавіліся і тым, хто хварэў зь лекараў. Назвала іхныя пасады. Пад канец размовы спыталі, якія захады, на маю думку, трэба ўвесьці. Я сказала: карантын. І патлумачыла, чаму».

Лекарка кажа, што не баіцца рабіць такія заявы, бо «калі ты стаіш перад абліччам магчымай сьмерці, ужо нічога ня страшна».

Пазыцыя Лукашэнкі

Сытуацыю ў Віцебску камэнтаваў і Аляксандар Лукашэнка:

«Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не, — сказаў 31 сакавіка Лукашэнка пра распаўсюд там каранавірусу. — Проста Віцебская вобласьць у нас заўсёды і кліматам іншая, і троху зрушыўся гэты пік захворваньня. Сёньня там працуе міністар аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спэцыялістаў, каб яны зьвярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы».

У Беларусі тым часам перасталі паведамляць дакладную агульную колькасьць выпадкаў COVID-19. Па стане на 1 красавіка Мінздароўя прызнала 2 сьмерці пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй, яшчэ 157 пацыентаў «на лячэньні і пад назіраньнем мэдыкаў». Па стане на 30 красавіка яшчэ 47 былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», за два дні выпісалі пасьля гэтага 11 пацыентаў.​

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG